Мiстычнае супадзенне

Культура

Цяпер, калі ўсё дрэннае ўжо прайшло, Таццяна ніяк не можа зразумець, як яна змагла вытрываць тое, што адбывалася ў яе жыцці апошнія тры гады.

Чатыры гады назад яна пазнаёмілася з маладым чалавекам. Здавалася, што менавіта яго яна чакала ўсё жыццё. Спадабаўся хлопец і Таццянінай маці. Дзяўчына адчувала сябе самай шчаслівай у свеце. Калі даведалася, што цяжарная, вельмі ўзрадавалася. Каханы быў таксама на сёмым небе ад шчасця. Былі ўпэўнены, што народзіцца хлопчык Дзіма…

Нечакана ў паводзінах маладога чалавека адбыліся змены. Таццяна ўжо не адчувала з яго боку ні любові, ні пяшчоты, ні клопату. Неўзабаве ён з’ехаў за мяжу. У маладой жанчыны спачатку яшчэ цеплілася нейкая надзея, а потым і яна патухла. Ад любага некалі мужчыны не было ніякіх звестак.

У вясновую пару нарадзіўся хлопчык… Жанчына не хацела, каб нават імя дзіцяці напамінала аб былым, таму назвала яго Арцёмам.

Хлопчык развіваўся нармальна, але быў вельмі хваравітым. Пасля чарговага абвастрэння ўзнікла ўскладненне. Арцёму ўрачы паставілі страшны дыягназ. Усё жыццё Таццяны стала падпарадкоўвацца праблеме лячэння хворага сына. Традыцыйная медыцына не дапамагала. Жанчына ў роспачы звярнулася да знахаркі. Калі тая паглядзела на фотакартку хлопчыка, то сказала: “Гэта Дзіма”. Маладая маці на імгненне замерла. “Не, гэта Арцём”, – нерашуча прамовіла яна. Знахарка пачала гаварыць аб тым, што ў гэтага дзіцяці павінна быць імя Дзмітрый, і калі ўжо яго назвалі па-іншаму, то трэба пахрысціць пад гэтым імем. Таццяна ў разгубленасці расказала, што хлопчыка ўжо пахрысцілі як Арцёма. А ў галаве ў гэты час прамільгнула думка аб тым, што перад таінствам святар прапанаваў даць дзіцяці пры хрышчэнні імя Дзмітрый, бо ў той дзень адзначаліся імяніны гэтага святога.

Жанчына тады адмовілася, але каб толькі можна было ведаць наперад, чым гэта абернецца… Нарэшце знахарка прапанавала жанчыне называць у паўсядзённым жыцці сына Дзімам, нягледзячы на дакументы. Яна дадала, што для хлопчыка вельмі карыснымі былі б зносіны з бацькам.

Сапраўды, пасля таго, як дзіця пачалі называць Дзімам, хлопчык пайшоў на папраўку. Цяпер былую гісторыю Таццяна ўспамінае, як дрэнны сон. Дзіма паправіўся, бацька пры магчымасці наведвае сына. Ён вярнуўся з-за мяжы, папрасіў прабачэння, нават прапанаваў зарэгістраваць шлюб. Яна даравала яму, але забыцца аб тым, што здарылася, не можа, таму адхіліла прапанову.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий