РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР Тэл. 55679 Velcom 3933728

Общество

Напярэдадні калядных свят у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Навагодні карагод”.

   На ёй прадстаўлены 106 шкляных ёлачных цацак 50-70-х гадоў мінулага стагоддзя, 35 віншавальных паштовак 20-80-х гадоў, гліняныя падсвечнікі. Для наведвальнікаў музея, якія прыносяць навагоднія сімвалы савецкай эпохі ў падарунак установе, уваход бясплатны.

24 снежня работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі ў радзільным аддзяленні раённай бальніцы акцыю “Дзень добры, малы!”. Сем парадзіх атрымалі ў падарунак наборы адзення для немаўлят.

Аналагічныя акцыі запланаваны на 31 снежня і 6 студзеня 2016 года.

 

Новае кафэ на 20 месцаў у сярэдзіне снежня запрацавала ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра.

Наведвальнікам прапануюць некалькі відаў піцы, самая танная каштуе 30 тысяч рублёў. Установа грамадскага харчавання толькі набірае абароты. У меню прадстаўлены таксама супы, салаты і іншыя стравы. Можна паласавацца парцыённым марожаным. У фае кінатэатра працуе бар.

 

Традыцыйны калядны канцэрт, падрыхтаваны выкладчыкамі і вучнямі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, у раённым цэнтры культуры прайшоў, як заўсёды, з аншлагам. У фае была размешчана выстава малюнкаў навагодняй тэматыкі выхаванцаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладного мастацтва.

Выкладчыца Ірэна Кетрыс, якая працавала над сцэнарыем святочнага канцэрта, удала спалучыла дзеянні казачных і навагодніх персанажаў з канцэртнымі нумарамі. За аснову была ўзята казка пра Снежную Каралеву Г.-Х. Андэрсена. Яе ролю выконвала выкладчыца тэарэтычных дысцыплін Ірына Гаспарэвіч, Герды і Кая – вучні Аліна Кетрыс і Юра Скадорва. Ролі Дзядулі Мароза і Снягуркі дасталіся выкладчыку па класе гітары Сяргею Сіваму і выкладчыцы па класе акардэона маладому спецыялісту Аксане Зянько. У канцэрце выступалі інструментальны квінтэт настаўнікаў, дуэты ў складзе настаўнікаў Алены Лаўрыновіч і Алены Далбаносавай з вучнямі, узорны духавы аркестр з новымі творамі, хоры малодшых і старшых класаў пад кіраўніцтвам Дзіяны Семянайтэ. Эстрадныя вакальныя нумары рыхтавала з вучнямі выкладчыца Ірына Жамоздзік.

 

У абласным конкурсе “Творчы алімп Міншчыны” сёлета прымае ўдзел цэнтральная раённая бібліятэка. Работнікі распрацавалі праект “Душу вылечыць дабро”, разлічаны на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія пражываюць у Валожыне. А такіх сярод чытачоў бібліятэкі нямала, толькі інвалідаў па зроку налічваюць каля 50 чалавек.

   Установа плённа супрацоўнічае з раённым таварыствам інвалідаў па зроку, з Таварыствам Чырвонага Крыжа, аддзяленнем дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і іншымі дабрачыннымі арганізацыямі, ведае праблемы, якія ўзнікаюць з адаптацыяй інвалідаў у грамадстве. Для такіх чытачоў няма спецыяльна абсталяванага камп’ютарнага месца. У планах – паляпшэнне матэрыяльнай базы, набыццё літаратуры са шрыфтам Брайля, выпісванне перыядычных выданняў, папаўненне фонду аўдыялітаратуры, правядзенне разнастайных сумесных мерапрыемстваў. Усё гэта можна зрабіць пасля атрымання гранта, калі праект валожынскіх бібліятэкараў пройдзе адбор. Да 5 студзеня праект павінны адправіць у галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

 

З 14 па 20 снежня на спартыўнай базе ў Стайках праходзіў Беларускі тыдзень па паўэрліфтынгу. У яго рамках быў разыграны Кубак Рэспублікі Беларусь па класічным паўэрліфтынгу: жым лежачы, станавая цяга і прысяданне.

Жыхар Валожына Аляксандр Шайтар, які трэніруецца ў ФАЦ “Надзея”, у вагавой катэгорыі да 120 кілаграмаў заняў другое месца ў рэспубліцы ў класічным жыме лежачы.



Добавить комментарий