Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ДЗЕЖКА ДОКАЗАЎ

Падчас абыходу адміністрацыйнага ўчастка Валожынскага сельсавета супрацоўнікамі РАУС знойдзена вялікая колькасць самагоннай брагі. “Сыравіна” аб’ёмам 600 літраў захоўвалася ў лазні жыхара вёскі Маршалкі.

 

КРОПЕЛЬНІЦУ СТАВІЦЬ ПОЗНА…

12 студзеня на тэлефон дзяжурнай службы паступіла паведамленне ад фельчара аб тым, што ў адной вёсцы памёр мужчына, а на яго целе маюцца прыкметы гвалтоўнай смерці. На месцы здарэння працавала аператыўна-следчая група.    Устаноўлена, што да медыкаў звярнулася жонка нябожчыка і сказала, што муж дрэнна сябе адчувае. Калі брыгада «хуткай дапамогі» прыехала, то магла толькі канстатаваць, што чалавек не падае прыкмет жыцця. Работнікамі праваахоўных органаў знойдзена сякера з плямамі, падобнымі на кроў. На экспертызу адпраўлены адзенне жанчыны, фрагмент шпалераў з бурымі падцёкамі, палавік.

ВОСТРЫ АРГУМЕНТ

У гэтай сям’і сваркі і скандалы здараліся часта. Непрацуючы муж не цураўся даказваць кулакамі, хто ў доме гаспадар. А на мінулым тыдні пры размове з жонкай ён пусціў у ход яшчэ і нож. Магчыма, каб рана аказалася неглыбокай, то і на гэты раз учыненае сышло б з рук дамашняму садысту. Але крывацёк быў моцны, і жанчына звярнулася да ўрача, дзе і расказала, якім чынам атрымала рэзанае раненне. Аб здарэнні адразу паведамілі ў міліцыю. Зараз супраць мужа-дэбашыра ўзбуджана крымінальная справа.

 

ЗАМАХНУЎСЯ НА ВІТАМІНЫ

Калі пенсіянерка, жыхарка сельскай мясцовасці напярэдадні Новага года пайшла ў склеп, каб прынесці да святочнага стала кансерваваных агуркоў і памідораў, то не паверыла сваім вачам: паліцы, шчыльна ўстаўленыя “закаткамі”, аказаліся пустымі. Аб чым яна і паведаміла ў міліцыю.

Амаль адразу ж злодзей быў злоўлены. Ім аказаўся малады мужчына з райцэнтра. Паласавацца крадзеным ён не паспеў, урон пацярпелай пагадзіўся выплаціць, аднак панесці крымінальную адказнасць за ўчыненае яму давядзецца.

 

КАРОТКІ ВАЯЖ

Люты мароз не адбіў у васямнаццацігадовага юнака жаданне пракаціцца “з ветрыкам” па вясковай вуліцы. А паколькі асабістага транспарту ў яго не было, то вырашыў пакарыстацца матацыклам “Мінск”, які належаў суседу-пенсіянеру. Без дазволу “гоншчык” тайна пранік у чужую гаспадарчую пабудову, “асядлаў” двухколавага каня, і роў матора разляцеўся над наваколлем.

Магчыма, гэты гук і насцярожыў гаспадара матацыкла. Хоць было досыць позна, не паленаваўся праверыць, ці на месцы транспартны сродак. Убачыўшы яго адсутнасць, тут жа патэлефанаваў у РАУС. Маладога злодзея затрымалі, зараз ён дае паказанні следчаму.

БЕЗ ВІНЫ ВІНАВАТЫЯ

Летась дванаццаць сельскіх жыхароў былі пакараны штрафамі ў адміністрацыйным парадку за парушэнне супрацьпажарнай бяспекі. Як і прадугледжана заканадаўствам, іх прозвішчы занесены ў Адзіны дзяржаўны банк даных аб правапарушальніках, што, безумоўна, з’яўляецца негатыўным кляймом на біяграфіі і можа нават даставіць шмат непрыемнасцей іх дзецям, калі тыя пажадаюць атрымаць спецыяльнасць, звязаную са службай у праваахоўных органах.

Аднак пазней высветлілася, што парушальнікі зусім і не парушальнікі, а пратаколы ў адносінах да іх складзены інспектарам толькі для таго, каб паказаць сваю паспяховасць у рабоце. Аб тым, што пацярпелі невінаватыя людзі, што нанесены ўрон аўтарытэту і прэстыжу дзяржаўнага органа, што ў асабістых інтарэсах учынена злачынства, стала вядома праваахоўнікам. Інспектар быў звольнены, а на мінулым тыдні ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “злоўжыванне службовым становішчам”.

 

АБЫ НЕ ЗАМЕРЗ

Аб тым, што сын раніцай пайшоў з дому і перастаў адказваць на тэлефонныя званкі, паведаміла яго расхваляваная маці. Да пошукаў падключыліся супрацоўнікі РАУС, сябры і знаёмыя сям’і. Па звестках аператара мабільнай сувязі, тэлефон прапаўшага фіксаваўся ў раёне вёскі Даўбені. Але гэта толькі ўскладніла задачу і дабавіла трывогі: побач Налібоцкая пушча, і хлопец мог аказацца там.

Праз пару гадзін пошукі скончыліся паспяхова: зніклага адшукалі ў вясёлай кампаніі, дзе ён жывы і здаровы адзначаў стары Новы год.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий