Яго работа стала лепшай сярод 65 канкурэнтаў…

Напярэдадні навагодніх свят у многіх дарослых абуджаецца вера ў цуды. А вось дзеці не толькі вераць у цуды заўсёды, але і самі ўмеюць ствараць чароўную казку. Напрыклад, 5-гадовы Антон БАБІЧ разглядзеў хараство ў… пластыкавых стаканчыках.

Хлопчык два дні карпатліва склейваў сотні пластмасавых ёмістасцей, каб атрымаць незвычайнага снегавіка.

У складаным творчым працэсе юны скульптар не абышоўся без бацькоўскай дапамогі. Мама Людміла і тата Іван – міліцыянеры. Нягледзячы на шчыльны графік працы, яны знайшлі час для сумеснай творчасці з сынам. Калі пластыкавага матэрыялу не хапіла, тата аб’ездзіў амаль усе магазіны райцэнтра, пакуль, нарэшце, удалося дакупіць патрэбныя белыя стаканы.

Атрымалася зрабіць два полыя шары. Злучаныя разам, упрыгожаныя яркай шапкай і мішурой, яны ператварыліся ў аб’ёмную канструкцыю-снегавіка.

Метровы снегавік прынёс хлопчыку перамогу на конкурсе навагодніх цацак, арганізаваным у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка”, што ў райцэнтры. Лёгкі па вазе выраб здзівіў журы сваёй арыгінальнасцю і памерам. Канкурэнцыя была сур’ёзная: работы дэманстравалі каля 65 юных мастакоў.

Зараз Антон кожны вечар засынае, абняўшы махнатае медзведзянё – гэту цацку ён атрымаў у якасці галоўнага прыза на творчым спаборніцтве. Хлопчыку сніцца, што яго мара здзейснілася: ён стаў ваенным, высокім і моцным. Але нечакана ў сне з’яўляецца гульнявая прыстаўка “Руль, газ і тормаз”, якую Антон марыў знайсці пад ёлкай у навагоднюю ноч. Таму, прачынаючыся штораніцы, ён вырашае яшчэ трохі затрымацца ў дзяцінстве, дзе не так ужо і дрэнна…

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars