Чалавек працай славiцца

Общество

На мінулым тыдні ў Маладзечне адбылося ўшанаванне заслужаных людзей аграпрамысловага комплексу, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну.

Дэлегацыя нашага раёна складалася з 16 чалавек. Іх урачыста сустрэлі ў Маладзечанскім Палацы культуры, дзе і адбылася афіцыйная частка. Потым усіх сабраных запрасілі ў Лядовы палац. Тут лепшых людзей вобласці чакалі не толькі віншаванні, але і пачастункі.

Самым жа хвалюючым момантам быў той, калі на сцэну падымаліся ветэраны працы. Шмат цёплых слоў сказаў старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра ў адрас нашага земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога загадчыка малочнатаварнай фермы калгаса “17 верасня” Івана Фаміча Радыны, які пад апладысменты прысутных бадзёра паціснуў руку кіраўніку вобласці.

Ганаровую грамату Мінаблвыканкама павезла дадому Аляксандра Андрэеўна Паўлюкевіч з Лоска. У свой час гэта жанчына была і паспяховым аператарам машыннага даення, і лён вырошчвала на зайздрасць усім. Яе працоўныя заслугі адзначылі тады высокай узнагародай – ордэнам Леніна.

Сёння А. А. Паўлюкевіч, І. Ф. Радына, як і іншыя дэлегаты мерапрыемства, не губляюць аптымізму, актыўнай жыццёвай пазіцыі і гатовы дзяліцца сваім вопытам з маладымі.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий