Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

На гэтым тыдні ў аўторак сваё прафесіянальнае свята адзначылі выратавальнікі – супрацоўнікі РАНС. У мінулым годзе калектыў спрацаваў з добрымі вынікамі. Калі ў 2014 годзе ў раёне былі зарэгістраваны 53 пажары, то летась – 37.

 Плён дала растлумачальная работа сярод насельніцтва: 379 грамадска-масавых мерапрыемстваў, 163 прафілактычныя акцыі ва ўстановах адукацыі, арганізацыях раёна, месцах масавага знаходжання людзей. 43 мерапрыемствы ў школах і дзіцячых садах былі накіраваны на папярэджванне дзіцячага свавольства з агнём. Для правядзення агітацыйна-масавай работы за сродкі, выдзеленыя райвыканкамам, на тэрыторыі раёна размешчаны 3 банеры, на чатырох аўтобусах устаноўлена супрацьпажарная рэклама, выраблены 10 тысяч экзэмпляраў наглядна-выяўленчай прадукцыі.

За 2015 год палепшыліся ўмовы службы ў падраздзяленнях райаддзела. У снежні набыта аўтамабільная цыстэрна ёмістасцю 10 тон вады, што садзейнічае паспяховаму тушэнню пажараў у населеных пунктах з недастатковай колькасцю крыніц водазабеспячэння. Дадзеная цыстэрна пастаўлена ў баявы разлік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 г. п. Івянец. Узгадаем, што аналагічная цыстэрна летась была набыта таксама для ПАВЧ № 1 Валожына.

 

З 9 па 29 студзеня ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адпачываюць 4 вучні школ нашага раёна.

На змене “Рэальная справа” сабраліся дзеці, якія прымалі актыўны ўдзел у Міжнароднай гульні-конкурсе па матэматыцы “Кенгуру”. Гэта шасцікласнікі Ракаўскай СШ Анастасія Раманчык і Канстанцін Казак. А на змене “Фотамарафон “Зубраня” ў фокусе” Валожыншчыну прадстаўляюць дзесяцікласнік гімназіі № 1 Мікалай Кавяза і васьмікласніца Ніка Вайцяхоўская.

 

Сёлета сваё 520-годдзе будзе адзначаць вёска Дубіна Валожынскага сельсавета, якая за гады свайго існавання падзялілася на тры населеныя пункты: Дубіна Баярская, Дубіна Вяршыцкая і Дубіна Юрздыцкая. Першыя ўпамінанні маёнтка з такой назвай датуюцца, згодна з раённай кнігай “Памяць”, 1496 годам. І належаў ён Мсціслаўскаму князю Івану Юр’евічу Лінгвіневічу.

У Год культуры Дубінскі сельскі Цэнтр культуры большасць сваіх мерапрыемстваў арыентуе на гэту падзею. Запланаваны конкурс дзіцячых сачыненняў пра родную вёску, конкурсы малюнкаў і вершаў. Будзе ладзіцца выстава фотаздымкаў, на якіх занатаваны знакамітыя людзі, што нарадзіліся, жылі, выйшлі ў людзі з Дубіны, а таксама ўсе важныя моманты, якія перажыла за гэтыя гады вёска Дубіна. Над святкаваннем юбілейнай даты будуць працаваць разам сельскі Цэнтр культуры, бібліятэка, музей-хата сялянскага побыту.

 

У народным аб’яднанні народных майстроў “Скарбніца” ў гэтыя дні працуе выстава жыпапісных работ члена аб’яднання мастака-самавука Канстанціна Матуса.

На выставе прадстаўлены больш за 20 палотнаў, напісаных алеем. Апошнія гады мастак жыве ў вёсцы Замасцяны на беразе Заходняй Бярэзіны. Большасць яго твораў – маляўнічыя пейзажы, якія адлюстроўваюць родную прыроду ў розныя часы года.

 

Валожынская каманда “VOL.K.I” ўпершыню заявіла сябе ў Аматарскую валейбольную лігу горада Мінска. Выступае яна ў чацвёртым дывізіёне, дзе сабраны 16 каманд. Гульні праходзяць па кругавой сістэме.

Старт атрымаўся абнадзейваючым. Першую гульню з валейбольным клубам “Мінск-2001” нашы землякі выйгралі з лікам 3:1. Капітан каманды Аляксей Міхнавец.

 

 А вось для юных тэнісістаў раёна першыя ў новым годзе гульні атрымаліся не вельмі ўдалымі, хаця за плячамі ігракоў ёсць важкія дасягненні. Спадзяёмся, што і сёлета на іх рахунку будуць новыя перамогі.

На абласной спартакіядзе ДЮСШ сярод юнакоў і дзяўчат 2001 года нараджэння, што адбылася ў Дзяржынску, каманда дзяўчат была ў кроку ад прызавога месца: прыйшлося задаволіцца чацвёртым месцам, юнакі занялі сёмае месца.



Добавить комментарий