Запрашаем у падарожжа..

Культура

    Наш раён зачаруе сваёй прыродай, гісторыяй і ветлівасцю ўсіх, хто пажадае пабываць тут. Кожны падарожнік зразумее, што нават самы маленькі куточак гэтага краю па-свойму чароўны і непаўторны.

     Сёння мы запрашаем у падарожжа па маршруту Валожын-Вішнева, які пройдзе праз утульныя вёскі з незвычайнымі легендамі і помнікамі гісторыі.

    Вёска Сакаўшчына здаўна стаяла на гасцінцы Валожын-Ліда і Валожын-Вільня. Некалі гэта быў вельмі ажыўлены шлях. Вёска і цяпер стаіць на тым жа месцы, але ад Мінска да Ліды і Вільні праклалі новыя, больш дасканалыя і эканамічныя магістралі, абмінуўшы далёка Сакаўшчыну. І яна, і іншыя прыдарожныя вёскі, як, дарэчы, і сам Валожын, пацішэлі, сталі больш правінцыяльнымі.

    Сакаўшчына – вёска вялікая і цягнецца шнурком на добрыя два кіламетры, хоць сядзібы збіты густа. Гэта паказвае на тое, што тут спрадвечна не хапала зямлі і людзі жылі бедна. У 1878 годзе была пабудавана невялікая Свята-Ільінская царква на могілках, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства.

    У1953 годзе тры гаспадаркі раёна – калгасы “Рассвет”, “Чырвоны Кастрычнік” і “1 Мая”, якія ў далейшым аб’ядналіся ў адзін, узвялі на рацэ Заходняя Бярэзіна міжкалгасную гідраэлектрастанцыю імя Леніна. Якая была ўрачыстасць! Нідзе не было электрычнасці, а ў дамах калгаснікаў загарэліся электралямпачкі. З пускам ГЭС былі механізаваны працаёмкія працэсы ў вытворчасці. Частка электраэнергіі была накіравана на асвятленне школы, сельсавета, бібліятэкі. Гідраэлектрастанцыя дала святло таксама ў дамы навакольных вёсак. Калі пачалася суцэльная электрыфікацыя, калгасам стала нявыгадна трымаць абслуговы персанал. Станцыю закрылі, абсталяванне вывезлі, а памяшканне абсталявалі пад магазін.

    Будучы ў Сакаўшчыне, абавязкова трэба ўзгадаць нашага славутага земляка, які тут нарадзіўся і рос, – В. А. Каваленку, беларускага крытыка і літаратуразнаўца, празаіка, акадэміка НАН Беларусі, заслужанага дзеяча Беларусі.

    Рухаючыся з Сакаўшчыны ў Вішнева, варта нагадаць некалькі цікавых гістарычных фактаў, звязаных з гэтым шляхам. У 1794 годзе, у час паўстання Т. Касцюшкі, з Ашмян на Валожын праходзіў атрад паўстанцаў пад камандваннем вядомага кампазітара-патрыёта М.-К. Агінскага, які намерваўся дайсці да Мінска і разгарнуць паўстанне ва ўсходняй Беларусі. Паход не ўдаўся. Агінскі дайшоў да Івянца і, сустрэўшыся з моцным казацкім заслонам, вымушаны быў адступаць. Каля Сакаўшчыны яго насціглі казакі, але, спаліўшы мост праз Бярэзіну, ён здолеў ад іх адарвацца. Аднак казакі фарсіравалі раку ўброд і нагналі адступаючых. Каля Вішнева адбылася сутычка, у якой атрад Агінскага панёс вялікія страты (між іншым, загінула каса паўстанцаў і асабістыя паперы кампазітара), а сам ён з прастрэленым капелюшом ледзь змог пазбегнуць зняволення.

    Вёска Вішнева мае цікавую мінуўшчыну. У XIV стагоддзі яна ўваходзіла ў склад Крэўскага княства і лічылася ўласнасцю вялікага князя Альгерда, сына заснавальніка Вільні, князя Гедыміна.

    “Літоўская энцыклапедыя” сцвярджае, што Віленскі кашталян (замкавы ваявода) Пётр Гедгаўд пабудаваў у Вішневе ў 1424 годзе драўляны касцёл пад імем Наведання Марыі і забяспечыў яго ўтрыманнем і прывілеямі. Пасля Гедгаўдаў Вішнева становіцца ўласнасцю багатых землеўладальнікаў Здыгултовічаў, а пасля пераходзіць па чарзе ва ўладанне роду Слушкаў, Осікаў, Сангушкаў і Пацаў. У 1600 годзе Вішнева з наваколлем ад Пацаў купіў Адам Храптовіч. З гэтай пары пачынаецца панаванне над Вішневам Літавораў-Храптовічаў.

    У другой палове XVIII стагоддзя жыццё ў Вішневе карэнным чынам мяняецца. Гэта было абумоўлена агульнай на той час у краіне тэндэнцыяй да індустрыялізацыі і звязана з імем Іахіма Храптовіча (1729-1812). Дзяржаўны дзеяч, дэпутат сейма ад Навагрудскага ваяводства, філосаф і пісьменнік, удзельнік паўстання Касцюшкі, ён адным з першых на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1783 годзе вызваліў сялян ад асабістага зняволення, замяніўшы прыгон чыншам.

    За часы І. Храптовіча Вішнева стала не толькі рэлігійным, адміністрацыйным, культурным, але і прамысловым цэнтрам. У 1778 годзе тут пачаў працаваць першы на тэрыторыі былога ВКЛ жалезаліцейны завод, а за ім і завод шкляных вырабаў, спіртзавод, цагельна-ганчарны завод, ткальня сукна і, абсталяваны самымі сучаснымі ў той час механізмамі, вадзяны млын, у якім малолі зерне, рабілі крупы, пытлявалі муку і валілі сукно.

    Займаючыся агульнадзяржаўнымі справамі адукацыі, Храптовіч не забыўся і аб сваіх падуладных. У 1775 годзе ў Вішневе па яго загаду пачала дзейнічаць свецкая школа, у якой тры настаўнікі выкладалі такія прадметы, як фізіка, рыторыка, геаметрыя. А недалёка ад Вішнева была другая сядзіба – Адрывонж па назве герба “Адрывонж”. Сядзіба была плошчай 50 гектараў, выкарыстоўвалася ў якасці паляўнічай рэзідэнцыі, а дом так і называўся – паляўнічым палацам. Тут утрымліваліся вялікая псярня, гадавальнік па вырошчванню дэкаратыўных дрэвавых раслін. Матэрыял да іх пасадкі прывозіўся з-за мяжы. Садоўнікам працаваў замежны спецыяліст. З развіццём індустрыялізацыі ў Расіі і з’яўленнем на рынках таннейшага жалеза Вішнеўскі жалезаліцейны завод у 1868 годзе спыніў сваё існаванне з прычыны нерэнтабельнасці. Пасля гэтага Храптовічы больш інтэнсіўна ўзяліся за сельскую гаспадарку. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на жывёлагадоўлю. Была закуплена ў Прусіі партыя буйной рагатай жывёлы галандскай пароды і авечак мерыносаў, а былыя заводскія цэхі пасля некаторай рэканструкцыі сталі кароўнікамі і стайнямі.

    Для перапрацоўкі малака ўзнік на тэрыторыі былога ліцейнага масласырзавод, які ў хуткім часе праславіўся сваімі двухпудовымі сырамі і выдатнай якасці маслам. Амаль уся малочная прадукцыя, як і мясная жывёла, ішла на экспарт, пераважна ў Германію і Англію. Скуры вырабляліся ва ўласнай гарбарні, воўна ў значнай частцы таксама адпраўлялася за межы, а частка яе перапрацоўвалася на месцы на сукно.

    У канцы XIX-пачатку XX стагоддзяў у Вішневе на сродкі розных прадпрыемцаў было пабудавана шмат саматужных майстэрняў і некалькі невялікіх заводаў: запалкавая фабрыка, піўзавод, майстэрня па вырабу безалкагольных напіткаў, алейня, воўначасальня, некалькі хлебапякарняў, кузняў, сталярняў, шавецкіх і кравецкіх майстэрняў і інш. Апрача таго, існавала мноства прыватных крамак.

    У 1915-1918 гадах праз Вішнева праходзіла ўмацаваная нямецкая лінія абароны. Жыхары былі выселены, мястэчка спалена і знішчана артылерыяй да апошняй хаты, на агародах і ў полі з’явіліся акопы і жалезабетонныя сховішчы, якія часткова захаваліся да нашых дзён. З дазволу польскіх буржуазных улад у 20-ыя гады XX стагоддзя немцы перазахавалі астанкі сваіх салдат на ўзгорку каля вёскі Дзесятнікі і паставілі помнік-капліцу. Капліца зроблена як мемарыяльнае надмагільнае збудаванне з бутавага каменю са скульптурнай выявай арла. З’яўляецца помнікам архітэктуры малых форм з выкарыстаннем элементаў стылю мадэрн.

    Пасля першай сусветнай вайны Вішнева, як і ўся Заходняя Беларусь, апынулася пад Польшчай. На 1 верасня 1939 года Вішнева было цэнтрам гміны (воласці), тут дзейнічалі тры рэлігійныя ўстановы: рымска-каталіцкі касцёл, праваслаўная царква і яўрэйская сінагога; былі дзве школы – польская сямігодка і яўрэйская (ешыбот), працавала паштова-тэлеграфнае аддзяленне.

    У час Вялікай Айчыннай вайны, на ўсім працягу акупацыі, у Вішневе стаяў нямецкі гарнізон, які неаднаразова павінен быў адбівацца ад атак партызан, што гаспадарылі ў навакольных лясах і прылесных вёсках. У вёсцы было створана яўрэйскае гета. У жніўні 1942 года Вішнеўскі канцлагер з бяспрыкладнай жорсткасцю быў знішчаны фашысцкімі галаварэзамі. Сёння на месцы расстрэлу стаіць помнік.

    Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У гэтым святым месцы Боская благадаць сыходзіць на кожнага, загадкава спалучаючыся з зачараваннем прыгажосцю навакольнай прыроды. Існуе легенда, што тутэйшым некалі цудам з’явілася Маці Божая на вішні. Адсюль, трэба думаць, і назва вёскі.



Добавить комментарий