Фермерам стаць – рана ўставаць

Общество

Калі б не мабільны тэлефон, то мала з якімі героямі гэтага артыкула мне ўдалося б пагутарыць, каб сабраць факты для сённяшняй публікацыі. Дома фермераў не застаць нават у звыклы ранішні час новага працоўнага дня. У пяць гадзін яны ўжо на нагах: заняты неадкладнымі вытворчымі справамі, якіх шмат і ў зімовую пару…

У фермерства людзі прыходзяць па-рознаму. Першыя па поклічу сэрца, як адданыя сыны роднай зямлі, другія – як аматары эксперыментаваць, трэція – у сілу сваёй рызыкоўнай натуры. У кожнага свой усвядомлены выбар. А адзін фермер нашага раёна, у былым жыхар Мінска, з якім мне нядаўна давялося пагутарыць, вырашыў заняцца фермерствам пасля таго, як узяў у рукі двухтомнік “Мужыкі” польскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Уладзіслава Рэманта. З задавальненнем чытаў эпахальны раман, а закончыўшы першы том, адназначна вырашыў са сталіцы перабірацца ў невялікую вёску на Валожыншчыне. Ужо два гады здабывае ён гэты нялёгкі хлеб. Прыходзіцца няпроста, але па мінулым, насычаным рознымі падзеямі сталічным жыцці пакуль не сумуе. Наадварот, жывучы ў вёсцы, адчуў, што нават прыкметна паздаравеў. Зямля дае духоўныя і фізічныя сілы, а тым больш яна цешыць сэрца, калі прыносіць плённыя плады.

Калі шырыцца размах справы, то міжволі адчуваецца             прыток энергіі, хочацца пакараць новыя вяршыні. На сімвалічны Эверэст фермерства ў нашым раёне, можна сказаць, узняўся Іосіф Іванавіч Нехвядовіч з Дубоўцаў. Многія калегі-фермеры менавіта з гэтага чалавека цяпер бяруць прыклад. На 1992 год прыпадае яго новы статус. Сёння ніхто з гаспадароў-уласнікаў у нашым раёне не можа параўнацца з ім па вытворчым маштабе: амаль 900 гектараў сельгасугоддзяў знаходзяцца пад яго апекай. Спецыялізацыя – раслінаводства. Фермерства стала сямейным бізнесам Нехвядовічаў: у адной камандзе і жонка, два сыны. У штаце яшчэ шэсць механізатараў, два вадзіцелі, 10 пастаянных паляводаў і, вядома ж, сезонныя рабочыя.

За 2015 год на рынак агародніннай прадукцыі І. І. Нехвядовіч паставіў 1400 тон морквы, 400 буракоў, 200 капусты, 2000 бульбы. Усяго ж “другога хлеба” ў 2015 годзе з 250 гектараў пры ўраджайнасці 380 цэнтнераў атрымана каля 9000 тон. Вялікія запасы агародніны ў гэту зімовую пару захоўваюцца ў сховішчах. Няблага ўрадзілі і зерневыя палеткі.

На жаль, фінансавы механізм працуе не так бездакорна: тармозяць справу неплацяжы з боку закупшчыкаў прадукцыі. Агульная сума даўгоў пераваліла за мільярд рублёў. А без пастаянных капіталаўкладанняў фермерская гаспадарка развівацца не можа. Перыядычна трэба абнаўляць і матэрыяльна-тэхнічную базу. Летась, напрыклад, па дагаворы растэрміноўкі аплаты закуплена тэхнікі на 2,5 мільярда рублёў. Значных укладанняў патрабуе прасторнае агароднінасховішча агульным коштам 8 мільярдаў рублёў, дзе яшчэ патрэбна ўстанавіць дарагую сістэму кліматазабеспячэння. На ўсё неабходны грашовыя рэсурсы. А валютныя і рублёвыя крэдыты нават пад вялікі працэнт узяць сёння вельмі няпроста. Усе цяжкасці матэрыяльнага і фінансавага плана дасканала ведае толькі сам фермер. І толькі з боку здаецца нібы ў яго ўсё лёгка і проста. Многія калегі са светлай зайздрасцю паглядаюць у яго бок і кажуць: “Прафесійна вядзе справу. Кампетэнтны, удумлівы гаспадар. У яго ёсць чаму павучыцца!”

І. І. Нехвядовіч не адстае ад укаранення сучасных эфектыўных тэхналогій, яму ўласціва пачуццё наватарства. Каб развівацца ва ўнісон з часам, сын Іван за вывучэннем перадавога вопыту нярэдка выязджае за мяжу на прэстыжныя сельскагаспадарчыя выставы, быў у Галандыі, Германіі.

 

У ліку патрыярхаў фермерскай справы раёна і Мікалай Васільевіч Сілін з вёскі Рачаняты, што ў Дубінскім краі.

24 гады складае яго фермерскі стаж. Дарэчы, ён з’яўляецца старшынёй Мінскай абласной асацыяцыі фермераў.

Пра раслінаводства гэты чалавек можа кампетэнтна расказваць бясконца. Прыйшоў у гэту вытворчую сферу не адразу. Спрабаваў свае сілы ў некалькіх прафесіях, меў і статус кіраўніка даволі высокага ўзроўню. Але ўсё ж перасіліла нялёгкая высакародная праца на зямлі. Некалі пачынаў з 38 гектараў, а сёння ў яго падпарадкаванні 550-гектарная плошча. Землі не з лепшых: па ўрадлівасці крыху больш чым 27 балаў. А ўраджай, дзякуючы бясконцай руплівасці, удаецца сабраць неблагі, нават і сёлетні занадта засушлівы год не стаў сур’ёзнай перашкодай.

УП “Партызанскае” (аб’яднанне былых агароднінных баз) сёлета М. В. Сілін паставіў 700 тон бульбы пры ўраджайнасці 340 цэнтнераў з гектара. Здабыткі былі б яшчэ большыя, калі б 30 гектараў не загубіла спякота. Барысаўскай макароннай фабрыцы адгружана 230 тон пшаніцы з высокім утрыманнем клейкавіны.

У лік дзяржзаказу прададзена ў Краснае Маладзечанскага раёна 30 тон грэчкі. Ёсць вялікі запас гэтай культуры і ў засеках. Летась у дзяржаўны харчовы фонд рэалізавана таксама і 300 тон пшаніцы, а магчымасць у фермера куды большая – да 1000 тон. Мікалай Васільевіч як здольны ўпраўленец на ніве сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва прагматычна разважае, што вытворчыя вынікі маглі быць больш значнымі, калі б не часовая затрымка ў яго фермерскім марафоне. 8 гадоў таму М. В. Сілін актыўна займаўся свінагадоўляй. Маштабы не малыя – 1000 галоў. Але гэта галіна, на жаль, не прынесла эканамічнай выгады, таму ў свінагадоўлі прыйшлося паставіць кропку. Цяпер колішнія памяшканні перапрафіляваны пад сучасныя вытворчыя сховішчы. Але і той час нельга назваць страчаным, бо ўрокі гаспадарання і тады былі атрыманы.

Летась гэты фермер павялічыў свае ўладанні яшчэ на 130 гектараў. Лёгкай такую працоўную ношу не назавеш. Ды і ў фінансава-эканамічным плане, атрыманні вялікіх крэдытаў нямала цяжкасцей. А калі не будзе дапамогі з боку дзяржавы, фермеры не змогуць на роўных канкурыраваць з сельгасвытворцамі. Каб выжыць, прыйдзецца істотна павышаць цэны на вырашчаную прадукцыю, а тады ўзнікнуць праблемы з яе рэалізацыяй, хаця ўраджай з фермерскіх палеткаў заўсёды высокай якасці, таму і попыт на яго адпаведны.

Вясна – сапраўдны пік хлебаробскіх клопатаў, калі маштабная, амаль бясконцая праца толькі-толькі набірае свае абароты. Зямлі непераадольна кліча сваіх рупліўцаў!

 Летась, па стане на 1 красавіка, у нашым раёне на афіцыйным уліку былі 33 фермеры рознага профілю дзейнасці.

Але пальму першынства ўсё ж трымала раслінаводства. Неўзабаве ў палку гаспадароў-аднаасобнікаў прыбыло. Па стане на 1 студзеня 2016 года, фермераў прыбавілася яшчэ на 12 чалавек. Сумарна ім перададзена ў валоданне яшчэ 255 гектараў зямлі, якая раней знаходзілася ў падпарадкаванні ААТ “Агра-Дубінское”, КСУП “Пяршаі-2014”, ААТ “Суднікаўскі”, ТАА “Тарасава”, УП “Белбудізаляцыя”.

Фермерскі корпус раёна ў асноўным сфарміраваны з             прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Але ёсць і выключэнне. Напрыклад, у вёсцы Монькі гэты нялёгкі груз узваліла на сябе Браніслава Антонаўна Ашмянская, у Дворышчы раслінаводствам займаецца Святлана Яўгенаўна Вашэта, у Проўжалах у жывёлагадоўлі вырашыла паспрабаваць сябе Наталля Русланаўна Саўчанка. Гэтым жа шляхам пайшла і яе калега з Гіравіч Тамара Аляксандраўна Скоўпень. Фермерскі матрыярхат умацоўваюць і Аксана Аляксандраўна Старавойтава з Пяршайшчыны, былая мінчанка Ала Канстанцінаўна Іванчык і іншыя прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва.

Спецыялізацыя фермераў, як падкрэслівалася вышэй, у асноўным раслінаводчая, пяць фермераў раёна развіваюць жывёлагадоўлю. Часлаў Часлававіч Жыдаловіч у Гардынаве выбраў авечкагадоўлю.

Ужо даўно добра зарэкамендаваў сябе ў раёне гаспадар “Дзіўнага сада” з Шэлеўшчыны Віктар Антонавіч Ашуркевіч. 55 тон пладоў, 45 тон клубніц рэалізаваў ён летась, вялікім попытам карысталіся і саджанцы.

Рэдкія напрамкі дзейнасці – кветкаводства, рыбалоўства, а таксама конегадоўля, сыраробства.

Некаторыя, свядома змяніўшы гарадс кое жыццё на вясковае, выдатна падкаваўшы сябе тэарэтычна, з энтузіязмам узяліся адразу за некалькі спраў. І не заўсёды такое старанне ўзнагароджваецца поспехам. Напрыклад, адзін з фермераў вырашыў атрымаць неблагі прыбытак пры невялікім стартавым капітале. Ён заснаваў верміферму: разводзіў каліфарнійскіх чарвякоў для атрымання біягумусу для павышэння ўрадлівасці глебы. Але здарыўся непрыемны казус: па недаглядзе гаспадара пражэрлівыя гусі, на якіх таксама рабіў стаўку фермер, знішчылі сваіх канкурэнтаў. А ў аднаго гаспадара “ўцяклі” з фазэнды два вядры элітных вінаградных слімакоў, якіх той даверліва высыпаў на траўку пагуляць на адну гадзінку…

Многія фермеры з самага пачатку зарыентавалі сябе на маштабную працу, таму бралі крэдыты, афармлялі пазыкі, шукалі іншыя легальныя спосабы фінансавай падтрымкі.

Але ёсць і такія, хто фермерствам у раёне заняўся для атрымання прадукцыі для ўласных патрэб, таму і крэдытамі сябе не абцяжарвалі. Свае ўладанні яны характарызуюць не як фермерскія, а больш сціпла – сялянскія гаспадаркі.

Яны па сваіх прынцыпах існавання нагадваюць звычайныя заможныя падворкі вяскоўцаў. З адной толькі розніцай – зямельныя надзелы не 15-40 сотак, а мінімум некалькі гектараў.

Дарэчы, на сённяшні дзень у валоданні фермераў у раёне ў цэлым знаходзяцца 2548 гектараў зямлі, у тым ліку – 1910 ворыва. 7 гектараў у раёне летась па пэўных прычынах былі забраны ў фермераў, і па іх ініцыятыве таксама.

Ва ўнушальным спісе, які ёсць у райсельгасхарчы, некаторыя фермеры мяне асабліва зацікавілі профілем сваёй гаспадарчай дзейнасці. Мела я тэлефонную размову з жыхаром Петрусоўшчыны Аляксандрам Валер’евічам Матруховічам. У мінулым бізнесмен, ён заснаваў сялянскую фермерскую гаспадарку “Медовое изобилие”. Назва гаворыць сама пра сябе. Аднак леташні засушлівы год не вельмі парадаваў ураджаем, хаця спецыяльна вырошчваліся плантацыі розных меданосных траў.

Пад апекай фермера каля 60 пчоласем’яў, кожная ў ся-рэднім дала 20-30 кілаграмаў янтарнага лекавага прадукту. На пасецы хаткі для крылатых руплівіц зроблены і звыклай формы, і шматкорпусныя, і іншай канструкцыі. Практыкуецца і старажытны дзедаўскі спосаб – калоды. Але не вертыкальныя, а нахільныя. Разводзіць якую-небудзь адну меданосную пароду пчол нерэальна: у радыусе 1,5 кіламетра не павінна быць іншых пасек.

Былая мінчанка, а цяпер жыхарка Кіяўца Ірына Яўге-наўна Наўмовец, лінгвіст па адукацыі, разам з мужам Юрыем вырашылі заняцца развядзеннем гусей ліндаўскай пароды. Самкі гэтай свойскай птушкі вызначаюцца павышанай яйцаноскасцю. Разводзіцца патомства з дапамогай інкубатара. Раманаўскія авечкі, трусагадоўля, агародніцтва – таксама поле клопатаў гэтых людзей, якія шчыра палюбілі вёску і нястомную сялянскую працу.

Валерый Мікалаевіч Гараўцоў з вёскі Монькі Ракаўскага сельсавета “захварэў” праблемай атрымання экалагічнай прадукцыі без прымянення “хіміі”. Ён прапагандуе безадвальную апрацоўку зямлі, з акадэмічнай дасведчанасцю гэты чалавек раскажа вам пра спосабы павышэння ўрадлівасці глебы, пра аэробныя і анаэробныя мікраарганізмы, пра эфектыўныя спосабы аднаўлення ўрадлівасці. У яго планах – наладзіць выпуск мікрабіялагічнага ўгнаення тыпу «Байкал», якое актывізуе мікрафлору глебы, забяспечвае ў ёй назапашванне пажыўных рэчываў, стымулюе развіццё каранёвай сістэмы раслін, павялічвае іх імунітэт.

Многія вучоныя ў Беларусі і энтузіясты падступаліся да гэтай ідэі. Каб рэалізаваць праект, патрэбна выканаць строгія тэхумовы. Монькаўскаму фермеру, напрыклад, для таго, каб заняцца вытворчасцю цуда-падкормкі на прамысловай аснове, патрэбна абавязкова пракласці на хутар, дзе ён жыве, асфальтаваную дарогу. Інакш будзе процізаконна. Гэта непераадольнае патрабаванне можа канчаткова загубіць даўнюю задуму фермера.

…Чалавеку, які ўсё сваё жыццё пражыў у сельскай мясцовасці, значна лягчэй асіліць фермерскую ношу. Многія скарбы сялянскага жыцця інтуітыўна адклаліся ў памяці яшчэ з дзяцінства. Затое гараджане, што ў сталыя гады пераехалі ў вёску, больш падкаваныя тэарэтычна, а іх энтузіязму і напору проста можна пазайздросціць! Фермерства – гэта выбар прадпрымальных, рызыкоўных і вельмі настойлівых людзей. Але нездарма кажуць: “Дарогу асіліць ідучы!” Таму жадаем поспехаў усім, хто абраў гэты шлях!

Віртуальнымі фермерскімі

сцежкамі па Валожыншчыне

 прайшлася Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий