Навыперадкi з агнём

Закон и порядок

У пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Валожына па чарзе нясуць вахту тры змены выратавальнікаў.

Згодна з нарматывам, у выпадку паступлення трывожнага сігналу яны павінны выехаць на ліквідацыю надзвычайнага здарэння за хвіліну.

Так заўсёды і адбываецца, ды агонь таксама не марудзіць. Напрыклад, нядаўні пажар у вёсцы Капусціна, якая зусім побач з райцэнтрам. Выратавальнікі прыбылі своечасова, але полымя паспела знішчыць і жылы дом, і яго пастаяльцаў… Вогнішча магло б пайсці і далей, але пажарным удалося яго лакалізаваць. У той вечар дзяжурства выпала змене пад кіраўніцтвам Аляксандра Васюніна.

А напярэдадні “вясёлая ночка” выдалася і групе Аляксандра Сухадольца, калі гарэла аграсядзіба, у якой адпачывала вялікая колькасць людзей. Там, на шчасце, абышлося без ахвяр.

Калі адбываецца вогненны форс-мажор, работніку выратавальнай службы патрабуюцца надзвычайная ўважлівасць, прафесіяналізм і, вядома ж, выдатная фізічная падрыхтоўка. Начальнік часці, маёр Аляксандр Журкевіч у сваіх хлопцах упэўнены: да заняткаў па фізпадрыхтоўцы ставяцца сур’ёзна, з тэарэтычнымі ведамі таксама спраўляюцца. А нядаўна атрымалі новы аўтамабіль для тушэння пажараў. Яго напаўняльнасць – 10 тон вады, што замяняе тры старыя мадыфікацыі пажарных машын. Такі сучасны агрэгат значна павышае эфектыўнасць работы.

Але не толькі ўтаймоўваць агонь даводзіцца выратавальнікам. Напярэдадні прафесійнага свята нямала работы падкінула мяцеліца. Разам з камунальнымі службамі яны дапамагалі людзям і тэхніцы вызваляцца са снежнага палону. У зімовы час часцей адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні, пры якіх пацярпелых могуць уратаваць толькі работнікі МНС пры дапамозе гідраўлічнага аварыйна-выратавальнага інструмента.

На фота тыя, хто не раз уступаў у схватку з агнём: начальнік часці Аляксандр ЖУРКЕВІЧ, камандзіры аддзялення Віктар СЯНЬКО і Сяргей КАРСАКОЎ, вадзіцелі Сяргей САДОЎСКІ і Сяргей СІВЫ, старшы пажарны Іван ПАСЕКА.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



Добавить комментарий