ЦДТ падзялiўся вопытам

Молодежный курьер

У раённым цэнтры дзіцячай творчасці распачаў работу цэнтр па вывучэнні Правіл дарожнага руху “Святлафор”.

На мінулым тыдні цэнтр дзіцячай творчасці сабраў у сваіх сценах кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна, а таксама іх намеснікаў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. Тут прайшла творчая справаздача гурткоў, падчас якой адбылося адкрыццё цэнтра па вывучэнні Правіл дарожнага руху.

У мерапрыемстве прыняў удзел начальнік аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС М. М. Ліштван. Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што менавіта дзеці часта з’яўляюцца прычынай дарожна-транспартных здарэнняў, таму нельга пераацаніць актуальнасць і жыццёвую неабходнасць як мага больш ранняга абучэння хлопчыкаў і дзяўчынак паводзінам на дарозе.

Дырэктар ЦДТ К. В. Кароль азнаёміла калег са структурай, мэтамі і задачамі, а таксама планам работы цэнтра “Святлафор”. Перад педагогамі выступілі члены каманды ЮІД, якія прадэманстравалі не толькі свае творчыя здольнасці, але правялі для гледачоў віктарыну па Правілах дарожнага руху. Закончылі выступленне юныя інспектары выкананнем гімна ЮІД. Далей прысутныя былі запрошаны на прэзентацыю кабінета па вывучэнні ПДР, дзе змаглі паназіраць за фрагментам заняткаў педагога дадатковай адукацыі І. І. Маршалка з групай навучэнцаў школ горада.

У гэты ж дзень госці ўстановы змаглі азнаёміцца з работай большасці гурткоў, якія працуюць пры цэнтры дзіцячай творчасці. Усяго тут дзейнічаюць 29 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца 1223 хлопчыкі і дзяўчынкі.

Вынікі насычанага дня падвяла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму А. І. Мілюткіна. Яна падкрэсліла, што дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі з’яўляецца важнай складанай часткай сістэмы адукацыі ў рэспубліцы, таму кіраўніцтву ўстаноў адукацыі нашага раёна неабходна надаваць вялікую ўвагу стварэнню належных умоў для творчага развіцця юных жыхароў Валожыншчыны. Усебаковую дапамогу ў арганізацыі гэтай работы гатовы аказаць педагогі ЦДТ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий