Раскажыце дзецям пра небяспеку

Закон и порядок

Адна з актуальных праблем сучаснасці – насілле ў адносінах да дзяцей. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць злачынствы супраць палавой свабоды непаўналетніх.

Дзеці часам вельмі даверлівыя. Злачынцы гэта ведаюць і прапаноўваюць паглядзець коціка ці сабачку, пакатацца на шыкоўным аўтамабілі або пачаставацца нейкімі ласункамі. Такія сітуацыі неабходна абыграць дома з дзецьмі і навучыць іх адмаўляцца ад размоў з незнаёмцамі. Напрыклад, сказаць, што на жывёлін згодзен паглядзець толькі з бацькамі, а на салодкае ў яго алергія. І, зразумела, пастарацца адысці ад незнаёмца ў люднае месца і звязацца з бацькамі.

Неабходна таксама сфарміраваць у дзіцяці павагу да сябе, расказаць, што чужы дарослы не мае на яго ніякага права. Тлумачце, што нельга саромецца расказваць бацькам ці настаўнікам аб нейкіх незвычайных ці незразумелых дзеяннях з боку дарослага чалавека.

У многіх сем’ях палавое выхаванне ўсё яшчэ застаецца табуіраванай тэмай. Бацькам неабходна гаварыць з дзіцем аб яго целе, развіцці. Напамінайце, што ніхто не мае права чапаць яго цела, яго палавыя органы.

Вельмі важна навучыць дзіця гаварыць “не”. З малых гадоў неабходна ўмець адстойваць сваё меркаванне і сваю пазіцыю. Ахвярамі педафілаў найчасцей становяцца якраз паслухмяныя хлопчыкі і дзяўчынкі або тыя, хто прывык заўсёды толькі падпарадкоўвацца.

Бацькі павінны ведаць сяброў і знаёмых сваіх дзяцей, а таксама тых, з кім яны віртуальна сустракаюцца ў Інтэрнэце.

Неабходна, каб дзіця разумела: што б ні здарылася, у першую чаргу трэба расказаць бацькам. Толькі яны дапамогуць і выбавяць з непрыемнасцей. А каб такога ўзаемаразумення дабіцца, дарослым неабходна заўсёды ўважліва выслухваць сына ці дачку.

Таццяна ДОЎНАР-СЛІЗКАЯ,

педагог-псіхолаг

Валожынскага раённага СПЦ



Добавить комментарий