Пад знакам “каляднай зоркi”

Культура

Прайшоў раённы дзіцячы фестываль праваслаўных песнапенняў “Калядная зорка”, у гэтым годзе юныя артысты сабраліся ў сёмы раз.

Каля 70 прадстаўнікоў раённых дзіцячых школ мастацтваў і Нядзельных школ Валожынскага благачыння выступілі на сцэне Івянецкага гарпасялковага Дома культуры. Арганізатарамі фестывалю сталі калектыў выкладчыкаў Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў і настаяцель царквы Святой Ефрасінні Полацкай Віктар Перагудаў.

Падрыхтаваная канцэртная праграма была змястоўнай. Кожны нумар стаў запамінальным. Удзельнікі дэманстравалі і тэатральныя пастаноўкі, і песні, і народныя танцы. Уразіла гледачоў выступленне этнафальклорнага гурта “Васілёк” з Нядзельнай школы пры івянецкай царкве. Высокі прафесіяналізм паказалі прадстаўнікі ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Кранула прысутных выкананне “Каляднай песенькі” самай маленькай удзельніцай фестывалю Алінай Мілеўскай.

Мерапрыемства сабрала ў глядзельнай зале дзяцей з Івянецкага дома-інтэрната, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама дарослых і пажылых людзей розных канфесій. Для івянчан “Калядная зорка” стала ў новым годзе адной з самых яркіх падзей.

Пасля канцэртнай праграмы з вітальным словам выступіў благачынны Валожынскай акругі, протаіерэй Дзмітрый Агіевіч. Выкладчыкі Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі для дзяцей забаўляльную праграму. Кацярына Пятроўна Радзівілава правяла майстар-клас па беларускіх народных танцах. На заканчэнні ўсіх удзельнікаў чакалі салодкія падарункі.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий