Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР Тэл. 55679 Velcom 3933728

Общество

17 снежня адзначаўся Дзень беларускага кіно. З нагоды прафесіянальнага свята Ганаровымі граматамі ўпраўлення КУП “Мінаблкінавідэапракат” узнагароджаны дырэктар Валожынскага філіяла Людміла Аляксандраўна Махніцкая і інжынер Софія Адамаўна Сакалова. Яны былі запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства ў Мінск.

Сёлета ў нашай краіне пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзіцяці мнагадзетным сем’ям пачаў налічвацца сямейны капітал у памеры 10000 долараў ЗША. Адпаведны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў прыняты 9 снежня 2014 года.
На Валожыншчыне на такую вялікую суму пабагацелі адразу 59 сем’яў. У тым ліку тром з іх сямейны капітал налічаны ў снежні. Як паведамілі рэдакцыі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, да канца бягучага года ён будзе прадастаўлены яшчэ тром сем’ям. Рыхтуюцца адпаведныя дакументы для разгляду на пасяджэнні райвыканкама.

З 17 па 22 снежня ў Мінскім Палацы мастацтваў праходзіць V сацыяльная выстава-кірмаш для старэйшага пакалення “50+”. На ўрачастае адкрыццё выставы-кірмашу былі запрошаны работнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і некалькі наведвальнікаў.
Прадстаўнікі нашага раёна пабывалі на прэзентацыі аналагічнага тэрытарыяльнага цэнтра Завадского раёна сталіцы, наведалі майстар-клас па актыўным здаровым ладзе жыцця, паслухалі выступленні юрысконсульта, валеолага, лекцыю спецыяліста пра ўзаемаадносіны пажылых людзей з унукамі. З задавальненнем паглядзелі канцэртную праграму, “гваздом” якой было выступленне хору ветэранаў МАЗа.

Настае надзвычай напружаны час для работнікаў культуры, менавіта ў гэтыя дні пачынаюцца навагоднія прадстаўленні, дзіцячыя ранішнікі, маладзёжныя карпаратывы.
“Раз, два, тры! Ёлачка, гары!” – так называецца навагодняя праграма, якой будуць радаваць дзятву работнікі раённага Цэнтра культуры. Сцэнарый прадстаўлення распрацавала загадчыца дзіцячага аддзела Алена Санюковіч. Акрамя асноўных навагодніх персанажаў – Дзядулі Мароза са Снягуркай, у дзеянні будуць задзейнічаны Маша і Мядзведзь, дзве Мартышкі, Ёлачка і розная нячыстая сіла. Распісаны літаральна кожны дзень, бо будуць ладзіцца не толькі ранішнікі на раённым узроўні для розных катэгорый дзяцей, ужо заказалі святочныя прадстаўленні для дзяцей сваіх работнікаў Дэпартамент аховы, Цэнтр банкаўскіх паслуг ААБ “Беларусбанк”, некаторыя іншыя прафкамы горада.

Работнікі Івянецкага гарпасялковага Дома культуры на 26 снежня запланавалі вялікую праграму для дзяцей пасёлка, цэлы Дзень дзіцячага адпачынку.
Пачнецца мерапрыемства з выступлення ўзорнага тэатра лялек “Вандроўка”. Рэжысёр Таццяна Аляшэвіч разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавала спектакль па казцы С. Казлова “Зімовая кветка”. Затым адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне “Навагоднія турботы” з непасрэдным удзелам гледачоў, завершыцца дзень дзіцячай святочнай дыскатэкай.
Прадстаўленнем “Навагоднія падарункі Снягуркі і Дзядулі Мароза”, сцэнарый якога напісаў мастацкі кіраўнік ГПДК Валерый Мазура, івянецкія культработнікі будуць віншаваць дзяцей работнікаў “Івкона”, выступаць у Доме польскім. Запрошаны яны на аграсядзібу “Ігліца” Стаўбцоўскага раёна.

Адбылася матчавая сустрэча па міні-футболе паміж камандамі нашага раёна, у склад якой увайшлі хлопчыкі 2006 года нараджэння з райцэнтра і тры прадстаўнікі Багданаўскай СШ, і спецыялізаванай Маладзечанскай ДЮСШ. Праходзіў паядынак на адкрытай пляцоўцы ля Лядовага палаца. З лікам 6:2 перамаглі нашы юныя аматары футбола.
12 снежня прайшоў Адкрыты турнір па міні-футболе сярод ігракоў 2006-2007 гадоў нараджэння, прысвечаны Сусветнаму дню футбола. Праходзіў ён у спартыўнай зале ДЮСШ. У турніры ўдзельнічалі 7 каманд: гімназіі № 1, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, СШ № 1 (дзве каманды), СШ № 2 райцэнтра, Ракава і Івянца. Перамаглі футбалісты гімназіі (капітан Ягор Казлоў), другое месца заняла каманда Цэнтра творчасці (капітан Леанід Сухадольскі), трэцяе – Івянца (капітан Нікадзім Жалток).



Добавить комментарий