Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

 

За час работы ёлачных базараў у Валожыне і Мінску, у лясніцтвах раёна работнікі лясгаса рэалізавалі 3207 елак рознага памеру на суму больш за 200 мільёнаў рублёў. Асабліва вызначыліся Валожынскае і Ракаўскае лясніцтвы. 

 

Да 10 студзеня ў краіне працягваецца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, удзел у якой бралі члены ўрада, дзяржаўныя чыноўнікі і ўсе дабрачынныя арганізацыі.

Акцыю “Калядная ёлка жаданняў” правяла раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. 24 снежня мінулага года в. а. старшыні А. У. Трацэўская разам з валанцёрамі з сельскагаспадарчага ліцэя абышлі прадпрымальнікаў-гандляроў на Валожынскім рынку, а 28 снежня – індывідуальных прадпрымальнікаў горада. У выніку на рынку было ахвяравана 129 адзінак адзення і абутку на суму 9 мільёнаў 695 тысяч рублёў і сабрана 592 тысячы 500 рублёў. Значная сума паступіла і ад валожынскіх прадпрымальнікаў, асаблівую шчодрасць праявілі магазіны “Люстэрка” і “Мара”. Былі сфарміраваны 16 салодкіх падарункаў на суму больш за 1 мільён рублёў, іх атрымалі дзеці-сіроты, якія вучацца ў ліцэі, выхаванцы аддзялення сацыяльнага прытулку і чатыры гарадскія сям’і. Гэтым жа дзецям пад Новы год былі ўручаны неабходныя ім абноўкі.

 

З 12 па 14 студзеня пройдзе III этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. На гэты этап прайшлі адбор 18 школьнікаў, якія паказалі высокія вынікі на раённым этапе.

Прадстаўнікі навучальных устаноў Валожыншчыны будуць удзельнічаць у алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, англійскай мове, матэматыцы, інфарматыцы, геаграфіі і працоўным навучанні.

 

За 2 і 3 студзеня новага года раённую бібліятэку наведалі адпаведна 52 і 27 чытачоў. Фармуляр пад нумарам 1 выдадзены пастаянным чытачам бібліятэкі – сям’і Ціхановіч, аформлены ён на жонку – Ларысу Фамінічну.

Аналагічны фармуляр у чытальнай зале выдадзены вучаніцы 10 класа СШ № 1 райцэнтра Крысціне Загорскай. Паслугамі чытальнай залы за першыя два дні карысталіся 66 чытачоў.

 

У канцы мінулага года ў ліцэі прайшоў Калядны турнір па валейболе сярод мужчынскіх каманд. У ім прынялі ўдзел 6 каманд нашага раёна: зборная ветэранаў валейбола і маладзёжная зборная райцэнтра, СКІВ з Івянца і маладзёжная зборная гарпасёлка, воінскай часці і вёскі Подберазь, а таксама дзве гасцей – Мінскага раёна і Навагрудка.

Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца ў каманды Мінскага раёна, другое – маладзёжнай зборнай Валожына і трэцяе – СКІВ. Тройка прызёраў узнагароджана граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.

 

У другі дзень новага года ў 0.26 паступіла паведамленне пра загаранне надворнай пабудовы на вуліцы Зарэчнай у вёсцы Выганічы Ракаўскага сельсавета. Калі выратавальнікі ПАВП-13 Ракава прыбылі на месца здарэння, то драўляны хлеў даволі ўнушальных памераў гарэў адкрытым полымем.

Пажар пачаўся з месца, дзе складзіраваліся сена і салома, затым перакінуўся на ўсю пабудову. У выніку – памяшканне выгарала знутры, знішчаны дах і столевыя перакрыцці. Свойскую жывёлу гаспадары паспелі вывесці. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

 

4 студзеня ў 6.06 было зарэгістравана другое паведамленне пра пажар, паступіла яно з вёскі Кучкуны зноў жа Ракаўскага сельсавета. Тушыць яго давялося выратавальнікам ПАВП-13.

 Як стала вядома, у 3 гадзіны ночы з Мінска прыехалі дзеці гаспадароў дачнага катэджа з сябрамі. Распалілі лазню не для таго, каб мыцца, а для абагравання. Двое гасцей засталіся начаваць у мансардзе лазні. Менавіта госць і прачнуўся ля 6 гадзін ад спёкі і ўбачыў языкі полымя. Абышлося без ахвяр. Аднак сама лазня аднаўленню не падлягае.

Прычына пажару – парушэнне правіл устройства пячного ацяплення. Дымаход печкі быў выкананы з сэндвіч-трубы, а гэты матэрыял забаронены для прымянення. Між тым, многія працягваюць ім карыстацца, чым падвяргаюць свае жыцці пагрозе. Аднак кожны чалавек думае, што такое можа здарыцца з кім заўгодна, толькі не з ім…



Добавить комментарий