Паўстагоддзя аддала медыцыне

Культура

Таццяна Мікалаеўна пасля замужжа займела далёка не мілагучнае прозвішча – Парцянка, але высакароднай прафесіяй яна міжволі прымусіла ракаўчан пачціва адносіцца да сваёй персоны.

 Амаль паўвека яна працавала медыцынскай сястрой у мясцовай участковай бальніцы. Добрую славу здабыла сярод людзей, дзякуючы адданаму служэнню сваёй прафесіі. Пры сустрэчы вяскоўцы да яе заўсёды паважліва звярталіся, выключна толькі па імені і імені па бацьку, а завочна называлі зразумела і проста – “мядзічка”.

Хоць урачом Таццяна Мікалаеўна ніколі і не была, але сярод тутэйшых жыхароў яна мела высокі аўтарытэт. У далёкія 50-я гады мінулага стагоддзя скончыла ў Ашмянах курсы медсястры. А затым шмат займалася самаадукацыяй. Па крупінках яна засвойвала вопыт сваёй нялёгкай прафесіі, працуючы побач з такімі мясцовымі карыфеямі практычнай медыцыны, як галоўны ўрач Ракаўскай бальніцы Адам Пятровіч Сташэўскі, а затым яго пераемнік Леў Рыгоравіч Кобжаў.

У маладосці наша гераіня марыла пра вышэйшую медыцынскую адукацыю. Але бясконцыя сямейныя клопаты, мацярынскія абавязкі па выхаванні траіх дзяцей так і не дазволілі ажыццявіцца яе запаветнай мары… А была яна медработнікам ад Бога, на сваю працу і сапраўды заўсёды ішла, як на свята. Нават будучы на пенсіі, да Т. М. Парцянкі нярэдка званілі і асабіста прыходзілі ў дом па вуліцы Мінскай у Ракаве людзі за практычнай парадай і дапамогай. І яна нікому не адмаўляла.

Таццяна Мікалаеўна заўсёды давярала толькі навуковай медыцыне і падазрона адносілася да народнага лекарства, знахарства і інш.

Гераіня гэтай замалёўкі ўважліва гартае ў памяці старонкі сваёй біяграфіі. Прыгадвае, як у бальнічнай палаце яна, маладая медсястра, пазнаёмілася з пацыентам Мікалаем, які пазней і стаў яе мужам. Ён працаваў вадзіцелем у адной з будаўнічых арганізацый. У лютую зіму разаграваў з дапамогай паяльнай лямпы машыну, і нечакана загарэўся рабочы камбінезон. Моцныя апёкі рук прыйшлося працяглы час лячыць у Ракаўскай бальніцы. Прыгожы хлопец адразу спадабаўся Таццяне. Праўда, калі яна даведалася пра яго прозвішча, то інтарэс да будучага кавалера крыху астыў. Калі збіраліся афіцыйна зарэгістраваць шлюб, Мікалай Парцянка пераканаўча запэўніваў сваю будучую жонку, што з цягам часу яны абое абавязкова зменяць гэта прозвішча па прыкладу старэйшых братоў. Яны былі Афанасьевічамі і прозвішча афіцыйна перапісалі на Афанасьеў. Да замужжа Таццяна Мікалаеўна была Чарнавец. Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы Хутар, што ў Чэрвеньскім раёне. А муж быў родам з Крупшчыны. Але паступова маладая жонка звыклася з прозвішчам і мяняць нічога ў сваім пашпарце не стала… Больш таго, два сыны сталі носьбітамі гэтага сямейнага сімвала. Старэйшы сын Генадзь – дацэнт, выкладае ў адной са сталічных ВНУ. Другі сын Мікалай жыве ў Ракаве. Дачка Алена – у Мінску, працуе ў сістэме грамадскага харчавання ў Фаніпалі. Усе дзеці маюць вышэйшую адукацыю.

Васьмідзесяцівасьмігадовая бабка Таццяна багатая на сваіх нашчадкаў: яна мае 9 унукаў і 12 праўнукаў. Праўда, ніхто з іх пакуль не звязаў сваё жыццё з медыцынай.

Наша гераіня ў маладосці была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Яна мела звонкі, добра пастаўлены голас. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскай рабоце бальніцы, заўсёды менавіта ёй давяралі ўзначальваць каманду сандружынніц на раённых і абласных спаборніцтвах. Мела яна і хобі для душы: з вялікай любоўю і цярпеннем доўгія вечары праводзіла за вышываннем. І цяпер іконы ў жылым пакоі ўпрыгожваюць ручнікі, вышытыя яе ўмелымі рукамі.

…Сёння ў яе спакойная, шчаслівая старасць. Па-ранейшаму жыве ў Ракаве ў сваёй хаце, хаця дзеці настойліва клічуць на зіму да сябе. Рашуча адмаўляецца, таму па чарзе яны рэгулярна адведваюць матулю, шчыра падтрымліваюць яе ў пачцівыя гады. І гэта цешыць сэрца жанчыны. На працягу 50 гадоў, пакуль сумленна працавала ў медыцыне, Таццяна Мікалаеўна заўсёды з міласэрнасцю адносілася да ўсіх людзей і сама цяпер цешыцца гэтай падтрымкай і ўвагай, таму і глыбокая старасць для яе не цяжар…

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий