Пазiтыўны настрой – гарант працоўнага поспеху

Официально

Швейны цэх аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства працуе з прыбыткам. Пазалетась ён пераехаў у адрамантаванае, цёплае, кампактнае памяшканне па вуліцы Партызанскай райцэнтра. У камфортных умовах працуецца лягчэй і спрытней. За 11 месяцаў мінулага года выручка ад рэалізацыі тавараў склала 68 мільёнаў рублёў.

Сакрэт гандлёвага поспеху – выдатная якасць вырабаў, даступныя цэны і выкананне ў тэрмін даведзенага плана. З вялікім аб’ёмам работы спраўляецца калектыў з 5 чалавек, загадвае якім В. В. Адамовіч. Усе майстрыхі дасведчаныя, акуратныя і старанныя. Напрыклад, І. С. Рамановіч працуе швачкай у цэху з 93-га года, з моманту яго адкрыцця.

Летась тут з’явілася паслуга па дробным рамонце адзення. Аб’ем вытворчасці за 2015 год склаў 1 мільярд 715 мільёнаў рублёў.

Прадукцыя – пасцельная бялізна, кухонныя і лазневыя ручнікі, пледы, хусткі, насоўкі – пастаўляецца ва ўсю гандлёвую сетку райспажыўтаварыства. Некаторыя раённыя ўстановы, як, напрыклад, Валожынскае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС, з прапанаванага асартыменту заказваюць швейнаму цэху навагоднія падарункі для сваіх супрацоўнікаў.

Аднак 70% выпуску ад аб’ёму вытворчасці ўсё ж даводзіцца на спецвопратку. Сярод раённых прадпрыемстваў яе асноўныя заказчыкі – філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, ільнокамбінат, райаграпрамтэхніка, аўтапарк № 14, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. З-пад умелых рук швачак выходзяць халаты, спецкасцюмы, уцепленыя курткі, камізэлькі, камбінезоны, рукавіцы і іншыя вырабы. Спецадзенне выпускаецца і для шматлікіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Вырабы швейнага цэха карыстаюцца попытам і лёгка разыходзяцца і ў іншыя кропкі вобласці. Наладжаны пастаўкі Маладзечанскаму і Барысаўскаму камбінатам хлебапрадуктаў, ААТ “Рапс” Мінскага раёна, барысаўскаму ААТ “Завод зборнага жалезабетону”, УП “Аблкаапгандаль Мінск” і іншым прадпрыемствам. З пачатку гэтага месяца спецвопратка на 60 млн рублёў адправілася на КУП «Віцебскі кандытарскі камбінат «Віцьба».

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ

На фота:

Швачка Ірына Вікенцьеўна РАДЫНА, загадчыца швейнага цэха Вольга Віктараўна АДАМОВІЧ, швачкі Жанна Мечыславаўна ПУПА і Ірына Сяргееўна РАМАНОВІЧ, закройшчыца Ірына Іванаўна БАРАХОЎСКАЯ, швачка Жанна Уладзіміраўна СЕРГІЕВІЧ стварылі ў сваім невялікім калектыве пазітыўную, сяброўскую атмасферу.



Добавить комментарий