Родны сэрцу кут. Пералясанка

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 93, 95)

У гэтым свеце ўсё строга падпарадкавана законам Сусвету, адзін з якіх я добра засвоіла – прычын і вынікаў. Гэта значыць, што калі ты зрабіў штосьці добрае, то табе добрае і вернецца, а калі дрэннае, то вернецца гэта дрэннае, толькі яшчэ ў нашмат большым памеры.

Меў некалі грашок і мой дзед. Закахаўся ў дзяўчыну, а пасля кінуў яе адну з дзіцем і ажаніўся з маёй бабкай. У другой хаце на нашым хутарку жылі сярэдні брат дзеда Янка са сваёй жонкай – цёткай Манькай. (Мая бабуля Алімка і цётка Манька былі стрыечнымі сёстрамі). Іх адносіны між сабой – любоў, павага, адданасць – маглі служыць прыкладам для многіх пакаленняў. Яны ўмелі ладзіць, ніколі між імі не было ніякіх сварак.

Дзед Янка быў з ліку тых людзей, якія калі працаваць, то працаваць, калі весяліцца, то весяліцца. А цётка Манька была чалавекам надзвычайнай дабрыні, выдатнай гаспадыняй. Умела рабіць як жаночую работу, так і мужчынскую – ці то за плугам хадзіць, ці то касіць. Ніхто не мог спячы такога хлеба, зрабіць такіх каўбас, як яна. Мая дачка, якая ўжо другі дзясятак гадоў жыве ў Амерыцы, неяк мне патэлефанавала і кажа: “Сёння была ў Нью-Ёрку, купіла такую смачную каўбаску, ну якраз як баба Манька рабіла”. Ужо даўно няма цёткі Манькі, а смак яе каўбас, печыва, хлеба і булак запомніўся назаўсёды. Сама ж ніколі не брала ў рот куплёнай каўбасы.

А яшчэ яна запомнілася тым, што надта любіла дзяцей, да якіх у яе быў асаблівы падыход. Калі збіраліся пагуляць, то толькі ў яе. Яна ніколі не сварылася, дазваляла ўсё: і скакаць, і чыніць беспарадкі. А як яна любіла сваю адзіную ўнучку!

У іх быў сын Фелікс, колькі памятаю, працаваў паштальёнам. Ажаніўся ён у 1959 годзе ў верасні, у жонкі ўзяў Ніну Жук з Бурнейкаў. У Фелікса і Ніны нарадзіліся ў 1961 годзе дачка Ларыса і праз 9 гадоў хлопчык Вася, які пражыў усяго 11 дзён. Усе жылі ў адной хаце, падзеленай на дзве палавіны, і даволі, па тых мерках, заможна. Яны першымі з усіх купілі сабе тэлевізар “Неман”, дзесьці годзе ў 1963. Гэта ж тады была такая навіна! На кіно, на нейкія перадачы збіраліся вечарам усе Нелюбы, асабліва зімой, у вялікія вечары. У іх быў матацыкл, фотаапарат. У іх нават ванна была.

Пасля маладой сям’і калгас выдзеліў кватэру ў Белакорцы, і яны з’ехалі з нашага хутарка. І ўжо не ўсё гладка пайшло ў той сям’і.

…Аднойчы да мяне прыйшла маладзечанка Аліна Анкіновіч і прынесла сваю фатаграфію, звязаную з успамінамі пра вёску Белакорац. Там жыла яе родная цётка Сцепаніда Канстанцінаўна Пяхота, да якой у дзяцінстве яна часта прыязджала. Дзецьмі мы таксама заходзілі да Пяхоціхі (так яе ў нас звалі), яна ўмела пагаварыць, чымсьці зацікавіць. А асабліва нам падабаўся гамак, які вісеў цэлае лета на вуліцы. Дзе ж там у 1960-х гадах хто бачыў той гамак! А паляжаць у ім было ну проста асалода.

Дык вось што Аліна Вітольдаўна расказвае пра Сцепаніду Канстанцінаўну:

“Мая цётка Стэфка была незвычайнай жанчынай. У 20-гадовым узросце выйшла замуж за “амерыканца” Змітру Пяхоту. Ён 25 год пражыў у Амерыцы і ў пачатку 1930-х вярнуўся на радзіму. Быў старэйшы за цётку на 24 гады. Дасканала валодаў англійскай мовай. Быў надзвычай інтэлігентны, выхаваны чалавек і, вядома ж, багаты.

У час вайны цётка Стэфка была звязаная з партызанамі. Аднойчы ўзімку разгарэўся бой паміж партызанамі і немцамі ў лесе, недалёка ад яе хаты. Партызаны аказаліся ў незайздросным становішчы. І яна выратавала Фёдара Сурганава, будучага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, схавала ў сваёй хаце, за што ён быў ёй вельмі ўдзячны.

Пры сустрэчы, а гэта было ў 1960-х гадах, Фёдар Анісімавіч спытаў у цёткі Стэфкі, як ён можа аддзячыць ёй. На што тая адказала:

– Мне асабіста нічога не трэба. А вось надта добра было б, каб зрабілі дарогу да Белакорца і пусцілі аўтобус з Валожына.

Просьба яе была выканана”.

А я яшчэ ведаю, што дзякуючы цётцы Пяхоцісе пабудавалі мост праз рэчку Іслач. Да гэтага там быў драўляны, і кожную вясну падчас разводдзя яго зносіла.

…Мне стала цікава, што значыць такое прозвішча Нелюб. Шукаючы матэрыялы на гэту тэму, я высветліла: прозвішча ўтворана ад так званага “ахоўнага” імя Нелюб. Згодна з забабоннымі звычаямі, падобныя імёны прысвойваліся дзецям, каб адвесці наступ злых сіл. Для таго, каб не спакушаць лёс і адвесці зло, дзецям даваліся імёны са значэннем прама супрацьлеглым таму, чаго чакалі ці хацелі бацькі для дзяцей. У дадзеным выпадку, спадзеючыся мець прыгожага і здаровага хлопчыка, бацькі называлі яго Нелюбам. Так з цягам часу атрымалася прозвішча Нелюб.

Калі едзеш з Валожына ў напрамку Бакштаў, Гродна і збочваеш з дарогі ў кірунку Белакорца, то праз нейкіх метраў 400, прама ля дарогі, некалі сіратліва стаяла адзінокая хатка, менавіта хатка, бо была зусім маленькая. Праўда, ад яе ўжо і следу не засталося, як быццам нічога і нікога не было. Толькі яблынька-дзічка, што расла перад невялічкім акенцам, кожную вясну і цяпер расцвітае буйным цветам, быццам хоча парадаваць тых, хто некалі там жыў, і чакае – а раптам прыедуць. А яшчэ рабінка ўвосень прыцягвае ўвагу прыгажосцю сваіх гронак.

Гэта хатка таксама адносілася да вёскі Пералясанка. А жыла там калісьці вялікая сям’я – цётка Ганька, Ганна Пашкоўская, ці Башаркевічыха, як звычайна яе клікалі, і чацвёра дзяцей: сын Сцяпан, дочкі Яня, Аліма і Галя. Я сябравала з меншай, Галяй, і таму часта ў іх бывала. Ад нас напрамкі праз лес, ды яшчэ бягом, – 3-5 хвілін, не больш. Жылі яны бедненька-бедненька. Не кожны раз і з’есці чаго было. Старэйшая з дзяўчат, Яня, заўсёды ўспамінае, як хадзілі ў Белакорацкую школу. Ішлі з Алімай і заходзілі да нас за братам Антонам, каб мая бабуля Алімка чаго-небудзь дала з’есці. Тая ж пякла бліны і ўжо чакала іх. У блін клала яшчэ і скварачкі, так шкадавала яна гэтых дзяўчатак.

А што ж сама цётка Ганька – о, дык гэта ж не жанчына, а чалавек-легенда. Ніводнае мерапрыемства – сумнае ці вясёлае – не абыходзілася без яе. Яна добра ведала звычаі і традыцыі, ведала, напрыклад, як справіць вяселле, як адправіць маладую, што надзець і што сказаць, як адправіць чалавека ў апошнюю дарогу. У яе побач ужывалася камічнае і трагічнае. Умела і шыць, і варажыць. І таму рэдка які спадарожнік, праходзячы міма, не заходзіў да яе.

Ад Нелюбаў да Матусоў і Бэндзікаў – рукой падаць. Як добра крыкнеш, то ў іх чуваць. Але зусім напрамкі не пройдзеш – балота. Толькі зімой, калі ўсё скоўвала лёдам, звычайна хадзілі наўпрост. А так дзе праз лес, дзе ўздоўж была пратаптана сцяжынка. Цяпер яна зарасла, а некалі іх каровы і нашы пасвіліся ў адным статку, дык кожны дзень рух быў туды-сюды.

…Калі ні прыязджаю на свой хутар, то заўсёды пабачу і ласёў, і дзікоў. Вясной цікава было назіраць за ласём, які кудысьці паўз нас хадзіў. Нейкі час стаіць і паглядае ў мой бок, а пасля рушыць у сваім напрамку. Аказваецца, шукаў сабе сяброўку, бо ў наступны прыезд я ўжо іх бачыла разам. Праз поле пратаптаная сцежка дзікамі, яны ходзяць, бывае, вялікім статкам, аднойчы мясцовыя налічылі больш за 40 жывёлін – вялікіх і парасят. Дзікі мясцовым жыхарам надта “дапамагаюць капаць” бульбу. У некаторых участкі падчыстую “выкопваюць”.

Некалі жыццё віравала ў 11 хатках, на сёння толькі чатыры не апусцелі, а ў адной з іх пасяліўся дачнік. Вёска падзеленая на хутаркі – Нелюбы, Матусы, Кавэцкія. Тут пражылі пераважна тры пакаленні, наступныя захацелі быць бліжэй да цывілізацыі і падаліся ў горад.

Вядома ж, нямногія з маладых захочуць застацца. Хоць і мясціны тут маляўнічыя, і вёска размешчана пры аўтамагістралі Мінск-Гродна, але, нават маючы машыну, усё роўна нязручна: да Мінска – каля 80 кіламетраў, да Гродна – ці не 200, да райцэнтра 7-8 кіламетраў. Паблізу і магазіна нідзе няма, добра што цяпер аўталаўкі ўсім забяспечваюць. Ды і са школай заўсёды былі праблемы. А як дабірацца на працу?

Вялікі плюс, што святло ёсць, бо ў некаторых такіх хутарках да сёння няма электрычнасці. А туды яно прыйшло дзесьці ў пачатку 1960-х. Ды толькі таму, што самі жыхары склаліся, за свой кошт купілі слупы, устанавілі і такім чынам падключылі электрычнасць. Але гарэла святло спачатку цьмяна, відаць, падстанцыя была маламагутная. І толькі праз некалькі гадоў прыйшла сапраўдная радасць, якая дазволіла вяскоўцам набываць халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны, іншае.

Бытавую тэхніку пачалі купляць пад канец 60-х – не ставала ў людзей грошай. Першым набыткам былі халадзільнікі, іх пачалі купляць з 1969 года. На той час шэфамі калгаса быў Мінскі завод халадзільнікаў, і яны ўсіх ахвотных імі забяспечвалі. Мае бацькі тэлевізар толькі ў 1971 годзе купілі. Тэлефон быў у нас, ды і то, таму што бацька працаваў старшынёй сельсавета. А машыны дык наогул не меў ніхто.

Ніколі не забыць, як мы з братам запасілі грошы, каб купіць яму фотаапарат маркі “ФЭД”. Лета збіралі чарніцы, цэлую восень – рабіну і здавалі. Калі хто прасіў, адпасвалі кароў, дзень – рубель. А фотаапарат каштаваў 45 рублёў. І, ведаеце, назбіралі. І якое гэта было шчасце! А я ж так не любіла кароў пасвіць, да таго ж трэба было рана-рана ўставаць, і час цягнуўся так доўга. А чытаць было немагчыма, зачытаешся – а каровы ў лесе. Паспрабуй іх тады выгнаць!?

Шкада, што так жыццё ўладкаванае, і з гадамі ўсё больш і больш маіх хутаран мяняюць месца жыхарства – перасяляюцца “пад Капусціна”, так у нас называюць могілкі, якія размешчаны недалёка ад Валожына. Там мы часцей за ўсё цяпер збіраемся на Радаўніцу, на Спаса, на Усе святыя, каб аддаць даніну павагі тым, хто адышоў у іншы свет.

Марыя БЕРАСНЕВА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars