Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

У Беларусі калядныя святкаванні працягваюцца да 19 студзеня. Якіх толькі мерапрыемстваў з удзелам розных катэгорый насельніцтва не адбылося ў нашым раёне! Здаецца, не забыты ні старыя, ні малыя…

 Традыцыйныя калядныя сустрэчы з удзелам пенсіянераў пад эгідай прафсаюзнай арганізацыі прайшлі ў СШ № 1 райцэнтра. Як сказала старшыня прафкама Святлана Косік, на ўліку ў іх прафсаюзнай арганізацыі састаяць 76 педагогаў-ветэранаў. Да тых, хто пайшоў на пенсію з гэтага калектыву, некалькі гадоў таму далучылі пенсіянераў былой школы-інтэрната. І кожнага абзванілі і запрасілі на свята.

Іскрынкай святочнай імпрэзы была прэм’ера мюзікла “Марозка”, якую падрыхтавалі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Іванаўна Бітэль і настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Казіміраўна Кезік. У мюзікле задзейнічаны вучні старэйшых класаў. Прэм’ера прайшла на ўра. А пасля калектыў школы і госці бавілі час за кубкам кавы і гарбаты, было мора віншаванняў, успамінаў і цікавых аповедаў.

 

9 студзеня прайшла творчая справаздача аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А гледачамі былі намеснікі па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі раёна. Канцэртныя нумары перамяжоўваліся мультымедыйным суправаджэннем пра тыя аб’яднанні, удзельнікі якіх не маглі выйсці на сцэну. Галоўнай дзеючай асобай па сцэнарыі быў Маленькі Прынц, яго ролю выконваў Яраслаў Віршыч, які ўпершыню трапіў на Планету творчасці.

Яркія нумары падрыхтавалі ўдзельнікі аб’яднання “Свет танца”, якім кіруе педагог дадатковага выхавання Н. П. Шыркова. На суд гледачоў яны вынеслі танцы “Лявоніха” і “Спартыўны”. Новыя песні выконвалі і выхаванцы Н. М. Гаўрыс, якая кіруе аб’яднаннем “Звонкія галасы”. Пад музыку на сцэну выходзілі юныя валейбалісты ў спартыўнай форме і з мячамі, спартыўнымі лозунгамі. Члены аб’яднанняў “Займальная англійская” і “Гаворым па-польску” (кіраўнікі А. В. Грынкевіч і І. С. Ваньковіч) чыталі вершы і спявалі. У холе цэнтра творчасці была размешчана выстава работ аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладнога профілю. Каталог паштовак ручной работы падрыхтавала да справаздачы бізнес-кампанія. Госці пабывалі таксама на занятках аб’яднанняў па інтарэсах.

 

За першыя дзесяць дзён новага года ў радзільным аддзяленні раённай бальніцы з’явіліся на свет пяцёра немаўлят, сярод якіх усяго адна дзяўчынка.

Першыя ў гэтым годзе роды прыйшліся на 4 студзеня. А для самой 30-гадовай Марыны Уладзіміраўны Разановіч з вёскі Пугачы гэта былі ўжо пятыя. На свет з’явіўся хлопчык-волат вагой 4 кілаграмы 570 грамаў. 5 студзеня прымалі роды ў 17-гадовай жыхаркі Івянца. 8 студзеня другое дзіця, хлопчыка, нарадзіла жыхарка Гародзькаў, а ў парадзіхі з Івянца ў той дзень з’явілася на свет дзяўчынка, трэцяе дзіця ў сям’і. 10 студзеня першынца нарадзіла жанчына з вёскі Семернікі. Раённы цэнтр “маўчыць”: яго насельніцтва пакуль не павялічылася.

 

У гэтыя дні, калі над краінай гаспадарыў цыклон “Даніэла”, вельмі дарэчы стала снегаабаронная сетка, якую яшчэ ў лістападзе мінулага года ўстанавілі на трасе “М-7. Мінск-Ашмяны. Граніца Літвы” рабочыя Валожынскай ЛДД-612. Сетка, так бы мовіць, прайшла праверку стыхіяй.

Устаноўлена яна выбарачна на ўчастках з 59 па 72 кіламетр, у месцах найбольш задуваемых снегам. Такія ўчасткі вызначаліся гадамі, і добра, калі сетка дапамагла дарожнікам і транспартнікам. Усяго на гэта ахоўнае мерапрыемства пайшло 2 тысячы пагонных метраў (2 кіламетры). Такую сетку ўстанавілі ўпершыню. Раней практыкавалі снегазатрымальныя драўляныя шчыты.

 

У сталіцы прайшло першынство Мінскай вобласці па дзюдо сярод юніёраў і юніёрак 1996-1998 гадоў нараджэння.

Каманда аддзялення дзюдо Валожынскай ДЮСШ заняла другое месца. За каманду выступалі Дзмітрый Загорскі, Максім Конан і Аляксей Міхеткін, усе яны – навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя.

 

19 жыхароў Валожына, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, у мінулыя выхадныя пабывалі ў тэатры Я. Купалы на навагоднім прадстаўленні “Ноч перад Ражджаством” па матывах класічнага твора М. Гогаля.

 Да спектакля яны паспелі наведаць Нацыянальны мастацкі музей, дзе ў гэтыя дні дэманструюцца афорты Ф. Гойі і П. Пікаса. Гэта выстава адкрылася дзякуючы намаганням былога міністра культуры, а цяпер пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі.



Добавить комментарий