Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

З пачатку новага года ў Валожынскім ЗАГСе тры пары злучылі свае лёсы.

Першая рэгістрацыя адбылася 5 студзеня: у шлюб уступілі грамадзянін Рэспублікі Беларусь і грамадзянка Украіны. Яшчэ адна пара распісалася 15 студзеня. У суботу, 16 студзеня, прайшла ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу.

Па даных на 13 студзеня, у аддзеле ЗАГС выпісаны 7 пасведчанняў аб нараджэнні і 6 — аб смерці.

 

У сувязі са складанай сітуацыяй апошніх дзён, высокім снежным покрывам, штатныя егеры раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў 3 разы ў тыдзень праводзяць выкладку сакавітых кармоў і зерня для падтрымкі аленя і казулі.

Менавіта для гэтых мэт восенню было закуплена і нарыхтавана 1,5 тоны солі, 35 тон сакавітых кармоў, 32 тоны фуражнага зерня і 5 тон сенажу.

 

Па лініі ЧАЭС на першы квартал года нашаму раёну выдзелены 13 пуцёвак для дзяцей з праблемамі органаў дыхання ў рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння, а менавіта ў яе філіял — рэабілітацыйны цэнтр “Зялёны Бор”, што ў Салігорскім раёне.

Пуцёўкі разлічаны на 21 дзень, заезд адбудзецца з 1 сакавіка. Групу для аздараўлення па медыцынскіх паказчыках будзе фарміраваць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

 Гурток “З камп’ютарам на “ты” пачаў працаваць на базе раённага Цэнтра культуры. Кіраўнік яго, работнік РЦК Ілля Кавалеўскі, праводзіць індывідуальныя заняткі, да якіх прыступілі першыя 5 чалавек.

  

 Прэм’ера нашумелага фільма “Звездные войны: пробуждение силы” ў кінатэатры “Юнацтва” нашага горада пачалася 24 снежня мінулага года, праз тыдзень пасля сусветнай прэм’еры.

Першы фільм гэтай серыі з’явіўся 40 гадоў таму. Дарэчы, у Амерыцы, на радзіме блакбастара, людзі стаялі па 2 дні ў чарзе, каб набыць білеты на сеанс, і давалі іх усяго па два ў адны рукі. У нашым кінатэатры за тры тыдні фільм паглядзелі 402 чалавекі. Магчыма, гэта будзе рэкорд па наведванні 2016 года.

А з 14 студзеня ў кінатэатры пачаў дэманстравацца лепшы мастацкі фільм апошняга кінафестывалю “Залаты глобус” — “Выжыўшы” з Леанарда Ды Капрыа.

 

 Мінскі філіял РУП “Белпошта” аб’явіў конкурс дзіцячага малюнка “Паштовая краіна”. На конкурс прымаюцца работы дзяцей і моладзі ад 6 да 18 гадоў, падаваць іх можна да 11 сакавіка бягучага года з паметкай “На конкурс”.

Адпраўляць па адрасе: 220039, Мінск, вул. Варанянскага, дом 5, корпус 3.

За больш падрабязнай інфармацыяй пра конкурс і яго ўмовы можна звяртацца ў раённы вузел паштовай сувязі. Хочацца, каб гэту інфармацыю прачыталі кіраўнікі мастацкіх гурткоў і творчых аб’яднанняў, якіх шмат дзейнічае ва ўстановах адукацыі раёна, і далі магчымасць сваім выхаванцам праверыць сілы.

 

12 студзеня ў 21.58 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб абрушэнні жалезабетоннага перакрыцця на плошчы 80 кв. метраў цаглянага будынка цялятніка на тэрыторыі МТФ “Вайганы” ААТ “Багданаўскае”.

Работнікі гаспадаркі яшчэ да прыбыцця выратавальнікаў пачалі эвакуацыю маладняку. Усе разам вывелі з памяшкання 208 цялят ва ўзросце да шасці месяцаў. Абышлося без страт.

Дакладная прычына надзвычайнага здарэння ўстанаўліваецца. Праводзяцца праверкі і экспертызы. Хутчэй за ўсё абрушэнне адбылося з-за тэхнічнага зношвання канструкцый, бо цялятнік узведзены ў далёкім 1964 годзе.

З 14 студзеня выратавальнікі раёна арганізуюць работы па ачыстцы дахаў усіх будынкаў ад снегу. Гэта акцыя прадыктавана моцнымі снегападамі.



Добавить комментарий