Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

На мінулым тыдні, напярэдадні Нараджэння Хрыстова, у СШ № 2 райцэнтра прайшла святочная ўрачыстасць для адораных дзяцей – пераможцаў інтэлектуальных, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Па традыцыі такое мерапрыемства раённага маштабу ініцыявала грамадская арганізацыя “Белая Русь”.

30 вучняў з усіх школ раёна сабраліся на мерапрыемства, большасць з іх прадстаўлялі гарадскія ўстановы адукацыі. Павіншаваць адораных дзяцей са святамі прыйшлі старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня раённага падраздзялення арганізацыі “Белая Русь” Н. А. Чарнышова. У віншаваннях яны выказалі спадзяванні, што школьнікі цэняць клопат дзяржавы пра падрастаючае пакаленне, што юныя таленты адчуваюць падтрымку настаўнікаў і маюць магчымасць развіваць свой творчы патэнцыял. Госці свята ў той дзень удзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях і конкурсах, спявалі і танцавалі, кожны вярнуўся дадому з салодкім падарункам.

 Напярэдадні Новага года ў Ракаўскі дзіцячы яслі-сад паступіла надворнае гульнявое абсталяванне на суму 180 мільёнаў 535 тысяч рублёў. Грошы на яго закупку на 6 пляцовак для шасці груп выдаткаваў Ракаўскі сельвыканкам са сродкаў ад праведзеных аўкцыёнаў.

Гэта дзіцячая дашкольная ўстанова адна з самых буйных у раёне: Ракаўскі яслі-сад наведваюць 150 дзетак. Падобнага найноўшага гульнявога абсталявання і ў такой колькасці няма ні ў адной дашкольнай установе раёна. Акрамя домікаў-альтанак, для гульняў на свежым паветры ўстаноўлены сталы і лаўкі ў выглядзе самалёта, смаўжа, вагончыка, паравозіка, чарапахі, кацера, пажарнай машыны. Таксама набыты некалькі разнастайных гульнявых комплексаў, качалак на спружынах, сценка для кідання, пясочніца-дворык з горкай “Залатая рыбка” і інш.

 

З 4 студзеня на вадаёме ў цэнтры Валожына запрацаваў каток: гучыць музыка, наладжана асвятленне. Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Надзея” выдае напракат канькі, у наяўнасці каля 200 пар розных размераў.

У мінулым годзе быў значна абноўлены асартымент пракату. У будзённыя дні пракат канькоў працуе з 15 да 21 гадзіны, у выхадныя – з 12 да 20. Расчысткай лёду будуць займацца штатныя работнікі ФАЦ “Надзея” і камунальнікі. На традыцыйным месцы ў цэнтры гарадскога пасёлка Івянец, на вуліцы Камсамольскай, заліты каток. Тут таксама арганізаваны пункт пракату канькоў, праўда, у наяўнасці іх значна менш – каля 30 пар.

 

 З надыходам моцных маразоў імгненна замерзлі вадаёмы і сталі гатовымі для падлёднай рыбнай лоўлі. У нашым раёне дастаткова аматараў такой рыбалкі.

У раённым таварыстве паляўнічых і рыбаловаў налічваецца 180 членаў-рыбакоў. Менавіта яны маюць перавагу перад іншымі рыбакамі. Па апошняй інфармацыі, ім дазваляецца выкарыстоўваць да 10 ставак (кручкоў). Думаю, што аматарам рыбнай лоўлі мэтазгодна ўступіць у члены таварыства, каб не трапіць “на кручок” адміністрацыйнай адказнасці.

 

 У дні зімовых канікулаў ФАЦ “Надзея” праводзіў Дні адкрытых дзвярэй, каб школьнікі маглі пазнаёміцца з разнастайным спартыўным абсталяваннем, бясплатна пазаймацца на розных трэнажорах згодна са сваім узростам.

5 студзеня з фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам “Надзея” ў Валожыне пазнаёміліся 19 вучняў Яршэвіцкай сярэдняй школы. Дзеці з задавальненнем пазаймаліся на трэнажорах.

 

 Як вядома, у сувязі з пагрозай афрыканскай чумы свіней практычна знішчана папуляцыя дзікоў у лясах раёна. Толькі за мінулы год было адстраляна 37 асобін. Дэпапуляцыя дзіка працягваецца.

За 2015 год за знішчэнне дзікоў дзяржава выплаціла 47 мільёнаў рублёў. На базе раённага падраздзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў для гэтай мэты створана спецыяльная брыгада, у якую ўвайшлі прафесіянальныя паляўнічыя. За адстрэл дзіка паляўнічы атрымлівае ў выглядзе кампенсацыйных выплат па дзве базавыя велічыні.



Добавить комментарий