Ганарымся мiнулым, глядзiм у будучае…

Общество

Валожынская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ўрачыста адзначыла 50-годдзе з дня заснавання. 

ДЮСШ першапачаткова існавала як спартыўная зала СШ № 2 па вуліцы Набярэжнай у Валожыне, дарэчы, першая спартыўная зала ў горадзе. Само ж будаўніцтва распачалося ў 1959 годзе пад кіраўніцтвам Майсея Давыдавіча Віткіна, настаўнікаў працы і фізікі Пятра Канстанцінавіча Скарынкі і фізкультуры Ігара Уладзіміравіча Галваноўскага. Былі выраблены формы, з дапамогай якіх выліваліся блокі. Усё рабілася ўручную. Будаўнічыя работы праводзіліся ў вольны ад заняткаў час.

З 1965 года пачынаецца летапіс ДЮСШ, дзе былі створаны два аддзяленні: баскетбола і лёгкай атлетыкі. Заняткі праводзілі вопытныя, высокакваліфікаваныя трэнеры па баскетболе: Паліна Мікалаеўна Шчацініна, Іосіф Іосіфавіч Іваноўскі, Леанід Уладзіміравіч Хвядчэня. Дарэчы, пад кіраўніцтвам апошняга каманда юных баскетбалістаў на працягу трох гадоў запар з’яўлялася першай у рэспубліцы. Адзін з яго вучняў, Аляксей Сухавецкі, пасля прафесійна пачаў займацца спортам і цяпер з’яўляецца трэнерам дзіцячай баскетбольнай каманды “Мінск-2006”.

Цікава праходзілі заняткі па лёгкай атлетыцы і мастацкай гімнастыцы, якія праводзіла Зоя Трафімаўна Гусакоўская. А з прыездам у раён Наталлі Ціханаўны Корабавай было адкрыта аддзяленне мастацкай гімнастыкі. У выніку рэгулярных і настойлівых трэніровак з’явіліся прызавыя месцы на першынствах і чэмпіянатах Мінскай вобласці. Некаторыя гімнасткі выканалі разрадныя патрабаванні кандыдатаў у майстры спорту, дзве юныя спартсменкі атрымалі званне майстра спорту.

За паўстагоддзя школу ўзначальвалі Іван Сямёнавіч Журкевіч, Мікалай Аляксеевіч Шакун, Аляксандр Міхайлавіч Корабаў. 26 гадоў дырэктарам адпрацаваў Валерый Іванавіч Паўлаў. Апорай і падтрымкай быў Уладзімір Іванавіч Барладзян, які 14 гадоў адпрацаваў на пасадзе намесніка дырэктара.

Пад кіраўніцтвам граматных трэнераў-выкладчыкаў Генадзя Альфонсавіча Жалтко, Анатолія Мар’янавіча Шумчыка каманды юнакоў-валейбалістаў і дзяўчат аддзялення агульнай фізічнай падрыхтоўкі заваёўвалі прызавыя месцы на занальных, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Высокія вынікі паказвалі і юныя тэнісісты пад кіраўніцтвам трэнераў, бацькі і сына, Васілія Васільевіча і Дзмітрыя Васільевіча Ажарэльевых: апошні, дарэчы, ужо два гады ўзначальвае спартыўную ўстанову. Цяпер у ДЮСШ працуюць 4 аддзяленні па відах спорту: лёгкая атлетыка, дзюдо, настольны тэніс, футбол. Вучэбна-трэніровачны працэс арганізаваны ў 36 групах, дзе займаюцца 367 чалавек. Заняткі праводзяць 10 трэнераў-выкладчыкаў. Другі год, як у Ракаве сумесна з мясцовай школай арганізаваны і дзейнічае спецыялізаваны клас па настольным тэнісе. Сёлета, дзякуючы падтрымцы райвыканкама і раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзяленне дзюдо размясцілася ў абноўленай спартыўнай зале РАА, дзе зроблены капітальны рамонт.

Падрыхтоўка спартыўнага рэзерву – адна з асноўных задач установы. Штогод ДЮСШ па выніках кантрольных нарматываў і спартыўных вынікаў перадае аднаго навучэнца ў вышэйшае звяно спартыўнай падрыхтоўкі – Мінскае і Плешчаніцкае вучылішчы алімпійскага рэзерву.

На юбілейную ўрачыстасць сабраліся разам тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння спартыўнай базы, працаваў і заваёўваў аўтарытэт, і тыя, для каго заняткі ў ДЮСШ сталі пуцёўкай у дарослае жыццё. Было шмат прыемных успамінаў, цёплых слоў віншаванняў і пажаданняў, заслужаных узнагарод.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий