Рукамi залатымi ўславiла родныя няровы

Культура

На днях у будынку народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры адкрылася новая выстава. Сапраўдныя шэдэўры мастацкай вышыўкі крыжыкам і гладдзю, аб’яднаныя ў агульную кампазіцыю пад назвай “Вясёлка ў маёй хаце”, прадставіла на суд гледачоў мая шаноўная зямлячка, жыхарка вёскі Няровы Рэгіна Іванаўна Юкавец.

Нездарма кажуць “Век жыві, век вучыся”. Я, да свайго сораму, і не здагадваўся, што побач, у роднай вёсцы, жыве чалавек не проста з залатымі – з брыльянтавымі рукамі, здольнымі стварыць падобную прыгажосць. Трэба сказаць, што ў Няровах жыве яшчэ адзін майстар вышыўкі – сяброўка нашай гераіні Марыя Аляксандраўна Балдоўская. Аднак пра яе я раскажу іншы раз у асобным матэрыяле.

Радасць прызнання свайго таленту Рэгіна Іванаўна падзяліла ў той дзень з прысутнымі тут сваякамі, дочкамі Святланай і Таццянай (на фота) і гасцямі выставы. Людзі, незнаёмыя раней з творчасцю таленавітай жанчыны і ёй самой, актыўна цікавіліся, як у яе атрымліваюцца настолькі тонкія ўзоры і колькі часу патрэбна на тое, каб расшыць імі адно палатно.

Аказваецца, жаданне паспрабаваць сябе ў новым амплуа прыйшло да Рэгіны Іванаўны пасля выхаду на пенсію. Яна была загадчыкам малочнатаварнай фермы ў Няровах, і ў яе працоўнай біяграфіі шмат цікавых фактаў. Да прыкладу, у часы СССР яна як мясцовы дэпутат была дэлегавана ў Маскву на з’езд. А бацька ў час тэледэманстрацыі, сабраўшыся з дзецьмі ля блакітнага экрана, шукалі матулю сярод тысяч прысутных… Або як уручалі ёй ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга…

Сёння Р. І. Юкавец стараецца жыць поўна і насычана. Але не паходы ў госці, не тэлевізар і не кнігі дапамагаюць ёй у гэтым. Куды больш часу адводзіць жанчына любімаму занятку: “узброіўшыся” іголкай з “боекамплектам” каляровых нітак, прыступае да стварэння… Узоры для сваіх палотнаў – а інакш цуда-ручнікі, абрусы, навалачкі і іншыя рэчы хатняга ўжытку не назавеш – бярэ з часопісаў і спецыялізаваных выданняў, дзеляцца будучай канвой сяброўка-майстрыха, суседка-дачніца з Украіны. Сярод творчай спадчыны немалаважнае месца займаюць і карціны. Дзеля выставы яны пакінулі сваё звыклае месца на хатняй сцяне і на месяц “прапісаліся” ў “Скарбніцы”. Вышываць гераіня гэтага матэрыялу любіць больш крыжыкам, хаця і гладдзю атрымліваецца выдатна. Госці захапляліся тонкім выкананнем кожнай работы. Заканамерна яны пацікавіліся, колькі часу адводзіць гаспадыня на любімы занятак. Выявілася, што, каб цалкам расшыць абрус-настольнік, патрэбен прыкладна месяц. Гэтым Рэгіна Іванаўна дастаткова моцна здзівіла прысутных: хутка, нічога не скажаш!

Дочкі таксама выраслі майстравітыя. Святлана ад бабулі навучылася вязаць карункі, сурвэткі. А Таццяна вольным часам пляце карзінкі. Іх талентамі Рэгіна Іванаўна па праву ганарыцца. Але і сама на дасягнутым спыняцца не збіраецца. Ёсць у планах навучыцца яшчэ і стужкамі вышываць. Але гэта пазней…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *