Разам у карагодзе…

Общество

Каманды Дзядоў Марозаў, Снягурак і іншых казачных персанажаў, якія прадстаўляюць прадпрыемствы і ўстановы раёна, штогод сустракаюцца каля галоўнай ёлкі Валожына.

Кожны раз арганізатары стараюцца ўнесці непаўторныя штрыхі ў традыцыйнае мерапрыемства. На гэты раз звыклага спаборніцтва паміж калектывамі за галоўны прыз не было. Пасля ўрачыстага шэсця галоўны Дзед Мароз запрасіў сваіх калег у карагод, а яны, у сваю чаргу, павялі за сабой жыхароў горада, якіх сабралася на плошчы нямала. Танцы, песні, гульні з раздачай прызоў парадавалі і дзетвару, і дарослых. Каманда самадзейных артыстаў з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва парадавала прысутных прадстаўленнем, галоўнымі героямі якога сталі сімвалы 2015 і 2016 гадоў – каза і малпа, а таксама цыганка, Баба Яга, Дзед Мароз і яго ўнучка. Прыдумалі невялікі, але яркі і запамінальны спектакль і бліскуча выканалі галоўныя ролі І. В. Кавяза, С. Ю. Клімкова, С. А. Кунцэвіч, А. В. Жданюк, Н. Е. Радына, В. Б. Радына, А. І. Байраш.

Сапраўдным сюрпрызам для жыхароў горада, якія ў гэты дзень павінны былі несці працоўную вахту і не змаглі назіраць за відовішчам на плошчы, стала сустрэча з удзельнікамі свята на рабочых месцах. Дзяды Марозы і іх памочнікі завіталі ў госці ў многія арганізацыі і навучальныя ўстановы горада.

Валянціна

КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий