Родны сэрцу кут. пералясанка

Культура

(Працяг)

Яму нават кватэру прапаноўвалі ў Валожыне, але ад  мовіўся. Хаця маці вельмі шкадавала.

Добрым дапаўненнем, другой яго палавінкай была мая маці Зінаіда Георгіеўна ў дзявоцтве Кулак – жанчына строгая, справядлівая, мудрая. Нарадзілася яна ў вёсачцы Пытань, за нейкі кіламетр ад Нелюбаў. Яе жыццёвы шлях не быў усыпаны ружамі. Калі пачалася Другая сусветная вайна, то бацьку ў 1939 годзе забралі ў Войска Польскае, і ён прапаў без вестак. Куды яна ні звярталася, куды ні пісала, каб адшукаць якія сляды, магілку, адусюль прыходзіў адмоўны адказ. І толькі пасля 1991 года, калі можна свабодна было перасякаць мяжу, прыехаў стрыечны брат майго бацькі з Англіі і расказаў сумную гісторыю. Што сядзелі разам ў турме ў Казельску, пра Катынь. Яму неяк удалося ўратавацца. А хто сёння не ведае трагедыю Катыні?!

Як ёй, яшчэ зусім маладзенькай, трэба было дапамагаць адбудоўвацца пасля вайны. А так хацелася вучыцца. Яна, круглая выдатніца, марыла стаць настаўніцай. Я захоўваю яе пасведчанне аб заканчэнні сямі класаў Шчаўканаўскай школы з аднымі пяцёркамі.

Праўда, у 1965 годзе яна закончыла шасцімесячныя курсы бухгалтараў у Маладзечне. З таго часу так і працавала бухгалтарам, галоўным бухгалтарам у калгасе “Чырвоны партызан”, кантора якога знаходзілася ў Белакорцы, а пасля ўзбуйнення – калгасе імя Леніна ў Валожыне.

Мае бацькі былі людзі шчырыя, прыязныя, сумленныя, любілі сустракаць гасцей. Дзверы іх дома заўсёды былі адчыненыя для сяброў і знаёмых. Каго толькі ў нас не было!

Доўгі час прыязджаў у госці і папрацаваць вядомы беларускі скульптар Мікалай Кандрацьеў. Помнік Маркаву ў Маладзечне, мемарыяльны комплекс “Загінуўшых чакаюць вечна” аб мірных жыхарах, якіх зажыва спалілі нямецка-фашысцкія акупанты ў мясцовай царкве летам 1943 года ў Дорах, скульптурныя кампазіцыі на Усходніх могілках у Мінску і шмат чаго іншага – яго працы. І сёння ў бацькоўскай хаце вісіць партрэт маці, выкананы пастэллю, стаіць на століку бюст бацькі.

Мне яго жонка надта запомнілася, яна была цікавай, інтэлігентнай жанчынай, працавала акулістам у студэнцкай паліклініцы ў Мінску.

У 1969 годзе, калі ў Белакорцы здымалі ўрыўкі з гісторыка-біяграфічнага фільма “Я, Францыск Скарына”, то ці не ўся здымачная група была ў нас у гасцях. Быў тады і выканаўца галоўнай ролі – Алег Янкоўскі. Праўда, на той час яго імя мне нічога не гаварыла. Дарэчы, гэта адзіны фільм, дзе здымаліся браты Янкоўскія – Алег і Расціслаў. Быў госцем нашым і рэжысёр фільма Барыс Сцяпанаў. Фільм атрымаўся цудоўны, памятаю гэта з тых гадоў, калі глядзела па тэлевізары. Не ведаю толькі, чаму яго больш не паказваюць.

