У Новы Год – з новымi планамi

Общество

Адзін з інвестараў – замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “ХОЛАДінтэрнэшнл Плюс” – трывала асталяваўся на Валожынскай зямлі і ўпэўнена разгортвае тут дзейнасць.

Кампанія спецыялізуецца на праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі, мадэрнізацыі прадпрыемстваў па забоі і перапрацоўцы птушак, свіней, буйной рагатай жывёлы, цэхаў паглыбленай перапрацоўкі мяса, агароднінасховішчаў, малаказаводаў, а таксама вытворчасці халадзільнага абсталявання для прамысловасці. А месціцца фірма з шырока вядомым у нашай краіне і за яе межамі іменем у вёсцы Пральнікі. Перад Новым годам удалося пагутарыць з выканаўчым дырэктарам прадпрыемства Робертам Хмялеўскім аб тым, як абсталёўваліся на новым месцы і аб планах на год будучы.

У заснавальніка кампаніі – спадара Станіслава Хмялеўскага, карэннага паляка і бацькі нашага рэспандэнта, дарэчы, – даўно выспявала ідэя перанесці офіс кампаніі і галоўную вытворчасць з Мінска ў месца больш спакойнае, аддаленае ад урбаністычнага цэнтра. І ў час адной з рабочых паездак па Міншчыне натрапіў на такое – у нас, на Валожыншчыне. Быў заключаны буйны інвестыцыйны дагавор на выкуп будынка былога Дома культуры. Работы над знешнім рамонтам і ўнутранай перабудовай пачаліся каля двух гадоў таму. Сёння дзейнасць на асноўным аб’екце практычна завершана, калектыў – а гэта каля 70 чалавек – працуе на новым месцы. Роберт расказаў і аб першапачатковых складанасцях, якія ўзніклі пры пераездзе. Увесь тагачасны штат быў прадстаўлены жыхарамі Мінска, і не сказаць, каб яны горача падтрымалі ідэю перасяліцца са сталіцы на перыферыю. Праблема вырашылася дзякуючы арганізаванай на пастаяннай аснове дастаўцы рабочых на працоўнае месца і назад. Спецыялісты кампаніі – майстры, пайшчыкі – працуюць у Беларусі, Казахстане, арганізавана навучанне працоўных кадраў на вытворчых пляцоўках замежных прадстаўніцтваў. Асобным пунктам інвестпраекта было ўвядзенне дадатковых працоўных месцаў для мясцовага насельніцтва. І гэта дамова выконваецца.

Персанал цяпер заняты на падрыхтоўцы сертыфікатаў на прадукцыю, вытворчасць якой плануецца да запуску ўжо сёлета. Вытворчыя магчымасці прадпрыемства выглядаюць прывабна. У год супрацоўнікі здольны пабудаваць “з нуля” і запусціць у эксплуатацыю цэх па забоі і перапрацоўцы птушкі. Праўда, у Беларусі такія аб’екты пакуль не запатрабаваны: прамысловая база краіны з бягучымі аб’ёмамі прадукцыі спраўляецца ўласнымі магутнасцямі. Аднак ёсць папярэднія заказы на будаўніцтва больш дробных вытворчасцей. У якасці працы сумнявацца не даводзіцца: прадпрыемства “ХОЛАДінтэрнэшнл Плюс” на тэрыторыі Беларусі пабудавала ўжо каля дзясятка падобных аб’ектаў.

Расказаў Роберт Хмялеўскі і пра тое, як калектыў уладкоўваецца на новым для сябе месцы. Аказваецца, на тэрыторыі фірмы ёсць ужо нават уласны агарод, які разрастаецца і цешыць свежым і смачным ураджаем. Даглядаюць за ім зноў-такі работнікі з ліку мясцовых жыхароў. А ў будучым на тэрыторыі з’явіцца і ўласная лазня. Усё ж такі тут разумеюць, што, каб атрымаць на працы поўную аддачу, трэба паклапаціцца і пра камфортны адпачынак.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий