Калi iмя – выпрабаванне

Культура

Як назваць дзіця? Гэта няпростае пытанне перыядычна паўстае перад дарослымі. Ад вырашэння яго часта залежыць лёс чалавека.

Апошнім часам маладыя бацькі сталі называць сваіх нашчадкаў рэдкімі, нязвыклымі імёнамі. У сродках масавай інфармацыі і Інтэрнэце раз-пораз мільгаюць артыкулы, дзе прыводзяцца даныя, якія і ўсмешку могуць выклікаць, і слязу выціснуць. Здаецца, многія гатовы назваць сваё дзіця незвычайным і незаўсёды прыемным для слыху іменем, абы яно было не такім, як у іншых. Вось толькі жыць з гэтымі “перламі” ў метрыцы ці пашпарце не заўсёды так камфортна, як уяўляюць тыя, хто імкнецца такім чынам ашчаслівіць сваіх дзяцей.

…Аляксандру і Наталлі было за трыццаць, калі на свет з’явіўся першынец. Праўда, больш правільна было б сказаць “з’явілася”, бо ў сям’і нарадзілася дзяўчынка. Доўгачаканая, любімая… Як жа назваць гэты падарунак лёсу? Уся радня, блізкія і знаёмыя далучыліся да вырашэння дылемы. Варыянты Анастасія, Дар’я, Кацярына і г. д. не разглядаліся ўвогуле. Надта банальна для іх дарагой, бясцэннай прынцэсы. Толькі штосьці моднае, пажадана замежнае, так бы мовіць, з еўрапейскім шыкам.

Дзяўчынку назвалі Сабрынай. Ніхто не даў маладым людзям парады, каб яны, дружна ўзяўшыся за рукі, сталі перад люстэркам і запыталі ў яго, ці зможа той набор генаў, якія яны падарылі сваёй “ляльцы”, зрабіць яе такой, якой яна малявалася ў іх уяўленні. Знешнія даныя пары ўражвалі! Ён – 2 м 5 см, яна – 1 м 87 см. Моцныя, спартыўныя, знешняй прыгажосцю гэтыя ў цэлым прыемныя людзі не вызначаліся. А прынцэса тая ўжо ў пяць гадоў стала вышэйшай за іншых школьнікаў на галаву. Добрая, сціплая дзяўчынка, на жаль, была падобная на героя знакамітай казкі Андэрсана: малая галава на выцягнутым тулаве, непрапарцыянальна доўгія рукі і ногі, адтапыраныя вушы…

Даўшы сваёй дачушцы імя Сабрына, бацькі не пакінулі яе асяроддзю выбару. Ну як зменшыць такое імя? Толькі Сабра. Дзеці, як кажуць, кветкі жыцця, але часта ў гэтых кветачак бываюць вострыя шыпы ці іголкі, якімі яны балюча раняць тых, хто ў чымсьці не адпавядае іх уяўленню аб норме. Сярод аднакласнікаў знайшоўся фантазёр, які слова “Сабра” перарабіў у… “швабра”! І гэта крыўдная мянушка трывала прыляпілася да дзіцяці. Можна толькі ўявіць, колькі прыйшлося перажыць дзяўчынцы з-за дзіцячай жорсткай непасрэднасці. Сабрына перастала наведваць школу.   Трывогу забіла класны кіраўнік, яна ж дала бацькам параду перавесці дачку ў іншую навучальную ўстанову. Вось тады прыхільнікі гучных імён зразумелі, што з-за сваіх амбіцый маглі страціць адзінае дзіця. Дзяўчынку перавялі ў іншую школу, назваўшы (на той момант не афіцыйна) Светай. Пазней бацькі перарабілі дакументы, і не самае моднае, без прэтэнзій, але прыгожае імя Святлана засталося з дзяўчынкай назаўсёды. Родныя, разумеючы сваю віну перад дачкой, арганізавалі для яе сустрэчы з прафесійным псіхолагам, які дапамог ёй павысіць самаацэнку, абудзіць цікаўнасць да жыцця. У павесялеўшага падлетка з’явіліся сябры, прыйшло захапленне спортам.

Зараз Святлана – маладая жанчына. Прафесійнай спартсменкай не стала, даволі рана выйшла замуж, нарадзіла дзетак, працуе трэнерам у адной з дзіцячых спартыўных школ у Мінску. Усё ў яе добра, але сэрца маладой жанчыны помніць раны, якія атрымала ў дзяцінстве. Калі муж прапанаваў назваць дачку Вітанай, маладая маці стала, што называецца, “на дыбкі”. Сына і дачку назвалі Аляксандрам і Аленай.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий