Пуцёўка ў вялiкi спорт

Спорт

Пра такі навагодні падарунак можна было толькі марыць! На сустрэчу з таленавітымі дзецьмі прыехаў Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка, а суддзямі былі алімпійскія чэмпіёны. Менавіта гэта падзея можа стаць для пачынаючых спартсменаў пуцёўкай у вялікі спорт. Тым больш, што яны ўжо атрымалі сваю першую маленькую перамогу сярод амаль 210 тысяч прэтэндэнтаў-равеснікаў з усёй рэспублікі.

Ініцыятарам праекта стаў старшыня ГА “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі”, алімпійскі чэмпіён Вадзім Дзевятоўскі. Адшукваць перспектыўных у спорце дзяцей для далейшых заняткаў лёгкай атлетыкай было вырашана далёка ў глыбінцы сярод вучняў пачатковых класаў.

Адбор для ўдзелу распачаўся яшчэ ў маі мінулага года і праходзіў у тры этапы. Спачатку вызначыліся лепшыя вучні на занятках фізкультуры ў школах, якія пасля паспаборнічалі паміж сабой на раённым узроўні. Пераможцы абласнога этапу і паехалі абараняць свой рэгіён на рэспубліцы.

Д. Шымель і Н. Жалток прадстаўлялі Валожыншчыну ў ліку 40 удзельнікаў Мінскай вобласці. У складзе каманды яны памераліся сіламі ў кіданні мяча, скрыжаваных скачках, бар’ернай эстафеце на 30 метраў. Наш Нікадзім Жалток у скрыжаваных скачках сярод вучняў 4-х класаў заняў пачэснае 4-е месца і атрымаў заслужаны медаль з рук кіраўніка дзяржавы.

Трэба адзначыць, што юны атлет займаецца ў таленавітага і аддадзенага любімай справе трэнера па лёгкай атлетыцы ДЮСШ А. С. Чарняўскага. Яго без перабольшання можна назваць сапраўдным фанатам, пад кіраўніцтвам якога юныя бегуны з Валожыншчыны пастаянна атрымліваюць перамогі на спаборніцтвах розных узроўняў, пацвярджэнне чаму 86 заваяваных кубкаў. За апошнія пяць гадоў Аляксандр Станіслававіч перадаў у рэспубліканскую школу алімпійскага рэзерву 11 бегуноў.

Па словах трэнера, яго цяперашні вучань Нікадзім Жалток шмат чым захапляецца і мае добрыя задаткі. Хлопчыку застаецца толькі прыкласці намаганні і старанні, каб цудоўны выпадак, які яму падараваў лёс напярэдадні навагодніх свят, у далейшым прынёс сапраўдны поспех.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий