Гарым, браткi, гарым!

Закон и порядок

За першую дэкаду новага года на Валожыншчыне адбыліся 5 пажараў. У агні загінулі два чалавекі. Гэтыя лічбы значна перавышаюць паказчыкі мінулага года.

Адразу два пажары зафіксаваны ў раёне 8 студзеня.

У 0.14 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Петрусоўшчына Івянецкага сельсавета. На момант прыбыцця выратавальнікаў-пажарных з ПАВП “Івянец” гарэў драўляны жылы дом памерамі 16х10 метраў. А ўсяго ў тушэнні ўдзельнічалі 4 падраздзяленні РАНС, акрамя самых блізкіх івянецкіх, прыбылі іх калегі з Ракава, Валожына і Дораў. Дапамога выратавальнікаў з Пугачоў і Дзяржынскага раёна не спатрэбілася, іх вярнулі.

У працэсе тушэння будынка і азнаямлення з абстаноўкай стала вядома, што гэта не проста дом, а аграсядзіба “Цераскі”. На той момант там адпачывалі 15 гасцей з Расіі. Да прыбыцця спецыялістаў людзі з памяшканняў былі эвакуіраваны, аднак уся іх маёмасць, а таксама дакументы былі знішчаны ў агні. Засталіся ў тым, у чым выбеглі з ахопленага полымем будынка.

Калі пачаўся пажар, не спалі толькі чатыры чалавекі: двое дарослых і двое дзяцей. Менавіта адзін з дзяцей і адчуў няладнае. Калі дарослыя падняліся на мансардны паверх, то ўбачылі языкі полымя і дым у раёне дымахода, тады і выклікалі пажарных.

У выніку аграсядзіба знішчана цалкам. Прычына пажару: парушэнне правілаў устройства і мантажу цеплагенерыруючых прыбораў і агрэгатаў. Такі вось сумны, нават экстрэмальны, атрымаўся ў расіян адпачынак.

А ўвечары, у 23.17, паступіла чарговае паведамленне пра загаранне жылога дома. На гэты раз гарэў дом № 15 у вёсцы Капусціна Валожынскага сельсавета.

Пры тушэнні пажару спецыялістамі з ПАВЧ-1 Валожына на ложку ў жылым пакоі быў выяўлены труп гаспадыні 1948 года нараджэння. А хвілінай пазней, у 23.50, — у другім пакоі знайшлі труп яе сужыцеля 1968 года нараджэння.

Мяркуемая прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане. 6 студзеня жанчына атрымала пенсію і пачалася балёўка. Дарэчы, у доме быў устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Але ці спрацаваў ён, пра гэта ўжо ніхто не скажа.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий