Два тамы крымiнальнай “бiяграфii”

Закон и порядок

У свае няпоўныя шаснаццаць гадоў гэты юнак паспеў атрымаць базавую адукацыю ды дацца ў знакі сям’і, настаўнікам, міліцыі. Як ні шукалі дарослыя ключык да душы хлопца, ён заставаўся неслухам і грубіянам.

Не наладзілі кантакт з малалетнім хуліганам і псіхолагі. Па іх версіі, яго паводзіны сталі пратэстам супраць п’янства маці і разводу бацькоў. Цярпець “выбрыкі” падлетка даводзілася і зусім пабочным людзям – суседзям, дачнікам. Ён пранікаў у іх дамы, забіраў усё, што траплялася пад руку: прадукты харчавання, асабістыя рэчы, алкаголь, цыгарэты. Як толькі юны злачынец дасягнуў узросту, з якога наступае крымінальная адказнасць, ён атрымаў сваю першую судзімасць. Ад адбывання пакарання цалкам быў вызвалены па амністыі. Зноў узяўся за старое.

У суседняй вёсцы адшукаў закінуты будынак, дзе зрабіў сабе “логава”. Туды зносіў усё, чым удавалася разжыцца па чужых дамах. Спіс украдзенага, які пазней складуць супрацоўнікі следчых органаў, зойме не адзін ліст. Вось толькі частка таго пераліку: “Бутэлька каньяку “Арарат”, цукеркі “Асарці”, манікюрны набор, дзве шакаладкі, дзве ўпакоўкі макароны “Мівіна”, пена для галення “Old Spise”, складны ножык “Samurai”, красоўкі “Lacoste”, дэзадарант, саламяная сумка, падушка, пуховая куртка, коўдра, матрац, дзве пачкі цыгарэт “Мінск”, туалетная вада “Burberri”, медаль “Ветэран працы”… Юнак нават меў намер скрасці і больш каштоўную рэч – матацыкл. Выгнаў яго на вуліцу, аднак паліва ў бачку не было, і транспартны сродак давялося кінуць.

Занятак крадзяжамі працягваўся двое сутак. Наступныя двое сутак злодзей баляваў, а на трэція прыехала міліцыя з наручнікамі і яго арыштавала.

Пасля сябе на месцах здарэння юнак пакідаў шмат слядоў, якія на судзе сталі доказам віны: адпячаткі пальцаў і слядоў абутку, недакуркі. Ды ён і сам не вельмі аднекваўся ад учыненага, па некаторых фактах нават пагадзіўся напісаць яўку з павіннай.

Вырашаць у судовым парадку лёс непаўналетняга – справа адказная і цяжкая. Старшыня суда і народныя засядацелі выслухалі паказанні шматлікіх сведак, сямі пацярпелых, вывучылі два тамы сабраных дакументаў.

Пры назначэнні пакарання суд кіраваўся гуманістычнымі прынцыпамі; улічыў ступень грамадскай небяспекі ад злачынстваў, характарыстыку абвінавачваемага, заключэнне экспертаў комплекснай стацыянарнай судова-псіхіятрычнай экспертызы. Вось што можна адшукаць у вывадах медыкаў: “Абвінавачваемы ў перыяд учынення злачынстваў хранічным расстройствам псіхікі, прыдуркаватасцю ці іншымі заганамі псіхікі не пакутаваў і не пакутуе. Ён мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Прымяненне прымусовых мер бяспекі і лячэння не патрабуецца…”

Паколькі хлопец мае пастаяннае месцажыхарства, а на судзе раскаяўся ва ўчыненым, то ў турму яго на гэты раз не накіравалі, а пакаралі абмежаваннем волі. Яшчэ па прыгаворы асуджаны або яго бацька павінны выплаціць усім пацярпелым матэрыяльны ўрон і працэсуальныя затраты па справе.

Пасля ўступлення прыгавору ў законную сілу прайшоў месяц. Грошы на рахункі пацярпелых і райфінаддзела пакуль не паступалі. Участковы міліцыянер ужо неаднойчы ўшчуваў асуджанага за парушэнне дысцыпліны і мяркуе: не варта спадзявацца, што юнак возьмецца за розум, стане законапаслухмяным.

Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх таксама страцілі надзею перавыхаваць гэтага хлопца, бо яго нядобрыя схільнасці з цягам часу праяўляюцца ўсё больш выяўна. Ён ні з кім не сябруе, трымаецца асобна ад бацькі і брата, а такія словы, як “спагада” ці “любоў”, у яго лексіцы наогул адсутнічаюць. Зараз ён зноў пад следствам. Праваахоўныя органы падазраюць яго ва ўчыненні новай серыі крадзяжоў…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий