Дзякуй за “гасцiнец”

Официально

Напярэдадні Новага года ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці адбылася знакавая падзея: заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” паспяхова здаў “экзамен” на пацвярджэнне свайго высокага звання.

Праграма складалася з сямнаццаці нумароў, кожны з якіх мог упрыгожыць любы канцэрт для самай пераборлівай публікі. На тварах журы, а складалася яно з мастацкага кіраўніка, галоўнага дырыжора нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Р. І. Цітовіча М. П. Дрынеўскага, дырэктара ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Р. І. Вайцяхоўскай, загадчыцы аддзела аматарскай творчасці І. У. Шыбут, намесніка дырэктара ЦНТ Н. У. Даўнаровіч, вядучага метадыста па промыслах і рамёствах традыцыйнага мастацтва В. Б. Хачковай, чыталася столькі захаплення і асалоды, што за вынясенне “вердыкту” можна было не хвалявацца.

Дырэктар раённага музея Н. П. Лоўчая прыпамінае, што Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, паглядзеўшы першы раз выступленне калектыву, сказаў: “Разразі мяне гром! Я такога, колькі жыў – не чуў…” Цяперашні “Гасцінец”, як адзначыў мэтр, зноў не расчараваў. Гэтыя самадзейныя артысты могуць даць фору прафесіяналам. Акрамя “чысціні” выканання, павагі заслугоўвае беражлівае стаўленне да спадчыны, вернасць нацыянальным традыцыям, творчы падыход да пошукаў рэпертуару.

Як вялікая планета прыцягвае да сябе маленькія, так і ў гэты калектыў імкнуцца людзі, прычым самых розных узростаў. Сёння ў “Гасцінцы” спяваюць, танцуюць і іграюць на музычных інструментах “зорачкі”-малышы, падлеткі, юнакі, дзяўчаты, іх бацькі і бабулі. Нельга не адзначыць і такі станоўчы момант: з гэтага года ўмовы для правядзення рэпетыцый значна змяніліся. Памяшканне цэнтра капітальна адрамантавана і адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.

Расказваць пра канцэрт, амаль тое ж самае, як апісваць смак стравы: не паспытаўшы – не ацэніш. Але на нумары ў выкананні ўзорнага фальклорнага гурта “Вянок” усё ж паспрабую запыніцца. Тым больш, што на сёлетнім абласным свяце-конкурсе “Напеў зямлі маёй” ён заняў першае месца, у чарговы раз пацвердзіўшы, што ракаўскія артысты без узнагарод вышэйшай пробы не застаюцца. Не падводзяць правераныя складальнікі поспеху: аўтэнтычнасць дзейства, вакальная зладжанасць, глыбокае адчуванне народнай эстэтыкі. І кожнае выступленне, прадуманае і ўвасобленае кіраўніком “Гасцінца” Лізаветай Станіславаўнай Пятроўскай, уражвае цэласнасцю сцэнічнага вобраза, на які працуюць і касцюмы, і музыка, і танцы.

Ідэю нумара падкінула добра вядомая дзіцячая замова: “Дожджык, дожджык, секані! Бабу з поля прагані!” Здаецца, што можна ўзяць з пяці простых слоў? Хто ў маленстве іх не ведаў, не падскакваў, паўтараючы са смехам… Лізавета Станіславаўна ж заўважыла за імі не лёгкую прыцягальнасць, а моц. Старажытную, магічную, здольную ўзяць гледача ў палон, зачараваць і не даць апомніцца, што тэкст, бы зацяжны дождж, увесь час паўтараецца. Гукавы фон забяспечылі жалейка, дуда, барабаны, акарыны (імітацыя птушыных галасоў), розныя шумавыя інструменты і некалькі гліняных збаноў, якія то звінелі, то гулі, то выдавалі пляск кропель ад дотыкаў хлапечых рук. Калі эмацыянальнае напружанне песні дасягнула кульмінацыі, падалося, што дождж і сапраўды пайшоў… Цешыліся яму ў радасным танцы дзяўчаты, весялей паліліся музыка і спевы. Двое самых маленькіх удзельнікаў гэтага міні-спектакля не проста гулялі каля кошычка, а дапаўнялі агульную карціну: упраўляліся са свістулькамі і бразготкамі.

Чалавеку заўсёды хочацца зацугляць прыроду, прымусіць яе слухацца. Праліўся дожджык – і даволі, зноў патрэбна яснае неба, ласкавае сонейка. Тут ужо не абыдзешся без замовы: “Бусел, бусел, вылей воду, закружыся на пагоду!” Яна і паклала фінал гэтаму музычнаму падарожжу ў даўніну, калі дарослыя, як дзеці, верылі ў цуды, на дзяцей рана ўскладаліся дарослыя абавязкі, а песні і сказанні вучылі ўдумлівасці і мудрасці.

“Гасцінец” не толькі радуе сваім дасканалым майстэрствам, але і выхоўвае гледача, абуджаючы павагу да чыстай, сапраўднай спадчыны нашага народа.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *