Зорка Рушчыца ззяе ўсё ярчэй на багданаўскiм небасхiле

Общество

Дзякуючы асобе Рушчыца Багданава стаіць на парозе свайго другога адраджэння, будучага плёну на духоўнай, культурна-асветніцкай ніве. У плыні імклівых гадоў імя Фердынанда не згубілася, а набыло яркія грані. Гэта пацвердзіла і мерапрыемства, якое прайшло 10 снежня на радзіме славутага мастака, педагога, сцэнографа, дэкаратара…

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бібік, старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Глінскі, пасол Рэспублікі Літва ў нашай краіне Эвалдас Ігнатавічус, Часова Упаўнаважаны па справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас, гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў і яго калега з Літвы Рамуалдас Будрыс, прадстаўнікі Інстытута Польшчы ў Мінску, а таксама дэлегацыі Вільнюскага раёна і іншыя афіцыйныя і творчыя асобы.

Фердынанд Рушчыц – чалавек, славы і таленту якога хапіла, каб яго на роўных лічылі сваім духоўным светачам мінімум у трох краінах – Беларусі, Літве, Польшчы. І ўсё ж радней і мілей яго сэрцу, відаць, наша Валожынская зямля, дзе ён працаваў, жыў, дзе знайшоў вечны спачын на фамільных могілках на высокім пагорку пад густымі калматымі аблокамі, якія таленавіта ўвасоблены на яго шматлікіх палотнах. З глыбіні вякоў прарываецца яго шчырае прызнанне, падобнае на малітву, напісанае 17 чэрвеня далёкага 1899 года: “Дзённік мой! Каб хаця б ты ведаў, як найперш за ўсё прагну быць добрым сынам сваёй Бацькаўшчыны, для яе працаваць і араць, прынесці ёй увесь плён, паколькі люблю яе ўсім сваім сэрцам і толькі ёй належу целам і душою…”

IMG_ 324

IMG_ 286

145-я ўгодкі з дня нараджэння нашага славутага земляка сабралі ў Багданаве шматлікіх паважаных людзей, якія словам і справай гатовы прычыніцца да таго, каб непаўторная зямля Фердынанда зноў стала культурнай Мекай, дзе будуць праводзіцца выставы і прэстыжныя пленэры, трапіць на якія ўдзельнікі змогуць толькі па строгім адборы, куды з ахвотай паедуць айчынныя турысты і госці з-за мяжы.
IMG_ 193

Распачаліся святочныя мерапрыемствы з набажэнства ў Багданаўскім касцёле, якое правёў ксёндз Ігар Лашук. Словамі малітвы быў ушанаваны род Рушчыцаў і на іх фамільных могілках.
IMG_ 125

IMG_ 119
Планы на будучае сапраўды амбіцыйныя: намечана прывесці ў ідэальны парадак фамільныя могілкі мастака (праект ужо падрыхтавала група валанцёраў), адрадзіць яго сядзібу, стварыць пастаянна дзеючую галерэю жывапісных работ, заснаваць музей і інш. Варта было 10 снежня людзям, надзеленым уладай, прадстаўнікам творчай эліты сабрацца разам, пахадзіць сцяжынамі Рушчыца, каб яшчэ раз пераканацца, як шмат значыць для нацыянальнай культуры трох краін-суседак імя славутага Фердынанда. Удзельнікі святочнай імпрэзы былі аднадушныя ў тым, што трэба аб’яднаць намаганні, каб мясціны, якія так любіў Рушчыц, неўзабаве сталі месцам паломніцтва для турыстаў, любімай творчай майстэрняй для прызнаных мастакоў і для тых, хто толькі пазнае таямніцы жывапісу. Таму, як пафасна зазначыў пасол Рэспублікі Літва ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус: “145-годдзе Рушчыца – гэта толькі пачатак, толькі юбілейная ўверцюра да будучай маштабнай падрыхтоўкі да яго 150-годдзя”. Да чарговага юбілею намечана ажыццявіць многія творчыя праекты. Але і дагэтуль ужо шмат зроблена па ўвекавечанні памяці Рушчыца.
IMG_ 071
Прайшлі пленэры юных мастакоў, а восенню ў Багданаве тварылі прызнаныя жывапісцы краіны і свае работы перадалі для фарміравання мясцовай галерэі. Прыстанак для галерэі знайшоўся ў былым будынку сельвыканкама. Цешыць тое, штопасля аптымізацыі сельскіх Саветаў гэты прыгожы будынак не зачыніўся назаўсёды, а стаў выкарыстоўвацца па іншым прызначэнні: тут размясціўся філіял Вішнеўскай школы мастацтва, знайшлося месца для захавання і прымнажэння спадчыны вялікага Рушчыца. Дзякуючы фінансавай падтрымцы консульства Польшчы ў Мінску набыты стэнды і рэпрадукцыі, мэбля, некаторая аргтэхніка. Групай ініцыятараў падрыхтавана канцэпцыя паэтапнага адраджэння рушчыцаўскага “гнязда”. Мяркуецца першапачаткова на базе багданаўскага філіяла Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў стварыць музейную экспазіцыю, а таксама выкарыстоўваць філіял і як турыстычны аб’ект, як месца правядзення семінараў, пленэраў, творчых сустрэч. 10 снежня адбылася прэзентацыя кнігі “Фердынанд Рушчыц” з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”. Аўтарам і каардынатарам гэтага асветніцкага праекта з’яўляецца генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў.
IMG_ 040
Выпуск папулярнай серыі кніг распачаўся з творчага летапісу мастака з Віцебшчыны Івана Хруцкага. А выданне пра Рушчыца ўжо 18-е па ліку. 10 снежня ў Багданаве па ініцыятыве РУП “Белпошта” праведзена ўрачыстая цырымонія гашэння юбілейнай паштовай маркі, выпушчаны канверты з рэпрадукцыямі карцін знакамітага жывапісца. Кнігі, карціны, копія фільма “Фердинанд Рущиц. Небесное и земное”, падрыхтаванага творчай групай Белтэлерадыёкампаніі, а таксама прадукцыя “Белпошты” папоўнілі экспазіцыю будучага музея, які ствараецца на радзіме славутага земляка.
IMG_ 031
Акрамя прадстаўнікоў органаў улады розных узроўняў, дырэктараў Нацыянальнага музея Беларусі, Літвы, супрацоўнікаў пасольстваў, у той дзень у Багданава прыехала і дэлегацыя афіцыйных асоб з Вільнюскага раёна. Імі было падпісана пагадненне аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве з Валожынскім раённым Саветам дэпутатаў. Масты партнёрства ўстаноўлены і з літоўскай гімназіяй, якая носіць імя Рушчыца і, дарэчы, размешчана ў Рудаміне – мястэчку, адкуль паходзіла Рэгіна Раўцк – муза Ф. Рушчыца. Дарэчы, у шматдзетнай сям’і мастака было шасцёра дзяцей.
IMG_ 025
130 гадоў Ф. Рушчыца шырока святкавалася ў Літве, як падкрэслілі прадстаўнікі дэлегацый, што прыехалі ў Багданава з суседняй рэспублікі. А праз 15 гадоў з той памятнай даты шмат гасцей сабрала зорка Рушчыца на яго малой радзіме. Першапачаткова ідэя вярнуць былую славу Рушчыца, прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да яго багатай духоўнай спадчыны ўзнікла ў настаўніцы-філолага Алы Макарэвіч з СШ № 1 горада Валожына. Знайшла яна і аднадумца – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенція Адамовіча. Гэтыя нераўнадушныя людзі напачатку і сталі галоўнымі генератарамі многіх мясцовых ініцыятыў па ўвекавечванні памяці вядомага жывапісца. Раённы выканаўчы камітэт, Мінскі аблвыканкам, Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі саюз мастакоў, іншыя творчыя суполкі неўзабаве актыўна далучыліся да гэтай важнай справы. Тэма Рушчыца ў беларускім кантэксце зацікавіла і палякаў, літоўцаў. У выніку сфарміраваўся калектыў аднадумцаў, якім пад сілу аказалася многае нават у пару фінансавага дэфіцыту. Невыпадкова ў час святочнага мерапрыемства ў Багданаве генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі У. Пракапцоў выказаў намер падключыць і ЮНЕСКА да справы ўвекавечвання памяці Рушчыца.

Рушыца
Прыемна, што віток за вітком, год за годам набірае маштаб гэта добрая справа. І зорка Фердынанда на багданаўскім небасхіле ззяе ўсё ярчэй…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 

 



Добавить комментарий