Бацькі мае адносіліся да такога слоя людзей, як сельская інтэлігенцыя. У вольны ад работы час сельсавет і калгас, старшынёй якога на той час быў Віктар Васілеўскі, ладзілі паездкі ў Мінск у тэатры – Купалаўскі, музкамедыі, оперы і балета; цырк. Людзі з задавальненнем сем’ямі ездзілі на розныя пастаноўкі, далучаліся да прыгожага. Мяне таксама заўсёды бралі з сабой. Я да сёння памятаю тую “Паўлінку” Янкі Купалы, “Лявоніху на арбіце” Андрэя Макаёнка, пастаноўку па п’есе Эдмона Растана “Сірано дэ Бержэрак”, балет “Лебядзінае возера” Чайкоўскага, оперу “Яўген Анегін” Пушкіна. Памятаю і адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, “Кургана славы”. А кожны ж год яшчэ наладжваліся святы песні і працы, якія звычайна праходзілі ў Іслачоўцы ці ў Белакорцы каля помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Ладзіліся паездкі і за мяжу, турыстычныя туры для дзяцей на цягніку ў Вільню, Рыгу, Талін. Цікава так жыццё праходзіла.

Бацькі былі людзі набожныя – верылі ў Бога і стараліся выконваць рэлігійныя абрады. Хоць бацька і быў камуністам, але ён ніколі не лёг спаць, каб не перахрысціўся. Памятаю, як маці, калі чыноўнікі і атэісты, выконваючы волю камуністычнага кіраўніцтва тады Савецкага Саюза, павялі сапраўдную вайну супраць храмаў і вернікаў, а гэта было ў 1963 годзе, зняла абраз, загарнула яго ў беленькі ручнічок і схавала ў шафу. Памятаю, як святкаваліся Каляды, як на куццю ставілі на стол 12 страў, а пад настольнік клалі сена. А потым ужо цягнулі травіну і па яе даўжыні меркавалі, як доўга на гэтым свеце пражывеш. Як бацька ездзіў заўсёды свянціць яйкі на Вялікдзень у Вішнева, ён быў каталік і сябраваў з айцом Уладзіславам Чарняўскім, на той час пробашч касцёла.

А як рыхтаваліся да свят, як усё чысцілі і мылі: кожны кут вычышчалі, кожную анучку мылі, знімалі з вокнаў фіранкі, сушылі іх на вуліцы, і тады ў хаце пахла такой свежасцю. А пасля ўжо варылі мяса, каўбасы, пяклі розныя прысмакі, асабліва памятаю хрушчы і пончыкі.

Выгадавалі мае бацькі дваіх дзяцей – сына Антона і мяне. Антон жыве ў Расіі, пад Саратавам. У свой час скончыў інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, працаваў галоўным інжынерам у Сакаўшчыне, пасля пераехаў у Доры, дзе з Сямёнам Шарэцкім вырашылі пабудаваць горад у вёсцы. Яны, праўда, шмат і зрабілі для калгаснікаў. Жыццё ў Дорах кіпела. Нават домік арандавалі на Чорным моры, каб свае людзі маглі адпачыць летам. Ладзіліся рознага кшталту культурныя мерапрыемствы. Дарэчы, Сямён Георгіевіч быў частым госцем у маіх бацькоў, і я добра ведала яго, яго сям’ю.

А потым усё так рэзка распалася.

Карэнным хутаранінам з’яўляецца і мой сын Аляксей Бераснеў. Скончыў Белдзяржуніверсітэт, чатыры гады працаваў у Ірландыі, пяць гадоў – у “Рэгіянальнай газеце” тэхнічным рэдактарам. Жанаты. Мае сына. Выйграў грын-карт і пераехаў з сям’ёй у Злучаныя Штаты. На пакаленнях назіраю дзіўную тэндэнцыю: родны брат маёй маці Толік бярэ сабе ў жонкі дзяўчыну родам з Магілёўшчыны, з Касцюковіцкага раёна, я выходжу замуж за хлопца родам з Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Мой сын пазнаёміўся ў Ірландыі з жанчынай, якая хоць і нарадзілася ў Кеніі, але шмат гадоў пражыла ў Бабруйску, зноў Магілёўская вобласць. Дзіўны ланцужок вырысоўваецца.

Марыя БЕРАСНЕВА

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *