Калегi сталi сапернiкамi

Спорт

У спартыўна-аздараўленчым комплексе “Брылькі” ўпершыню прайшла раённая спартакіяда сярод работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Прысвячалася яна 80-годдзю прафсаюзнага руху на Беларусі. Дарэчы, кожны трэці спартсмен у нацыянальнай камандзе рэспублікі па розных відах спорту – выхаванец прафсаюзнай спартыўнай школы. Вялікую ўвагу фізкультурна-спартыўнае таварыства прафсаюзаў надае развіццю дзіцяча-юнацкага спорту і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву.

У раённай спартакіядзе ўдзельнічалі 30 чалавек: настаўнікі фізічнай культуры ўстаноў адукацыі, трэнеры па спорце і інструктары-метадысты ФАЦ “Надзея”, трэнеры-выкладчыкі ДЮСШ. Яны спрачаліся між сабой у наступных відах спорту: настольным тэнісе, дартсе, кідках у баскетбольнае кальцо, набіванні футбольнага мяча, скачках у даўжыню і на скакалцы. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны медалямі і каштоўнымі падарункамі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў і грашовымі прызамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Чэмпіёнам у настольным тэнісе стаў трэнер-выкладчык ДЮСШ Аляксей Шапашнікаў, другое і трэцяе месцы занялі настаўнік гімназіі Аляксандр Кавяза і трэнер па спорце ФАЦ “Надзея” Вольга Вярбіцкая. У дартсе першынстваваў інструктар-метадыст ФАЦ “Надзея” Аляксей Міхнавец, другое і трэцяе месцы ў настаўніка Пяршайскай СШ Віктара Менцюка і настаўніка гімназіі Івана Філістовіча. У кідках у баскетбольнае кальцо самым трапным быў Іван Філістовіч, другое месца заняў настаўнік Багданаўскай СШ Казімір Бітэль, трэцяе – Аляксей Шапашнікаў.

У набіванні футбольнага мяча вызначыўся настаўнік Гародзькаўскай СШ Вадзім Дронец, другое і трэцяе месцы занялі інструктар-метадыст ФАЦ “Надзея” Дзмітрый Язубец і яшчэ адзін настаўнік Гародзькаўскай СШ Дзмітрый Дронец. У скачках на скакалцы першынстваваў настаўнік СШ № 2 Сяргей Шаўлюк, у прызёрах – настаўнік Івянецкай СШ Дзмітрый Булакевіч і інструктар ФАЦ Аляксей Міхнавец.

Лепшы вынік у скачках у даўжыню сярод мужчын паказаў Аляксей Міхнавец, другое і трэцяе прызавыя месцы занялі Дзмітрый Дронец і настаўнік Суднікаўскай СШ Максім Юшкевіч. Сярод жанчын у гэтым відзе праграмы лепшай была трэнер ДЮСШ Анастасія Паталей, другі і трэці вынік паказалі настаўнікі Вішнеўскай і Ракаўскай СШ Таццяна Страха і Алена Корань.

На маю думку, людзям, якія праводзяць урокі фізічнага выхавання, трэніруюць маладое пакаленне і глядзяць на спаборніцтвы з трэнерскай “ложы”, і самім было цікава праверыць свае сілы, паспрачацца з калегамі ў майстэрстве і паказаць, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий