Крыж на вякi

Культура

Ёсць такі выраз «будаваць на стагоддзі». Менавіта з такім разлікам цесляры некалі і змайстравалі крыж, які стаіць у вёсцы Альшанка Вішнеўскага сельсавета. Ён знаходзіцца ні як звычайна пры ўездзе ў населены пункт, а насупраць прыватнай сядзібы. Крыж уражвае і памерам, і сваёй масіўнасцю. І, як высветлілася, сваёй гісторыяй…

Ужо ніхто сёння ў вёсцы падрабязна не раскажа, хто і калі канкрэтна змайстраваў крыж, калі яго ўстанавілі. Але яго век, сцвярджаюць тутэйшыя старажылы, налічвае гадоў сто. Зроблены ён з трывалага дубу, дзякуючы старанням Гардынцоў – карэнных жыхароў Альшанкі, набожных і сціплых людзей.

У ліхія гады атэізму, калі храмы паўсюдна зачыняліся, калі ў прымусовым парадку спілоўваліся крыжы, гэты альшанскі знак веры гаспадары прадбачліва дэманціравалі і надзейна схавалі пад сенам у пуньцы. Тут ён праляжаў некалькі дзясяткаў гадоў. А калі прыйшла пара пацяплення да волевыяўлення вернікаў, схаваны дубовы крыж вынеслі ў літаральным сэнсе слова на святло Божае. Дальнабачны быў і гаспадар сядзібы, калі пазней зрабіў металічную таблічку і прымацаваў яе да крыжа. У перакладзе на беларускую мову тэкст гучыць так: «Тут пражываў і абараняў гэты крыж Юзаф Гардынец, паляк, верны Айчыне да канца і яе ідэалам».

Юзафа Гардынца ўжо няма на гэтай зямлі: адышоў да вечнасці. А сведчанне яго глыбокай веры, яго продкаў і цяпер не знікла бясследна. Юзаф жыў у Альшанцы разам з роднай сястрой у бацькоўскім доме. Ён не жаніўся. Яна таксама не выходзіла замуж. Ад прыроды брат і сястра былі надзелены нядрэнным музыкальным слыхам і вакальнымі здольнасцямі. Калі пайшлі на пенсію, нярэдка па просьбе вяскоўцаў адпявалі нябожчыкаў на пахаваннях.

Гардынцам лёс дараваў зайздросны век. Юзаф, напрыклад, памёр, калі яму было ўжо далёка за 90. Старажыламі былі і яго бацькі, сястра ды і многія блізкія сваякі. За адданасць веры, відаць, узнагародзіў іх Усявышні такім працяглым жыццёвым шляхам.

Выпадковыя прахожыя, будучы ў Альшанцы, не могуць хоць на хвіліну не затрымацца ля крыжа. Зацікавіліся ім аднойчы і байкеры з Польшчы. Яны некалькі гадоў таму вялікай групай заехалі на матацыклах у Альшанку, каб пакланіцца гэтаму рэлігійнаму сімвалу.

Тэкст і фота Ірыны ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий