Яго сэрца грэла вера

Культура

Сто гадоў таму, 14 студзеня 1916 года, нарадзіўся чалавек, які прывёў да Бога не адно пакаленне людзей і які паклаў жыццё на тое, каб у касцёлах Беларусі гучала мова яе народа, – ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. 23 студзеня ў Вішневе, дзе ён адслужыў на душпастарскай ніве амаль паўстагоддзя, адбудзецца вялікая ўрачыстасць. Збяруцца паважаныя асобы як свецкага, так і духоўнага статусу, парафіяне, а таксама тыя, хто нясе ў сваім сэрцы светлую памяць і павагу да гэтага Святара.

ПРЫВЯДЗЕ НАС У ХРАМ БЕЛАРУСКІ ДАРОГА…

У часы атэізму айцу Уладзіславу не толькі ўдалося захаваць касцёл, парафію, але і падняць цаліну нацыянальнай духоўнай культуры. Без Божага промыслу тут яўна не абышлося. Яму выпала працаваць у складаных, часам нават экстрэмальных умовах.

У 1967 годзе, калі і ў краіны сацыялістычнага лагера рэдка каму ўдавалася выязджаць, гэты сціплы чалавек трапляе ў Ватыкан, дзе сустракаецца з Панціфікам Паўлам VI і атрымлівае дазвол перакласці Біблію на беларускую мову. Праца зойме ў Чарняўскага амаль сорак гадоў. У 2001 годзе яго Біблія выйшла ў свет. Яна не мае строга канфесіянальнай накіраванасці і аднолькава запатрабавана як у каталікоў, так і ў праваслаўных, пратэстантаў.

Пасля візіту ў папскую сталіцу, айцец Уладзіслаў мог стаць першым біскупам Беларусі. Менавіта такія планы былі ў Паўла VI, але ўлады, ведаючы асобу вішнеўскага ксяндза, яго ўплывовасць на простых людзей і творчую інтэлігенцыю, не далі дазволу на біскупства. Ксёндз Уладзіслаў, не звяртаючы ўвагі на нядобразычліўцаў, нёс людзям Божае Слова, на ўласным прыкладзе вучыў моцы і адданасці Веры, Надзеі, Любові.

ЗА ЎСІХ КЛАПАЦІЎСЯ, ЗА ЎСІХ МЕЎ ТРЫВОГУ

Пакуль быў маладзейшы, у далёкія вёскі дабіраўся на мапедзе. Адкінуўшы бюракратычныя патрабаванні, даваў шлюбы і хрысціў дзяцей без адпаведных запісаў у касцельных кнігах, каб не нашкодзіць тым вернікам, якія павінны іграць ролю шчырых атэістаў. Рытуалы часам адпраўляліся пад покрывам ночы, далей ад пільных вачэй змагароў з Богам.

Але хапала смельчакоў, якія ганарыліся сяброўствам з беларускамоўным святаром. Не раз парог у дом Чарняўскага пераступаў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Ён увекавечыў вобраз вішнеўскага ксяндза ў адным са сваіх раманаў.

Многія з навукоўцаў, асабліва мовазнаўцы і гісторыкі, кансультаваліся ў айца Уладзіслава. Бо ён быў чалавекам рэдкай адукаванасці, дасканала ведаў некалькі моў, у тым ліку старажытнагрэчаскую і латынь, што дапамагло рабіць пераклад Святога Пісання на падставе першакрыніц і параўноўваць з адпаведнікамі на польскай, літоўскай і нямецкай мовах. Чарняўскі сабраў за жыццё багатую бібліятэку, якая зараз захоўваецца ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Паміж старонкамі некаторых кніг можна адшукаць папяровыя карункі – выцінанкі, якія ксёндз Уладзіслаў выразаў па-майстэрску і паважаў гэты занятак.

 

ПАСТАР З БОЖАЙ ВОЛІ

Многія жыхары Вішнева добра памятаюць Чарняўскага, “ксяндзочка”, як называла яго мая бабуля: сівы, невысокі, проста апрануты. Калі дрэнна сябе адчуваў, то заходзіў у местачковую бальніцу, да ўрачоў Людмілы Рубан ці Станіслава Лужынскага. Атрымліваў медыцынскую дапамогу, часам згаджаўся падсілкавацца. Расказваў, што ў дзяцінстве і маладосці меў вялікія праблемы са здароўем і шчыра прасіў Дзеву Марыю аб дапамозе. І тыя маленні былі пачуты…

Яго вішнеўцы любілі, хоць ён і пакрытыкаваць умеў, і заўвагі рабіць не цураўся. А вось чым ніколі не вызначаўся, дык гэта прагай да заможнасці. Хто не памятае яго выраз: “Не трэба грошай! Нясі дадому, можа сама не маеш на якую патрэбу?..”

І пры любым выпадку ён напамінаў вернікам аб тым, што маліцца трэба мовай, дадзенай Богам. У пачатку ХХ стагоддзя такія дзеячы беларускага хрысціянскага руху, як Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, ужо спрабавалі абудзіць рэлігійную свядомасць беларусаў, але толькі ксёндз-марыянін Уладзіслаў Чарняўскі здолеў дастукацца да людскіх сэрцаў, выхаваць паслядоўнікаў. Сярод іх і пробашч касцёла Св. Сымона і Алены ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк, і кіраўнік грэка-каталіцкай царквы на Беларусі Сяргей Гаек, і два браты-светары, ураджэнцы Гальшан айцы Анатоль і Віктар, якіх у свой час пахрысціў Чарняўскі, а таксама дзясяткі іншых ксяндзоў, якія адпраўляюць Св. Імшу па-беларуску. Гучыць беларускае слоўца з вуснаў ксяндза-доктара Генрыха Акалатовіча ў касцёле Св. Юзафа ў Валожыне. Дарэчы, калі стала вядома, што пластмасавы цэх больш не будзе “кватараваць” у будынку Валожынскага касцёла, існавала шмат прапаноў наконт таго, што тут размясціць. Айцец Уладзіслаў першым агучыў: “Аддайце людзям…”

Па яго слове і сталася, бо не ішло яно ў разрэз з Божым. У нечым святар Чарняўскі аказаўся падобным да Яна Хрысціцеля: той у пустыні звяртаўся да людзей, і яго словы дайшлі да адрасатаў, Чарняўскі ж у адзіночку сеяў беларускасць у руска- і польскамоўным асяроддзі.

 

ВУЧЫШ ТЫ НАС, ОЙЧА, ДАРАЖЫЦЬ, ЧЫМ ТРЭБА…

Сённяшні пробашч касцёла Адведзін Св. Дзевы Марыі ў Вішневе ксёндз Юзаф Мяльдзюк дбае аб тым, каб зберагчы спадчыну айца Уладзіслава. У малітвах і песнях выкарыстоўваюцца менавіта тыя варыянты, якія адобраны Чарняўскім. Ён, напрыклад, лічыў памылковым калькавае словаўтварэнне з рускай мовы “благаслаўлёны”, бо слова “благі” па-беларуску мае рэзка адмоўны сэнс. Раіў прамаўляць “Багаслаўлены”, што азначае “Богам услаўлены”.

Больш даведацца пра касцельную лексіку паводле Чарняўскага можна з кнігі “Багаславі нас, Маці”. Гэта зборнік песень Вішнеўскай парафіі. Акрамя музычных твораў, тут можна знайсці цудоўны пераклад Крыжовай Дарогі, фатаграфіі з жыцця касцёла, вершы, напісаныя вернікамі да касцельных урачыстасцей.

Выпуск кнігі прымеркаваны акурат да стагадовага юбілею айца Уладзіслава Чарняўскага, і з Божай дапамогай укладальніцы зборніка, арганістцы Вішнеўскага касцёла Марыі Трапашцы гэта ўдалося. Інакш чым можна растлумачыць, што, сеўшы першы раз за камп’ютар на восьмым дзясятку гадоў (не вельмі ветліва ўдакладняць узрост жанчыны, даруй мне, мама!), можна хутка асвоіць некалькі праграм, потым самастойна набраць тэксты, “уклеіць” фатаграфіі, аздобы, ноты і звярстаць кнігу ў больш чым 300 лістоў?! Хапае скептыкаў, якія не вераць, што такое наогул магчыма без дапамогі спецыялістаў. Варта ўдакладніць, што Марыя Іосіфаўна з’яўляецца аўтарам многіх тэкстаў і музыкі. Яе песні ўжо прайшлі выпрабаванне на запатрабаванасць: надрукаваны ў зборніку “Ойча наш”, гучаць падчас тэлетрансляцый каталіцкіх урачыстасцей, выконваюцца ў касцёлах Беларусі.

М. І. Трапашка ўпэўнена, што і сам айцец Чарняўскі паспрыяў, каб парафіяльны зборнік убачыў свет, бо ў кнізе абараняюцца яго моўныя пазіцыі, якія, на жаль, часам ужо дэфармуюцца.

Выдаць кнігу – справа не танная. Ды нездарма кажуць: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”. Або хоць аднаго сапраўднага сябра, такога, напрыклад, як Галіна Дземідовіч з вёскі Савічы. Яна і ўзяла на сябе ролю галоўнага фундатара. На адпаведнасць рэлігійным канонам кансультацыі даў айцец Юзаф Мяльдзюк. На старонках выдання знойдуць свае прозвішчы і фотаздымкі жыхары Вішнева, суседніх вёсак, католікі і праваслаўныя. Усіх іх яднае Вера ў Бога, любоў да дадзеных ім дароў: жыцця, зямлі, мовы, а таксама памяць пра айца Уладзіслава Чарняўскага, асветніка, патрыёта і гуманіста…

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий