Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ЗВЯРОК МАЛЫ, ДЫ ДАРАГІ

У РАУС паступіла паведамленне ад начальніка 2-га ўпраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, што на тэрыторыі Івянецкай паляўнічай дачы затрыманы браканьер.

Пры выездзе на месца здарэння было ўстаноўлена, што мінчанін, 1989 года нараджэння, непадалёку вёскі Шыкуці займаўся незаконным паляваннем на гарнастаяў. Мужчына ведаў, што гэтыя рэдкія звяркі занесены ў Чырвоную кнігу, аднак не адмовіўся займець каштоўны, хоць і забаронены трафей. Ахвярай браканьера стаў маладзенькі самец. Урон, нанесены прыродзе, спецыялісты ацанілі амаль у 40 мільёнаў рублёў. Акрамя выплаты немалой сумы грошай, мужчыну чакае яшчэ і крымінальная адказнасць.

ШКОДА АД МУЧНОГА

Запас бяды не чыніць, але, бывае, прыносіць нямала галаўнога болю. Прынамсі, адной з жыхарак раёна ў гэтым давялося пераканацца. Жанчына трымала ў гаспадарчай пабудове 13 мяхоў з мукой і 2 – з ячменем на агульную суму 1234200 рублёў. Аднойчы ўсё гэта багацце бясследна знікла. Давялося пацярпелай прасіць дапамогі ў міліцыі. Злодзеі затрыманы. Імі аказаліся двое мужчын-вяскоўцаў.

ДЗЯДЗЬКА З ЛЮЛЬКАЙ

Жыхаром нашага раёна гэты мужчына стаў нядаўна, але ўвагу да сваёй персоны з боку праваахоўнікаў прыцягнуў адразу. У сутычкі з законам ён уступаў рэгулярна, быў не раз судзімы. Зараз супраць яго ўзбуджана крымінальная справа за незаконнае захоўванне і спажыванне псіхатропных рэчываў. Пры вобыску ў поле зроку міліцыі трапіла люлька, якую часам пакурваў злачынца. У цыбуку люлькі выяўлены рэшты асабліва небяспечнага “спайсу”.

РЫХТАВАЛІСЯ ДА ЗАСТОЛЛЯ

Напярэдадні свят у адным доме гаспадары недалічыліся купленай загадзя гарэлкі і цукерак. У тым, што гэта крадзеж, сумнявацца не было прычыны. Не ўяўляў сакрэту і спосаб злачынства: зламыснік разбіў шыбу і забраў тое, што кідалася ў вочы. Па адпячатках пальцаў і слядах злодзея вылічылі. А вось затрымліваць яго не прыйшлося: ён ужо сядзеў “на сутках” за ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне.

Супрацоўнікі службы ДАІ падчас аператыўнага мерапрыемства затрымалі на аўтадарозе Мінск-Гродна легкавы аўтамабіль у салоне якога перавозіліся 20 бутэлек алкагольных напіткаў “Віскі” і “Марціні” без акцызных марак. Спіртная прадукцыя на агульную суму 4500000 рублёў канфіскавана, у адносінах да вадзіцеля складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

ЗАЛПАЎ НЕ БУДЗЕ

У адным прыватным гандлёвым павільёне райцэнтра, які спецыялізаваўся па продажы піратэхнічнай прадукцыі, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі 826 найменняў тавару коштам больш чым на 45 мільёнаў рублёў. Устаноўлена, што выбухованебяспечныя рэчы захоўваліся з парушэннем правіл і таму не могуць рэалізоўвацца і выкарыстоўвацца.

РАССАКРЭЧАНЫ ПІН-КОД

Пластыкавую картку і паперку з пін-кодам да яе мужчына трымаў дома навідавоку. Аб тым, што яго рахунак “палягчэў” на 700000 рублёў, заўважыў толькі тады, калі вырашыў набыць тое-сёе да свята. Аб прапажы грошай паведаміў у банк і міліцыю. Злодзеем аказаўся знаёмы, які часта гасціў у пацярпелага. Ён і пакарыстаўся карткай без дазволу і ведама гаспадар. Даючы паказанні ў міліцыі, прызнаўся: разлічваў, што ніхто на яго не падумае…

Матэрыял да друку па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий