Прымiце святло Божае

Общество

Дарагія парафіяне! Мы стаім на парозе вялікага Каляднага свята – Божага Нараджэння, да якога кожны з нас стараўся добра падрыхтаваць сваю душу: праз удзел у Рэкалекцыях адвэнтовых, праз Святую Споведзь, у час нядзельных і Раратніх Імшаў, праз штодзённую малітву і пост.

Каляды і Новы год – гэта святы сям’і. Добра выхаваныя дзеці, унукі, праўнукі наведваюць сваіх бацькоў, бабуль, дзядуляў, каб падзякаваць Богу, што яшчэ ёсць да каго прыехаць, падзяліцца з самымі блізкімі людзьмі свянцонай аплаткай.

24 снежня – Вігілійная вячэра. На стол кладзецца сена як знак таго, што Сын Божы нарадзіўся ў яслях, ставіцца Калядная свечка – сімвал святла Божага, свянцоная аплатка як знак Езуса Хрыста. У памяць аб 12 Апосталах падаюцца 12 посных страў. Калі на небе з’явіцца першая зорка, можна сядаць на Вігілійную вячэру. Напачатку неабходна памаліцца за памёршых, адгаварыўшы малітву “Анёл Панскі”, прачытаць урывак з Евангелля пра Божае Нараджэнне. Перад тым, як падзяліцца аплаткай, можна памаліцца вось такімі словамі: “Дзякуем табе, Божа, што дазволіў усім нам сабрацца ў бацькоўскім доме. Няхай святло гэтай свянцонай Каляднай свечкі, як Божае Святло, асвятляе нас, нашу зямную дарогу жыцця”.

Падчас вячэры людзі адорваюць адзін аднаго рознымі падарункамі. Гэта можа быць ружанец, абраз, малітоўнік, Біблія, хрысціянскі каляндар на Новы год, крыжык ці медалік на цела. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, Калядныя падарункі ўручаюцца ад імя Нованароджанага Сына Божага. У часы атэізму бязбожныя людзі стараліся ўвесці практыку дарыць падарункі на Новы год, каб адцягнуць увагу ад сапраўднага свята – Божага Нараджэння. Вячэру заканчваем малітвай: “Дзякуем табе, Божа, за гэту вячэру, за аплатку і дай, каб святло Тваё, як святло гэтай Каляднай свечкі, асвятляла нам спакойную дарогу зямнога жыцця. Дай нам, Божа, праз год зноў сабрацца ўсім у бацькоўскай хаце” і адгаворваем “Вітай, Марыя…”

Апоўначы ўсе: і дарослыя, і дзеці адпраўляюцца на галоўную Калядную Святую Імшу – Пастэрку.

Сын Божы, нарадзіўшыся на зямлі, даў людзям Веру, Надзею, Любоў, міласэрнасць, узаемную павагу, прабачэнне, цярплівасць, мір, талерантнасць, сямейныя каштоўнасці, малітву, касцёл, Святыя Сакрамэнты. На жаль, сёння мы бачым, як непаважліва ставяцца да гэтых дароў у некаторых сем’ях, у грамадстве. Таму існуе шмат несправядлівасці, злосці, нянавісці, п’янства, войнаў і іншых бед.

Бог нарадзіўся на зямлі, але не кожны чалавек пусціў Яго ў сваё сэрца. Таму і сеяцца зло, розныя няшчасці. У сучасным свеце забываюцца пра Бога, разбураюцца сем’і, адмаўляюцца ад хрысціянскіх каштоўнасцей.

Дарагія парафіяне, дарагія людзі! Бог сказаў: “Я – дарога, праўда і жыццё…” Таму слухайцеся Бога, не глядзіце на бязбожны свет! Людзі, якія кожны дзень жывуць паводле Божых Запаведзяў, моляцца, рэлігійна выхоўваюць сваіх дзяцей, не прапускаюць Святой Імшы і рэгулярна прыступаюць да Святых Сакрамэнтаў, – гэта людзі Божага Святла. Дарагі чалавек, уцякай ад пякельнай цемры, а бяжы да Бога, імкніся да жыцця ў Божым Валадарстве.

У апошні дзень года вернікі збіраюцца а 23-й гадзіне ў касцёл на Набажэнства Падзякі Богу за ўвесь пражыты год. А апоўначы распачнецца першая ў 2016 годзе Святая Імша. Увойдзем жа ў Новы год з Богам і папросім аб благаславенні для сябе, сваіх сем’яў.

У Калядны перыяд адбываецца асвячэнне дамоў, кватэр, сем’яў, г. зв. “Каляда”. Раз у год усе жылыя памяшканні павінны быць асвечаны малітвай касцёла і атрымаць Божае благаславенне.

Дарагія парафіяне! Дарагія браты і сёстры праваслаўныя! Паважаныя жыхары Валожына і раёна! Усім вам жадаю радасных Калядных свят, спакойнага, шчаслівага Новага, 2016 года! Няхай народжаны Сын Божы благаслаўляе вас, вашы сем’і, наш горад, раён і ўсю нашу Бацькаўшчыну – Беларусь.

 З павагай і малітвай за ўсіх вас – ксёндз-доктар Гэнрык Акалатовіч, пробашч Валожынскага касцёла Святога Юзафа



Добавить комментарий