Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

  

 З 22 снежня ў Валожыне запрацаваў ёлачны базар. Таксама лясных прыгажунь можна набыць ва ўсіх лясніцтвах раёна. Летась валожынскія лесаводы рэалізавалі 4,5 тысячы елачак. На бягучы год даведзены план у 5 тысяч калючых дрэў.

Месца продажу елак у райцэнтры традыцыйнае – на аўтастаянцы ля дома № 4 па вуліцы Партызанскай. Вызначана месца гандлю і ў Мінску – на праспекце Пушкіна, непадалёк універсама “Фрунзенскі”. Самая маленькая елачка (да 1 метра) будзе каштаваць 60 тысяч рублёў. Самае вялікае дрэва, якое звычайна выстаўляюць на вуліцах, плошчы, — 1 мільён 800 тысяч рублёў. Елка, якая сёлета ўпрыгожыла галоўную плошчу нашага горада, дастаўлена з Валожынскага лясніцтва.

Варта напомніць, што адміністрацыйнае пакаранне за незаконную высечку дрэва пачынаецца ад 10 базавых велічынь.

 

 Днямі Нацбанк рэспублікі аб’явіў вынікі рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў прайшла 16 снежня. З 5,5 тысячы школьнікаў у фінал выйшаў 21 чалавек.

Вельмі прыемна было даведацца, што ганаровае трэцяе месца заваявала вучаніца 11 класа Валожынскай гімназіі Ксенія Барахоўская. А першае месца дасталося яе равесніцы з Віцебска Нінэль Ціханавай. Галоўным падарункам для тройкі прызёраў стала гульня “Бізнес-старт”. Ім былі ўручаны таксама дыпломы, кубкі і каштоўныя падарункі. Ксеніі дастаўся фотаапарат

 

 Дэлегацыя раёна ў складзе старшыні райсавета С. Ф. Глінскага, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіча, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Н. А. Чарнышовай і старшыні раённага аддзела ГА “Польска Мацеж Школьна” А. А. Макарэвіч з дзелавым візітам наведала Рудамінскае староства Літвы.

Менавіта ў Рудаміне знаходзіцца гімназія імя Ф. Рушчыца, што і абумовіла візіт. Гасцям паказалі гімназію і яе музей, яны наведалі дзіцячы сад, Дом культуры. Прапрацоўваліся сумесныя планы на 2016 год у сферы адукацыі, культуры, спорту і турызму.

 

 25-26 снежня ў лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры пройдзе фінальны этап рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “Трыста талентаў для Каралевы”.

Сярод 300 лепшых юных спартсменаў з усёй рэспублікі запрашэнні атрымалі і двое вучняў нашага раёна. Гэта вучаніца 2 класа Ракаўскай СШ Дар’я Шымель і вучань 4 класа Івянецкай СШ Нікадзім Жалток. Разам з імі запрошаны на святочнае мерапрыемства і настаўнікі Алена Корань і Наталля Парыза. У камандзе будзе прысутнічаць трэнер ДЮСШ Анастасія Паталей

 

 Трохдзённы семінар “Методыка выкладання замежных моў у дашкольных установах” быў арганізаваны цэнтрам дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва” і праходзіў на базе педуніверсітэта імя М. Танка.

Спецыяльныя сертыфікаты атрымалі педагогі дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі І. Ваньковіч і А. Грынкевіч, работнік дзіцячага сада № 3 райцэнтра В. Шанец. Педработнікі атрымалі шмат новай інфармацыі, навучальны працэс праходзіў у выглядзе гульняў, практыкумаў, слухачы пабывалі ў адным з дзіцячых садоў Мінска і азнаёміліся з выкладаннем там замежных моў.

 

 250 вучняў малодшых класаў падчас зімовых канікулаў змогуць наведваць лагеры з дзённым знаходжаннем, якія будуць працаваць на працягу шасці дзён у гімназіі і СШ № 2 райцэнтра, Ракаўскай, Івянецкай, Багданаўскай, Гародзькаўскай, Сакаўшчынскай, Пяршайскай, Дорскай, Пугачоўскай, Яршэвіцкай сярэдніх школах і Сівіцкай базавай.

На зімовае аздараўленне школьнікаў выдаткавана больш за 50 мільёнаў рублёў, у дзень на аднаго школьніка – 34 тысячы рублёў. Бацькоўская даплата за пуцёўкі не прадугледжана.



Добавить комментарий