Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

Дабрачынную акцыю “Дары дабро – стань Дзедам Марозам” праводзіць Валожынскі ўнівермаг. На другім паверсе, у аддзеле “Кнігі”, устаноўлена ёлка, на якой развешаны малюнкі выхаванцаў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната.

Любы наведвальнік магазіна можа выбраць малюнак з ёлкі, які яму найбольш спадабаўся, і набыць ва ўнівермагу падарунак для перадачы аўтару твора. 17 юных мастакоў чакаюць вашых падарункаў. Так лёгка зрабіць высакародную справу і на хвілінку адчуць сябе казачным Дзедам Марозам. У спецыяльнай скарбонцы ўжо ёсць два навагоднія падарункі: яны адрасаваны Дашы Валковіч і аўтару малюнка “Анёл-захавальнік”.

 

Ракаўскі сельвыканкам стаў ініцыятарам набыцця спартыўных і дзіцячых гульнявых комплексаў для дашкольных устаноў свайго рэгіёна. На іх закупку з раённага бюджэту выдаткавана 175 мільёнаў 755 тысяч рублёў.

Комплексы выбіралі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з улікам усіх патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Выраблены яны ў пераважнай большасці з дрэва і металу. Практычны ўсе тры дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя комплексы, пясочніцы з накрыўкамі ўжо зманціраваны і ўдачна прапісаліся на тэрыторыі Пугачоўскага, Ракаўскага і Выганіцкага дзіцячых садоў.

 

Педагог сацыяльны Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя Марына Міхайлаўна Аліноўская разам з бібліятэкарам Аленай Уладзіміраўнай Трагубавай падрыхтавалі і правялі з навучэнцамі першага курса прававы турнір.

Яго мэтай была праверка ведання Канвенцыі аб правах дзіцяці, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прававых аспектаў жыцця, якія напрамую тычацца падлеткаў. Напрыклад, веданне, з якога ўзросту наступае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

У турніры спрачаліся між сабой каманды “Трактарыст” і “Прававед”, у кожнай было па 10 удзельнікаў-юнакоў. Падчас спаборніцтваў знаўцам давялося адказаць на 35 пытанняў. У першым турніры – на пытанні пра здаровы лад жыцця, другі этап быў турнірам-практыкумам, у трэцім патрабавалася прадэманстраваць веданне некаторых законаў. Адбыўся яшчэ конкурс капітанаў. У “дуэлі” паміж Мікалаем Сузаноўскім і Іллёй Загорскім перамагла дружба. А вось непасрэдна ў турніры перамогу святкавала каманда “Прававед”.

 

У рамках рэарганізацыі ваенных камісарыятаў, як ужо паведамлялася ў нашай газеце, адбылося скарачэнне штату работнікаў Валожынскага ваенкамата. У выніку вызваліліся некалькі службовых кабінетаў.

У гэтыя дні туды пераязджае раённы архіў, які да гэтага размяшчаўся ў падвальных памяшканнях будынка Валожынскага сельвыканкама. Некалькі кабінетаў яшчэ здаюцца ў арэнду.

 

Каб навагоднія і перадсвяточныя масавыя мерапрыемствы прайшлі без непажаданых здарэнняў, варта памятаць пра бяспеку. З мэтай папярэджвання надзвычайных сітуацый з 7 снежня стартавала рэспубліканская акцыя “Бяспечны Новы год!”, якая працягнецца да 30 снежня і пройдзе ў 4 этапы.

У рамках першага этапу супрацоўнікі РАНС наведалі санаторыі, што размешчаны на тэрыторыі раёна. Другі этап – з 14 па 20 снежня – пройдзе ва ўстановах адукацыі і інтэрнатах. Выратавальнікі правядуць там прафілактычныя гутаркі па асновах бяспечнай жыццядзейнасці, тэматычныя конкурсы і віктарыны. З 21 па 30 снежня ў месцах продажу піратэхнічных вырабаў напомняць аб правілах карыстання імі. Літаральна напярэдадні Новага года, 29-30 снежня, адбудзецца заключны этап. Будуць выкарыстаны месцы масавага знаходжання людзей – вакзалы, пункты грамадскага харчавання, адкрытыя пляцоўкі, рынкі. Удзельнікі акцыі яшчэ раз напомняць асноўныя правілы пажарнай бяспекі, якія варта выконваць не толькі ў святочныя дні.

 

У Інтэрнэце змешчана паведамленне, што з 10 снежня Інтэрнэт-гіпермаркет “Е-дастаўка” здзяйсняе дастаўку прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў у Валожыне па адрасе, указаным пакупніком пры афармленні заказу.

Мінімальная сума заказу – 250 тысяч рублёў. Хутка! Выгадна! Зручна! Праўда, не ўказана, па якіх тэлефонах можна афармляць заяўкі і дзе знайсці прайс-ліст з указаннем тавараў.



Добавить комментарий