СП “Івкон” ААТ

Общество

Без цукерак навагоднія, калядныя святы цяжка ўявіць. СП “Івкон” ААТ тонамі дорыць гэту асалоду сваім спажыўцам, адгружаючы ярка ўпакаваную прадукцыю на ўнутраны і знешні рынкі.

Прыемным водарам, здаецца, пранізаны сцены фабрыкі, дзе праца ў вытворчых цэхах традыцыйна дасягае свайго максімуму ў снежні, калі назіраецца ажыятаж на кандытарскія вырабы. А затым спажывецкі попыт рэзка зніжаецца. Таму важна не ўпусціць момант і адчувальна палепшыць эканамічныя паказчыкі.

Івянецкія вытворцы паспяхова вытрымліваюць вялікую канкурэнцыю, у іх ужо даўно склаўся свой стабільны спіс заказчыкаў, якія заўсёды рады закупляць якасную фірменную прадукцыю. У снежні змаглі паспытаць смак беларускіх цукерак знакамітай івконаўскай маркі нават у далёкай Сербіі, куды, дзякуючы ўмелай маркетынгавай палітыцы, нядаўна была паспяхова распачата рэалізацыя цукерак шырокага асартыменту. Салодкія рэйсы з фабрыкі ажыццяўляліся ў Расію – асноўны замежны вытворчы партнёр СП «Івкон» ААТ, а таксама ў Казахстан, Малдову і іншыя краіны.

Сёлета на прадпрыемстве ўкаранілі 15 відаў новай прадукцыі, удала папоўніў гэту салодкую калекцыю і завяршальны месяц 2015 года.

Івконаўцы традыцыйна ў перадсвяточныя дні аказваюць дабрачынную дапамогу многім калектывам і ўстановам. У прыватнасці, ласункі ў падарунак ад іх паступілі ў мясцовую сярэднюю школу, у гарпасялковы Цэнтр дзіцячай творчасці, у дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Перадала кандытарская фабрыка цукеркі і гарпасялковай ветэранскай арганізацыі, а таксама за межы раёна. Аб’ём спонсарскай дапамогі ў пераднавагоднія дні склаў больш за 1,5 тоны ласункаў.

 

Ірына ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий