Iм спартыўная форма да твару…

Спорт

Дні зімовых канікулаў кіраўнікі ўстаноў адукацыі, фізічнай культуры і спорту праводзілі не толькі ў службовых кабінетах ды на нарадах. У адзін са студзеньскіх дзён яны сабраліся ў спартыўна-аздараўленчым комплексе “Брылькі”, дзе прымалі ўдзел у раённай спартакіядзе.

У самых розных відах праграмы мераліся сіламі кіраўнікі дзіцячых садоў і школ, іншых падраздзяленняў аддзела адукацыі, а таксама ДЮСШ, ФАЦ “Надзея” і САК “Брылькі”. Усяго ў спартакіядзе ўдзельнічалі 39 чалавек.

Не было роўных дырэктару Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Але Віктараўне Клімковай. Яна заняла першае месца ў кіданні набіўнога мяча, другое – у набіванні тэніснага мяча і двойчы была трэцім прызёрам: у кідках у баскетбольнае кальцо і скачках на скакалцы. Больш маладыя калегі маглі толькі па-сяброўску пазайздросціць Але Віктараўне ў трапнасці, спрыце і спартыўным азарце.

У дартсе першынствавала намеснік па спорце начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Валер’еўна Башаркевіч, другое і трэцяе месцы – дырэктары цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ірына Іванаўна Кірыловіч і Яршэвіцкага ВПК Ала Віктараўна Пятроўская. Яна, дарэчы, была трэцім прызёрам і ў набіванні тэніснага мяча. А перамагла ў гэтым відзе праграмы намеснік начальніка аддзела адукацыі Алена Іванаўна Мілюткіна. Гонар гімназіі № 1 Валожына як самай баскетбольнай установы раёна падтрымала яе дырэктар Алена Іванаўна Клачко, якая перамагла ў кідках у баскетбольнае кальцо. Другое месца ў гэтым відзе спаборніцтваў на рахунку загадчыцы ясляў-сада № 2 райцэнтра Ірыны Пятроўны Ралавец.

У скачках на скакалцы і скачках у даўжыню лепшай была дырэктар Пугачоўскага ВПК Аксана Віктараўна Сафронава. Другі вынік на скакалцы паказала яе калега з Пяршайскага ВПК Святлана Леанідаўна Ламака. У кіданні набіўнога мяча другі і трэці вынікі ў кіраўніка СПЦ Святланы Іванаўны Мучынскай і дырэктара Суднікаўскай СШ Ірыны Уладзіміраўны Юсцік. У скачках у даўжыню другі вынік паказала І. І. Кірыловіч, трэці – В. В. Башаркевіч.

Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, асобна – ад свайго роднага прафкама. У той дзень жанчыны-кіраўнікі атрымалі такі зарад бадзёрасці, змянілі звыклую абстаноўку, што гэта не вымераеш ніякімі ўзнагародамі!

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий