РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

 

Галоўная ёлка Мінскай вобласці з удзелам губернатара С. Б. Шапіры адбылася напярэдадні Новага года ў Барысаве. На дабрачыннае свята “Навагодні вернісаж” з’ехаліся больш за 900 вучняў ад 8 да 16 гадоў з усіх куткоў Міншчыны. Сярод іх былі і 19 прадстаўнікоў школ нашага раёна.

Упершыню 25 лепшых школьнікаў атрымалі званне “Вучань года Мінскай вобласці-2015”. Такога гонару ўдастоена і вучаніца 10 класа гімназіі № 1 Валожына Дар’я Лугіна. Неспадзяваны шыкоўны навагодні падарунак атрымаўся і для самой выдатніцы-актывісткі, і для яе настаўнікаў і бацькоў. Віншуем, Даша!

Дзесяць гараджан пажадалі павіншаваць сваіх дзетак з Новым годам на даму з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі з РЦК. Такую ж паслугу прапаноўвалі і работнікі раённага вузла паштовай сувязі. Дзеда Мароза з унучкай заказалі напярэдадні свята 12 валожынцаў.

  

Разнастайную святочную праграму ў снежні і на зімовых канікулах прапанавала старшыня прафкама СШ № 1 райцэнтра Святлана Георгіеўна Косік вучням малодшых класаў школы. Былі б толькі ў бацькоў грошы, а забаў самай рознай тэматыкі за межамі раёна дастаткова!

Восьмы год запар наведваюць вучні школы рэзідэнцыю Дзеда Мароза “Верадова” Маладзечанскага лясгаса. У госці туды завіталі 50 вучняў 1-2 класаў. “Новы год на Алясцы” – такую праграму прапанавала аграсядзіба “Коні-поні” ў Ракаўскім сельсавеце. Аграсядзіба “Свет пчол” распрацавала святочную праграму “Школа паласатых Эльфаў”, якую наведалі пяцікласнікі. 40 вучняў 3-4 класаў паглядзелі казачнае неонавае шоу на лёдзе “Загадай жаданне, Дзед Мароз!” на “Чыжоўка-арэне”. Дзве групы па 50 чалавек у кожнай пабывалі на навагоднім прадстаўленні ў Дзяржаўным цырку.

 

З навучальнага года на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра запрацавала адкрытая пляцоўка “МАМА КІДS”, пра гэты праект пісала наша газета. За некалькі месяцаў маладыя маці і іх дзеткі атрымалі шмат карыснай інфармацыі і многаму навучыліся.

Малыя, якія не неведваюць дашкольныя ўстановы, вывучылі размеры прадметаў, формы, колеры, навучыліся скакаць, маляваць, танцаваць, рабіць аплікацыі і добра размаўляць. Запомнілася маладым жанчынам сустрэча з дэфектолагам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталляй Макар. У ФАЦ “Надзея” ў снежні прайшла спартландыя “Мама і я – спартыўная сям’я”, у якой прынялі ўдзел 14 дзяцей і маці, абяднаныя ў каманды “Вавёрачкі” і “Зайчыкі”. Перамаглі “Вавёрачкі” і атрымалі ў падарунак фітболы.

Для выхаванцаў аддзялення сацыяльнага прытулку жанчыны падрыхтавалі навагодні ранішнік, на які запрасілі аніматара-клоўна з Мінска.

 

Для навабранцаў воінскай часці № 30695 першы сакратар РК БРСМ Алена Грыбоўская з дапамогай валанцёраў-ліцэістаў правяла завочнае падарожжа па Валожыншчыне.

Дзякуючы відэаролікам і дакументальным фільмам маладыя салдаты пабывалі ў Валожыне, Івянцы і аграгарадках Ракаў і Вішнева. Яны пазнаёміліся з гісторыяй гэтых населеных пунктаў, іх славутасцямі, вядомымі людзьмі, чые імёны звязаны з нашым раёнам.

 

Новы год пачаўся з не вельмі прыемнай навіны для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў. Закрыліся сацыяльная цырульня і пральня, якія месціліся ў цокальным памяшканні дома № 6а па вуліцы Партызанскай.

Гэтыя паслугі ніколі не былі прыбытковымі, аднак былі дастаткова запатрабаванымі. Па новых патрабаваннях яны павінны зарабляць самі на сябе. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г. Ф. Рай сказала, што памяшканне цырульні ўжо здадзена ў арэнду індывідуальнаму прадпрымальніку на ўмовах, што простыя стрыжкі для інвалідаў і пенсіянераў па-ранейшаму будуць са скідкамі.

 

8 студзеня ў 15 гадзін гараджан і гасцей горада на святочны канцэрт у РЦК запрашае народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”. Уваход бясплатны.

Са своеасаблівымі справаздачамі перад валожынцамі ў канцы мінулага года выступілі клуб ветэранаў “Верас” і народны калектыў гумару “Дубінскія фанабэры”.



Добавить комментарий