Капiтан у моры капiталу

Общество

У рэйтынгу самых наведваемых устаноў банкі займаюць другое месца пасля магазінаў. А ад таго, наколькі паспяхова функцыянуюць фінансавыя ўстановы, залежыць не толькі камфорт кліентаў, але і агульны стан эканомікі.

Нядаўна “Беларусбанку” споўнілася 93 гады. Аб тым, чым сёння жывуць банкаўскія работнікі, мы папрасілі расказаць дырэктара ЦБП № 605 філіяла № 500 ААТ “ААБ Беларусбанк” І. А. ПУКАЛА.

 

– Іна Аляксееўна, дайце агульную характарыстыку вашай установы.

– Як і ў любым калектыве, галоўны базіс у нас – людзі. Для 51 чалавека ў раёне “Беларусбанк”, спадзяюся, з’яўляецца не толькі месцам працы, але і платформай прафесіянальнага росту. Сярэдні ўзрост работнікаў – 38 гадоў, узрост актыўнасці і працаздольнасці. 27 маіх калег маюць вышэйшую адукацыю, 15 – сярэдне- спецыяльную па банкаўскай сферы, яшчэ 8 супрацоўнікаў вучацца ці праходзяць перападрыхтоўку. У раёне адкрыты 10 аддзяленняў нашага банка і адзін абменны пункт. Гэта 22 працоўныя месцы. Намі аказваюцца ўсе віды банкаўскіх паслуг, абслугоўваем як насельніцтва, так і юрыдычных асоб. Даводзіцца займацца рэалізацыяй дзяржаўных Праграм па льготным крэдытаванні насельніцтва, праводзіць аперацыі з чэкамі “Жыллё”, “Маёмасць”.

 

– Няўжо гэтыя чэкі яшчэ не страцілі надзённасці?

– Зараз толькі нельга перавесці чэкі “Маёмасць” у чэкі “Жыллё”, але шмат іншых аперацый засталося. Дзейнасць чэкаў “Маёмасць” будзе доўжыцца яшчэ паўгода, да 30 чэрвеня 2016-га. Так што, калі ў каго на руках яны засталіся, то самы час іх прыладкаваць.

 

– А як наогул Вы можаце ахарактарызаваць узровень фінансавай граматнасці нашага насельніцтва?

– Магу сказаць, што банк карыстаецца даверам. Людзі ахвотна робяць уклады, афармляюць крэдыты, ажыццяўляюць плацяжы. Аднак даволі туга адбываецца пераход на безнаяўныя разлікі, усяго толькі 27 працэнтаў ад агульнай колькасці грашовых аперацый. За прагрэсам мы яўна не паспяваем. Ужо з’явілася бескантактная форма аплаты праз тэрміналы, якая забяспечваецца спецыяльнай накладкай на экран смартфона. А многія ўсё пластыкавай карткі баяцца…

 

– Можа стаўку трэба рабіць на моладзь, а не на прадстаўнікоў старэйшага пакалення, схільнага ў грашовых справах да кансерватызму?

– Пад эгідай Нацыянальнага банка навучанне дзяцей школьнага ўзросту ўжо праводзіцца. Мы таксама не застаёмся ўбаку. На мінулым тыдні давялося выконваць прыемную місію – узнагароджваць вучаніцу гімназіі № 1 г. Валожына Ксенію Барахоўскую Дыпломам за 3-е месца ў рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай граматнасці. У раёне і вобласці гэта дзяўчынка заняла першае месца. “Папрацаваць” добрымі чараўнікамі напярэдадні Новага года ніколі не забываем. Заўсёды ўдзельнічаем у акцыі “Нашы дзеці”, наведваем дабрачынныя ёлкі і ахвотна бяром на сябе спонсарскія абавязкі.

 

– Раскажыце пра праблемы, з якімі найчасцей сутыкаюцца банкаўскія работнікі?

– Лічыць чужыя грошы – справа, як вядома, не самая ўдзячная. А афармленне банкаўскіх дакументаў патрабуе не меншай уважлівасці, чым пры натарыяльным завярэнні. Існуе і такая з’ява, як несвоечасовае пагашэнне крэдытаў. Прычым грашаць гэтым і фізічныя, і юрыдычныя асобы. Часам даводзіцца спаганяць грошы праз суд.

У гэтым годзе пройдзе дэнамінацыя, грошы памяняюць воблік. Думаю, што для банкаўскіх работнікаў гэта будзе няпростым выпрабаваннем.

3 студзеня ў банкаўскіх работнікаў прафесіянальнае свята. Таму шчыра віншую свой калектыў, калег з “Белаграпрамбанка”, а таксама нашых кліентаў і ўкладчыкаў з гэтай нагоды і жадаю здароўя, удачы, шчасця ў асабістым жыцці. Няхай гэты год для ўсіх нас пачнецца і скончыцца паспяхова.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий