Агляд падзей у раённай газеце за студзень 1971 года

Культура

ШЧЫРА ПАПРАЦАВАЛI

Аб выніках сацыялістычнага спаборніцтва калгасаў і саўгасаў раёна за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1970 годзе.

Лепшы ўраджай збожжавых вырашчаны ў калгасе імя Леніна. Тут з кожнага гектара атрымана па 30,4 цэнтнера зерня.

У спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці бульбы першынство заваяваў калгас імя Чапаева. Ураджайнасць клубняў тут дасягнула 224 цэнтнеры з гектара.

 “Лепшая трактарная брыгада” – з калгаса імя М. Горкага (брыгадзір В. У. Бразоўскі). Выпрацоўка на ўмоўны трактар склала 584 гектары мяккага ворыва. Зэканомлена 7412 рублёў рамонтных сродкаў.

“Лепшая паляводчая брыгада” – з калгаса імя Леніна (брыгадзір М. Ф. Зялкоўскі). З кожнага гектара пасеваў тут атрымана па 36 цэнтнераў збожжавых, 231,5 цэнтнера бульбы, 322 цэнтнеры цукровых буракоў.

 “Лепшае звяно па вырошчванні лёну” – звяно калгаса імя Чапаева (звеннявая Герой Сацыялістычнай Працы Е. Т. Валадкевіч). Па 5,4 цэнтнера насення і па 10 цэнтнераў валакна з гектара атрымана на 18-гектарнай плошчы.

 “Лепшая даярка раёна” – Леаніда Сцяпанаўна Макар з калгаса імя Леніна.

 “Лепшая свінарка па вырошчванні парасят” – Софія Васільеўна Каранеўская з калгаса імя Леніна.

 “Лепшая птушніца” – Яніна Міхайлаўна Савіцкая з Івянецкага дзяржплемзавода.

 “Лепшы трактарыст” – Віталій Адамавіч Пратасевіч з калгаса імя Гастэлы.

 “Лепшы камбайнер” – Браніслаў Феліксавіч Баравік з калгаса “17 верасня”.

 

 

 

САПРАЎДНЫ ГАСПАДАР

Павел Канстанцінавіч Шэўлік – патомны хлебароб.

Ён любіць зямлю, умела гаспадарыць на ёй. Паважаюць яго ў саўгасе “Праца” за стараннасць, сумленныя адносіны да даручанай справы. У мінулым годзе ён узнагароджаны Ленінскім юбілейным медалём.

Цяпер хлебаробы гаспадаркі рыхтуюцца да веснавой сяўбы. Павел Канстанцінавіч заняты на буртоўцы тарфагноевых кампостаў. Працуе, як заўсёды, з натхненнем, паказвае прыклад іншым. Свае працоўныя здабыткі хлебароб прысвячае XXIV з’езду Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

 

 

 

БАГАТАЯ НА ЗДАБЫТКI

была восьмая пяцігодка для калектыву раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”.

Уласнымі сіламі работнікі ўзвялі манумент у гонар 50-годдзя Савецкай улады. Высадзілі 21 тысячу кустоў і 2300 дрэў, у тым ліку пладовыя.

За межамі раёна вядомы справы рабочых і механікаў прадпрыемства. Рабочы І. Г. Савіцкі – майстар на ўсе рукі. Выдатна выконвае кавальскія, слясарныя, зварачныя, станочныя работы. На абласным конкурсе па прафесіях заняў другое месца. Ён – удзельнік ВДНГ, узнагароджаны дыпломам. Удзельнікам ВДНГ у Маскве з’яўляецца каваль І. С. Залескі.

Высокімі паказчыкамі ў працы, таварыскасцю вызначаюцца ўдарнік камуністычнай працы слесар Н. Г. Захарэвіч, рабочы В. Л. Бобрык, брыгадзір Г. М. Бабровіч, слесар-мантажнік А. Ф. Леўчык. Не патрабуюць кантролю вырабы шліфавальшчыка А. І. Язерскага.

У калектыве нямала спецыялістаў, якія растуць і мужнеюць разам з прадпрыемствам. Тут атрымалі сваю вытворчую сталасць інжынеры М. Х. Фіялка, Ю. Е. Варакса, працуюць студэнты-завочнікі Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Л. Ф. Бібік і А. Ф. Аўсяннікаў. Былы токар В. І. Глябовіч завочна закончыў гэты ж інстытут і цяпер узначальвае ліцейную вытворчасць. Былая картатэтчыца Т. П. Цімахова пасля заканчэння ВНУ стала бухгалтарам.

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Групе афіцэраў запасу, удзельнікам барацьбы з акупантамі і салдатам, сяржантам, якія асабліва вызначыліся, а таксама былым партызанам уручаны нагрудныя знакі “25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Сярод іх капітан запасу Л. К. Іванькоў, капітан запасу В. С. Котаў, былыя партызаны А. Ф. Трубачова, В. А. Трубачоў, А. М. Маршына і многія іншыя. Усяго гэтым знакам узнагароджаны 80 жыхароў нашага раёна.

У студэнтаў Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума пачалася ўстановачная сесія. Сярод завочнікаў – больш чым сорак працаўнікоў Валожыншчыны. Гэта ў асноўным маладыя паляводы, жывёлаводы, механізатары. 17 чалавек выбралі агратэхнічны факультэт, 25 – механізацыі. Працу з вучобай спалучаюць трактарыст калгаса “17 верасня” Уладзімір Барахоўскі, слесар раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” Мікалай Жыліч, брыгадзір паляводчай брыгады калгаса “Камсамолец” Тадэвуш Адамовіч, шафёр калгаса “Краіна Саветаў” Міхаіл Лявіцкі, палявод калгаса імя Чарняхоўскага Нікадзім Рынкевіч і іншыя.

 На нарыхтоўцы і вывазцы арганічных угнаенняў у саўгасе “Багданаўскі” прыклад старанных і добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў паказваюць Казімір Рубан, Антон Бульцэвіч, Мікалай Барадака, Павел і Софія Герштуновічы. Арганізаванасць у рабоце праяўляюць члены вытворчых участкаў “Дзясятнікі”, “Войштавічы”, якімі кіруюць Сцяпан Фёдаравіч Шакун і Тадэвуш Геранімавіч Янкоўскі. Даведзеныя ім планы выконваюцца паспяхова. На гектар яравога палетка ўжо нарыхтавана па адзінаццаць тон тарфагноевых кампостаў.

 Дзесяць тысяч пісьмаў, паштовак штэмпялюе за адну гадзіну аўтамат, які ўстаноўлены ў сарціроўцы раённага вузла сувязі. Ён значна паскарае работу паштальёнаў.

 

 

ПЛАН ДАТЭРМIНОВА

 Начальнік чыгуначнай станцыі “Багданаў” В. Артамонаў піша ў рэдакцыю газеты:

“Ідучы насустрач партыйнаму з’езду, калектыў чыгуначнікаў станцыі працаваў у мінулым юбілейным годзе з павышанай энергіяй. Гадавы план перавозкі грузаў выканалі яшчэ ў лістападзе.

Чыгуначнікі імкнуцца датэрмінова, да адкрыцця партыйнага з’езда выканаць план пагрузачных работ першага квартала, скараціць прастой кожнага вагона на 0,3 гадзіны і перавыканаць статычную нагрузку на кожны з іх на паўтоны.

Лепшых паказчыкаў у працы дабіваюцца дзяжурны па станцыі Канстанцін Сцяпанавіч Крачкоўскі, таварны касір Міхаіл Геранімавіч Амельяновіч, стрэлачнікі Браніслаў Антонавіч Цузаноўскі, Іван Браніслававіч Масціброцкі”.

 

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Вучні са Шчаўканаўскай, Брылькоўскай, Капусцінскай, Даўбенеўскай васьмігодак, першай і другой сярэдніх школ райцэнтра пабывалі на свяце навагодняй ёлкі ў сталічным Палацы піянераў. Удзельнічаючы ў конкурсе на лепшы маскарадны касцюм, пяцёра рабят з нашага раёна занялі першыя прызавыя месцы, а сямі школьнікам былі ўручаны заахвочвальныя прэміі. Сярод пераможцаў Жана Язерская, Аня Наквас, Таня Разанава і іншыя.

У быт жыхароў Багданаўскага сельсавета трывала ўвайшлі новыя абрады. Летась ва ўрачыстай абстаноўцы зарэгістраваны 11 шлюбаў. У новым годзе першымі ў “пакой шчасця” прыйшлі Андрэй Бурачэўскі і Алена Сючыла, Іван Абрамовіч і Уладзіслава Трубіцкая.

 Паляпшаецца дабрабыт працаўнікоў калгаса “Чырвоны сцяг”. Толькі ў бягучым месяцы калгаснікамі набыты 20 тэлевізараў. Пяць уладальнікаў іх – жыхары вёскі Зарэчча: работнік жывёлагадоўчай фермы І. Кулік, члены паляводчых брыгад С. Дзянісік, А. Лянкевіч і іншыя.

 

 

БЕЗДАКОРНАЯ СУВЯЗЬ

Тэлефаністам раённага вузла сувязі ў навагоднія дні прыходзіцца афармляць па чатырыста заказаў. Без перашкод можна весці перагаворы з Брэстам, Гомелем, Ленінградам.

Любоў Канстанцінаўна Шакун, Браніслава Антонаўна Бакланава, Яўгенія Антонаўна Комель, Ніна Аляксандраўна Кандаурава бездакорна выконваюць свае абавязкі. Сотні тэлеграм праходзяць праз рукі тэлеграфістак Лідзіі Уладзіміраўны Пархановіч, Алены Антонаўны Дарожка, Веры Іванаўны Зенька.

 

 

ДОБРЫ ПАЧАТАК

Даць Радзіме як мага больш мяса – такім імкненнем жывуць работнікі свінагадоўчай фермы брыгады № 2 калгаса “Радзіма”.

З першых дзён новага года распачалі адгрузку дзяржаве свініны. 3 студзеня яны адправілі на Маладзечанскі мясакамбінат першую партыю жывёлы агульнай вагой 20,5 тоны. Сярэдняя вага кожнай здадзенай галавы больш за 120 кг. Праз дзень адгрузілі яшчэ 46 свіней на Івянецкі адкормачны пункт. Усяго за першую пяцідзёнку 1971 года жывёлаводы фермы рэалізавалі 24,5 тоны свініны.

Вялікі ўклад у справу павелічэння вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ўносяць свінаркі адкормачных груп Браніслава Уладзіміраўна Карповіч, Вольга Сямёнаўна Вяршыцкая і Алімпіяда Мікалаеўна Ліштван, якія настойліва змагаюцца за атрыманне добрых прываг.

 

 

 

I СМЕХ I ГРЭХ

Наведвальнікам сталовай № 2 горада Валожына.

Для тых, хто вырашыў стаць рэгулярным наведвальнікам сталовай, якая нядаўна адкрылася пасля рамонту, варта заўсёды браць з сабой хлеб. Гэта засцеражэ вас ад лішніх хваляванняў. Памятайце, што прадукт першай неабходнасці – хлеб – проста-такі дэфіцыт у сталовай.

 Аматарам вострых адчуванняў. Часцей наведвайце лазню ў райцэнтры. Вас будзе кідаць то ў жар, то ў холад да той пары, пакуль будзеце мець цярпенне карыстацца водаправоднымі кранамі. Яны абрушваюць то патокі ледзяной вады, то ў гадзіну па чайнай лыжцы адпускаюць кроплі вару.

 Тым, хто цікавіцца кіно. Новы спосаб дэманстрацыі фільмаў “вынайшлі” ў Валожынскім кінатэатры. На экране іншы раз можна бачыць адлюстраванне “дагары нагамі”. Гэтым самым вы зможаце праверыць на трываласць свае нервы.

 

 

У ЛЮТЫМ ПАСПЕЛI СУНIЦЫ

Пра гэта пісала газета “Працоўная слава” са спасылкай на газету “Труд”:

Усе чакалі ад студзеня траскучых маразоў, а ён паднёс сюрпрыз – цяпло. Подых лета адчуваецца нават у Мурманску і гарадах Урала. Такое інтэнсіўнае пацяпленне наглядалася ў 1957, 1958 і 1959 гадах. 23 студзеня 1959 года сярэдняя тэмпература паветра склала плюс 2-4 градусы. Але абсалютны рэкорд належыць 1882 году, калі тэрмометр паказваў 5 градусаў цяпла. Вышэй за гэту адзнаку ртутны слупок не падымаўся.

Найбольш халодныя гады нашага стагоддзя – гэта 1940, 1941 і 1942. Так, у 1940 годзе мароз у Маскве дасягаў 42 градусаў. Таксама рэкорд.

Летапіс збярог для нас яшчэ больш дзіўную з’яву. Зімой 1289-1290 гадоў на Русі ні разу не выпадаў снег. Тады ў студзені дрэвы распусцілі лісце, а ў лютым паспелі суніцы.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий