Жыве i ў вус не дуе…

Закон и порядок

Ці знойдзецца ўправа на заўзятага гандляра самагонам з горада Валожына?

Камерцыйная жылка ў яго працавала спраўна, і бізнес-праекты ажыццяўляліся адзін за другім. Завоблачнага багацця яны, праўда, не прыносілі, але і капейкі да палучкі лічыць не прыходзілася. Вось толькі з кожным годам усё цяжэй стала круціцца на немаладых нагах… Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, наш герой рашыў паспытаць сілы ў падпольным алкагольным бізнесе.

Калі за самагонаварэнне атрымаў ад праваахоўных органаў па руках, перакваліфікаваўся ў пасрэдніка: набыванне саматужнай гарэлкі і перапродаж. Справа пайшла з размахам: аброс “кліентурай”, вадкі тавар разыходзіўся імгненна, пакідаючы ў кішэні прыемны хруст банкнотаў…

Гэтага ціхага, сціплага чалавека часта можна бачыць у горадзе з рукзачком на спіне. І рэдка хто з прахожых здагадваецца, што ў тым рукзачку, бы ў скрыні Пандоры, схаваны розныя беды: слёзы, разбураныя сем’і, страчанае здароўе людзей – усё, што нясе з сабой п’янства. Некаторыя алкаголікі, не маючы грошай, разлічваюцца з “пастаўшчыком” рэчамі, вынесенымі з дамоў: тэлевізары, камп’ютары, дываны і нават наборы мяккай мэблі. Прадпрымальны гандляр самагонкай тут жа здае той рэчавы “канфіскат” у камісіёнку. І жыве, у вус не дуе…

Адно толькі даймае, што ў суд трэба хадзіць, як на работу, бо рэдка які месяц абыходзіцца без пратаколаў аб учыненні адміністрацыйнага правапарушэння, звязанага з незаконным абаротам алкагольнай прадукцыі. Толькі ў гэтым годзе ён дванаццаць разоў прыцягваўся да адказнасці. Штомесяц мільён аддае на штрафы (іх агульная колькасць ужо за 40 мільёнаў пераваліла!). Але аптымізму і бадзёрасці не губляе: “Мільён заплачу, пяць – зараблю!” Што і гаварыць – высокарэнтабельны, надзейны бізнес без рэгістрацыі і ўсялякай дакументальнай цягамоціны…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий