Агляд падзей у раённай газеце за снежань 1970 года

Культура

А СУДДЗI ХТО?

 Адбыліся выбары народнага суддзі і народных засядацеляў народнага суда.

За кандыдата ў народныя суддзі пададзена 100% галасоў.

Народным суддзёй раённага народнага суда выбраны таварыш Сяргей Уладзіміравіч Несцярэўскі, 1941 года нараджэння, беларус, беспартыйны, адукацыя вышэйшая юрыдычная, раней працаваў таксама народным суддзёй.

У ліку выбраных народных засядацеляў: жанчын – 44%, членаў і кандыдатаў у члены КПСС – 46%, беспартыйных – 54%. З агульнай колькасці народных засядацеляў раней выбіралася 74%.

 

 

З ПЛЁННЫМI ЗДАБЫТКАМI СУСТРЭЛI ДЗЕНЬ ЭНЕРГЕТЫКА

 У 1958-1959 гадах пачалася суцэльная электрыфікацыя нашага раёна. І да 50-годдзя Савецкай улады ўсе населеныя пункты, якія налічваюць не менш за 10 двароў, былі электрыфікаваны.

 Да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР на тэрыторыі раёна не было электрычнага святла ні ў адной вёсцы, не было ніводнага спецыяліста-электрыка з тэхнічнай адукацыяй. Зараз для электразабеспячэння спажыўцоў раёна пабудавана 1470 км паветраных ліній.

Нямала добрых энергетыкаў працуе ў калектыве Івянецкага электрасеткавага раёна. Многія з іх заваявалі высокае званне ўдарніка камуністычнай працы. Гэта дзяжурныя аператыўна-выязной брыгады Ч. В. Паплаўскі, Н. І. Салавей, электраманцёры па эксплуатацыі І. І. Пашкоўскі, С. Ч. Адамчык, В. І. Буйніцкі, Р. А. Пашкоўскі, А. М. Раманчык, І. П. Буйніцкі, дзяжурны аператыўна-дыспетчарскай групы О. Г. Дзербаедаў.

 

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Закончана работа па азеляненні тэрыторыі вакол чыгуначнай станцыі “Валожын”. У час суботнікаў чыгуначнікі пасадзілі тры тысячы дрэў, жывая агароджа працягнулася на даволі вялікую адлегласць.

 Вучні Ракаўскай СШ выступілі з канцэртам перад жыхарамі вёскі Бакачы. Шчыра дзякавалі прысутныя ўдзельніцам вакальнага ансамбля “Тапалёк”. Вучні паказалі ўрывак з п’есы Я. Купалы “Паўлінка”. Галоўныя ролі выканалі Н. Каспарэвіч і І. Багамаз. Хутка самадзейныя артысты прыедуць да працаўнікоў іншых брыгад, пабываюць у суседніх саўгасах “Праца” і “Залескі”.

 Лепш за іншых працавалі ў лістападзе гэтага года кінамеханікі К. С. Кісель, В. А. Мартуновіч, А. Я. Фамінскі, І. К. Селівон, Л. Н. Сяўрук. Яны значна перавыканалі месячнае заданне па валавым зборы сродкаў.

 Таварыства Чырвонага Крыжа аб’ядноўвае ў раёне 26 тысяч членаў, амаль палавіну насельніцтва. Толькі за два гады прачытана 680 лекцый, праведзена больш за 8570 гутарак па актуальных пытаннях медыцынска-санітарных ведаў. Нядаўна старшынёй райкама раённай арганізацыі ТЧК абрана Ж. М. Жывіцкая.

 

 

ЧАЛАВЕК ПРАЦАЙ СЛАВIЦЦА

 Спытайцеся аб перадавіках сельскагаспадарчай вытворчасці ў саўгасе “Праца”, і вам абавязкова ў ліку іншых назавуць імя Вікенція Адамавіча Лукашэвіча, рабочага аддзялення “Ратынцы”.

 Немалады ўжо чалавек, ён сваёй працай заслугоўвае павагу людзей. Сёлетні год – асаблівы для хлебароба. У дні, калі ўся наша краіна адзначала стагоддзе з дня нараджэння У. І. Леніна, на грудзях В. А. Лукашэвіча заззяў юбілейны медаль “За доблесную працу”.

 

 

ЁСЦЬ IДЭI

 Здольныя і таленавітыя людзі, рацыяналізатары і вынаходнікі Івянецкага прамкамбіната нястомна шукаюць новыя спосабы павышэння прадукцыйнасці працы.

Напрыклад, аблягчылася праца рабочых ад прымянення формы-штампа для ганчарных вырабаў. Калі раней за змену выпускалі сто штук, то цяпер – трыста. Эканоміі ад гэтага атрымалі 648 рублёў.

У рацыяналізатарскай рабоце ўдзельнічаюць перадавікі прадпрыемства: механік Часлаў Іосіфавіч Рудовіч, слесар Станіслаў Вікенцьевіч Петрашкевіч, майстар мэблевага цэха Мікалай Іванавіч Базыленка, рабочы Іван Андрэевіч Янушкевіч і іншыя.

 

 

ПАМАЛАДЗЕЛI ВЁСКI

 Сёлета ў Белакорацкім сельсавеце справілі наваселле механік калгаса “Чырвоны партызан” У. В. Кароль, паляводы В. Ф. Пашкоўская, М. Н. Васілеўскі, рабочыя Першамайскага лесапункта С. А. Ланько, М. Г. Карновіч і іншыя – усяго восем сем’яў.

Адрамантаваны дваццаць чатыры дамы. Для гэтай мэты сельвыканкам выдзеліў дзвесце кубічных метраў лесаматэрыялаў, дастатковую колькасць шыферу. У першую чаргу аказваецца дапамога ў будаўніцтве і рамонце жылля сем’ям загінуўшых воінаў і партызан, інвалідам вайны і працы. Газіфікаваны васямнаццаць кватэр.

Пасаджана 720 дэкаратыўных і фруктовых дрэў, 280 кустоў. Жыхары змагаюцца за ўзорны парадак і здаровы быт.

Паспяховасць школьнікаў у мінулым навучальным годзе склала 99,7 працэнта – вышэйшая за сярэдні паказчык па раёне.

Непрымірымую барацьбу з п’янствам, хуліганствам вядзе добраахвотная народная дружына. Аднаму з яе членаў – А. І. Зялкоўскаму прысвоена ганаровае званне “Выдатны дружыннік БССР”.

 

 

IНЖЫНЕР…

ЗА ШКОЛЬНАЙ ПАРТАЙ

 У нашым раёне працуюць тры вячэрнія і адна завочная школы. У апошняй займаюцца чатырыста тры чалавекі.

Сярод іх і брыгадзіры паляводчых брыгад, і рахунковыя работнікі, і загадчыкі ферм, бухгалтары, трактарысты, шафёры.

Людзі спяшаюцца з работы дамоў, а ў школах у гэты час звініць званок, запрашае на заняткі. І бяруць у рукі падручнікі тыя, хто ўдзень працаваў на ферме, у полі, стаяў за станком або за прылаўкам.

Напрыклад, справы завочнікаў, іх вучоба пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі праўлення, партыйнай арганізацыі калгаса “17 верасня”. Школу наведваюць 15 чалавек. Свой агульнаадукацыйны ўзровень павышаюць інжынер А. А. Азарэвіч, брыгадзір паляводчай брыгады М. П. Астаповіч, брыгадзір трактарнай брыгады А. А. Балашка, трактарысты Э. А. Лужынскі, Э. С. Пашкоўскі, тэхнік В. А. Бубневіч, токар Н. І. Лоўчы і інш.

 

 

ЛЕПШАЯ БРЫГАДА

 Старшыня савета Івянецкага міжкалгасбуда І. Казак піша ў рэдакцыю газеты: “Брыгада Івана Більдзюка – адна з перадавых у нашай арганізацыі. Кожны месяц яна дабіваецца добрых вынікаў.

Высокія паказчыкі за дзесяць месяцаў. Даведзенае заданне выканана на 118,2 працэнта. Калектыву ўручаны пераходны Чырвоны вымпел міжкалгасбуда. Сёлета брыгада працавала на ўзвядзенні прыбудовы да Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната. Аб’ект здалі своечасова, з добрай адзнакай выкананай работы. Цяпер будаўнікі рыхтуюць да ўводу лесапільны цэх на вытворчай базе міжкалгасбуда.

У брыгадзе дзесяць рабочых. Кожны з іх працуе з поўнай аддачай сіл. Асаблівай стараннасцю вызначаюцца перадавікі вытворчасці муляры Тадэвуш Мазалеўскі і Антон Княжэвіч. На іх трымае раўненне калектыў у спаборніцтве за датэрміновае выкананне пяцігадовага плана, за дастойную сустрэчу XXIV з’езда КПСС”.

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Нядрэнных паказчыкаў дабіліся сёлета хлебаробы раёна. У сярэднім з кожнага гектара сабрана збожжавых па 18,1 цэнтнера, бульбы – па 135, цукровых буракоў – па 154.

 Павялічваецца асартымент выпускаемай прадукцыі на Івянецкай фабрыцы мастацкай керамікі і вышыўкі. Калі ў пачатку бягучай пяцігодкі было асвоена і ўкаранёна ў вытворчасць 32 віды новых вырабаў, то сёлета за дзесяць месяцаў – 44. Усяго цяпер выпускаецца 188 відаў вырабаў мастацкай керамікі і вышыўкі.

 Калегі павіншавалі Аляксандру Афанасьеўну Шацевіч з узнагароджаннем Граматай аддзела народнай асветы райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навучальных устаноў. Аляксандра Афанасьеўна 14 год на педагагічнай працы, з іх 10 – у Валожынскай школе-інтэрнаце. Тут настаўніца займаецца працоўным навучаннем, праводзіць шмат пазаўрочных заняткаў. Дзякуючы ёй, школьная майстэрня знаходзіцца ў добрым стане, дзяўчынкі старанна авалодваюць швейнай справай.

 Па прафсаюзнай пуцёўцы адправіўся ў Дом адпачынку “Ждановічы” калгаснік калгаса “Камсамолец” Фёдар Антонавіч Жыдовіч. Раней за яго рушыў у дарогу калгасны электрык Сяргей Вікенцьевіч Гецман. Яму прадастаўлена магчымасць правесці водпуск у адным з санаторыяў Адэсы.

 

 

АДНЫМ РАДКОМ

Піянеры Узбалацкай васьмігодкі ўключыліся ў аперацыю “Дары беларускай зямлі”. Яны назапасілі нямала сушаных грыбоў, яблыкаў. Запакаваўшы ў пасылку, адправілі падарунак рабятам далёкай Чукоткі.

Прыемны сюрпрыз падрыхтаваў снежаньскі пераднавагодні дзень аднаму з працаўнікоў калгаса “Чырвоны сцяг” члену паляводчай брыгады Аляксандру Андрэевічу Харуку. Куплены ім латарэйны білет аказаўся шчаслівым. Таварышы па працы павіншавалі Харука з добрым выйгрышам – матацыклам “Іж-Планета”. Гэта будзе ўжо 26 матацыкл ва ўласным карыстанні хлебаробаў гэтага калгаса.

 Чалавек у параднай марской форме – былы выпускнік школы Аляксандр Ігнацьевіч Кароль завітаў у госці да піянераў Узбалацкай васьмігодкі. Пасля заканчэння тэхнікума хлопец, які здаўна марыў аб рамантыцы падарожжаў, звязаў свой лёс з морам. Нядаўна А. Кароль вярнуўся з далёкага плавання, у якім знаходзіўся пяць месяцаў. Цяпер ён працуе на вялікім рыбалавецкім траўлеры “Атлантык”. Іх судна заходзіць у порты Францыі, Англіі.

 

 

КАЛI АДПАЧЫВАЦЬ

ДАЯРКАМ?

 Калгаснік калгаса “1 Мая” І. Бацян у сваім пісьме ў рэдакцыю прасіў дапамагчы разабрацца ў “набалелым” пытанні.

У вёсцы Чартавічы, пісаў ён, знаходзіцца малочнатаварная ферма. Памяшканне новае, механізаваны многія вытворчыя працэсы. Аднак умовы, у якія пастаўлены даяркі, жадаюць шмат лепшага. Ужо паўгода жанчыны не ведаюць выхадных – няма падменнай даяркі. Кармы прыходзіцца насіць на плячах, акрамя таго, трэба дзяжурыць у начны час. Калі ж ім адпачываць?

На гэта пытанне мы папрасілі адказаць старшыню парткама калгаса У. У. Бендзіка. Ён паведаміў, што праўленне калгаса занята вырашэннем пытання па аблягчэнні працы даярак, хутка яны будуць мець выхадныя.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *