Смак да алкаголю прачнуўся рана…

Закон и порядок

Сёлета за спажыванне спіртных напіткаў і знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення прыцягнуты да адказнасці 65 непаўналетніх.

Падчас працяглых гутарак высветлілася непрыглядная тэндэнцыя: у многіх выпадках дзяцей уцягваюць у раннія стасункі з выпіўкай дарослыя.

Паводле гутаркі з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алегам Карачуном становіцца зразумела, што дастаткова часта праваахоўнікам даводзіцца назіраць вартыя жалю карціны. Падлеткі з прычыны ўзросту і асаблівасцей растучага арганізма не могуць доўга супраціўляцца каварнаму градусу. І чарка ў кампаніі дарослых абарачаецца самымі непрадказальнымі наступствамі – ад неадэкватных паводзін да поўнага фізічнага знясілення. Цікава, тым, хто мае пабольш гадоў і спойвае непаўналетніх, дастаўляе задавальненне назіраць за іх пакутамі ў далейшым? Ці проста падабаецца адчуваць сябе “дужым і мудрым” у кампаніі дзяцей? Так ці інакш, менавіта па артыкуле 17.4 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь (фармулёўку можна коратка трактаваць як “набыццё дарослым чалавекам спіртнога і наступнае яго сумеснае распіццё ў кампаніі з непаўналетнімі”) супрацоўнікі міліцыі прыцягнулі да адказнасці з пачатку года 13 чалавек. Пры гэтым двое – жыхары вёскі Вайганы Д. С. Еўдакімаў і Ю. С. Келдановіч – трапілі ў поле зроку вартаўнікоў парадку ўжо другі раз.

Маёр міліцыі нагадаў, што мінімальная сума штрафу, прадугледжаная Законам за спойванне падлеткаў, раўняецца 10 базавым велічыням. Паўторнае аналагічнае правапарушэнне караецца грашовым спагнаннем у памеры да 30 базавых.

Другая прычына, па якой непаўналетнія занадта рана ўстаюць на слізкую дарогу спажывання алкаголю, – рэалізацыя юнакам і дзяўчатам гэтага віду прадукцыі магазінамі розных форм уласнасці. За 11 месяцаў бягучага года выяўлена 5 такіх фактаў. Чатыры выпадкі “належаць” прыватным гандлёвым аб’ектам, у гэты ж ганебны спіс трапіў і магазін райспажыўтаварыства, які размяшчаецца па вуліцы Леніна райцэнтра. Трэба сказаць, што і пакаранне тут адрозніваецца ад агучаных вышэй сум. Уласніку аб’екта рознічнага гандлю давядзецца выплаціць штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Другі фактар больш “важкі” па наступствах: зацікаўленымі органамі можа быць прынята пастанова аб прыпыненні права на рэалізацыю спіртнога, што далёка не лепшым чынам скажацца на фінансавым становішчы гандлёвай кропкі і тым самым аўтаматычна паставіць пытанне аб мэтазгоднасці яе далейшага функцыянавання.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий