З адрэналiнам i спартыўным азартам…

Общество

Сапраўднага лыжніка не спалохае мароз, а снегапад ён і ўвогуле за шчасце палічыць. Мабыць, кожны з прысутных на раённым спартыўным свяце “Беларуская лыжня-2016” адчуваў у душы запал і кіпучую энергію, з якімі непагода станавілася не больш чым невялікай перашкодай у барацьбе характараў удзельнікаў снежных гонак…

На гарадскім стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка было ажыўлена і людна: сваякі і блізкія, сябры прыйшлі “пахварэць” за тых, хто вырашыў паспрабаваць сябе на сілу і спрыт і пакарыць “Лыжню-2016”. А такіх было нямала: акрамя навучэнцаў устаноў адукацыі раёна розных узростаў, каманды лыжнікаў выставілі і многія прадпрыемствы і арганізацыі Валожыншчыны. Суботнім ранкам усіх іх горача сустракалі артысты РЦК, а таксама казачныя калядныя персанажы. А пасля ўрачыстых гукаў гімна спартсменаў-энтузіястаў прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік. Афіцыйна адкрываючы мерапрыемства, ён пажадаў усім удалых заездаў і, вядома ж, выдатнага настрою.

Пакуль людзі грэлі рукі пластыкавымі талеркамі з духмянай салдацкай кашай і прыцэньваліся да прадстаўленай райспажыўтаварыствам і гандлярамі-прадпрымальнікамі разнапланавай прадукцыі, надышоў час распачаць масавы старт спаборніцтвам. Гэта права дасталося школьнікам. І яны паказалі сапраўдную інтрыгу, прадэманстравалі як уменне бегчы на лыжах, так і вялікае жаданне перамагаць. Урэшце, пасля падвядзення вынікаў выступленняў у асабістым заліку судзейскай камандай дзяўчынак і юнакоў 2002-2003 і 2000-2001 гадоў нараджэння запрасілі заняць заслужаныя месцы на п’едэстале гонару. Бронзавымі прызёрамі ў той дзень сталі Анжаліка Трыпуцька з Багданава, Дар’я Лявіцкая з Гародзькаў, прадстаўнік Сакаўшчынскай школы-сада Вадзім Барышчук і Вадзім Ганчарык з Дораў. На другім месцы апынуліся Настасся Баталава (Сакаўшчынская школа-сад), Паліна Янушкевіч (Суднікаўская сярэдняя школа), Мікіта Янушкевіч з той жа навучальнай установы і навучэнец Сівіцкай школы-сада Арцём Чупрыс. Ну а верхняя прыступка п’едэстала пакарылася Вікторыі Шкель с Суднікаў, Дар’яне Лён з Яршэвічаў, вучню СШ № 2 г. Валожына Іллі Шаўлюку і ракаўчаніну Уладзіміру Раманчыку. Хвалюючым момантам стала і падвядзенне вынікаў спаборніцтваў у агульнакамандным заліку. Цырымонію ўзнагароджання правялі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Анатольеўна Чарнышова і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская. Дыпломы і каштоўныя падарункі дасталіся камандам Сакаўшчынскай школы-сада (3-е месца), СШ № 2 г. Валожына (2-е месца) і залатому прызёру лыжных гонак – камандзе Суднікаўскай сярэдняй школы (на фота).

Маладых спартсменаў, падбадзёрваючы і віншуючы, адводзілі ў бок трэнеры, а на лыжню тым часам станавіліся дарослыя ўдзельнікі спаборніцтваў – прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. Хтосьці “адарваўся” ад лыж нядаўна – з часоў студэнцтва, а нехта, смеючыся, прыгадваў, колькі дзясяткаў гадоў не ўставаў на лыжы! Але і аматары, і суддзі былі выключна добразычлівымі і ўсяк падтрымлівалі спартсменаў. Робячы папраўку на надвор’е, арганізатары вырашылі абмежавацца толькі выступленнямі ў асабістым заліку і адмяніць эстафетную гонку. І вось, дачакаўшыся адмашкі, стартавалі ўдзельнікі ва ўзроставых катэгорыях ад 16 да 61 года і старэй. Не ўсім давалася гонка лёгка, аднак, на шчасце, дапамога ўрачоў, якія нястомна дзяжурылі падчас усяго мерапрыемства, нікому не спатрэбілася. Па выніках спаборніцтваў, ва ўзроставай групе ад 16 да 20 гадоў сярод дзяўчат перамогу святкавалі прадстаўніца сельскагаспадарчага ліцэя Настасся Марчык, Дар’я Марчук з Дорскай школы-сада і Настасся Абрамчык з Сакаўшчыны. Сярод юнакоў лепшымі сталі работнік ільнокамбіната Яўген Балашка, Яўген Садоўскі з Багданава і вучань Суднікаўскай СШ Міхаіл Бурак. Сярод тых, каму ад 21 да 25 гадоў, мацнейшымі аказаліся Таццяна Стрэха (Вішнева), Наталля Бараноўская (цэнтральная раённая бальніца), Ёана Смолка (СШ № 2 райцэнтра), а таксама Уладзіслаў Бараноўскі з ліцэя, Вадзім Садоўскі (Багданава) і івянчанін Яўген Мазура. У ліку лідараў лыжных гонак таксама – Таццяна Лагун, Наталля Колышка, Настасся Паталей, Аляксандр Дубовік, Віктар Мянцюк, Мікалай Фурс і яшчэ многія спартсмены. Самымі вопытнымі, з багатым жыццёвым стажам, удзельнікамі спаборніцтваў сталі педагог СШ № 2 райцэнтра Галіна Аляксееўна Карташова і прадстаўнік сельгасліцэя Іван Міхайлавіч Урбановіч. Гэтым людзям шмат гадоў запар пакараюцца як прафесіянальныя, так і спартыўныя вяршыні.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий