Насустрач мары

Молодежный курьер

Іна Чаброўская, жыхарка вёскі Доры, мае даволі рэдкую прафесію, яна – вадзіцель. Дзяўчына атрымала права кіраваць аўтатранспартам усіх катэгорый, уключаючы велікагрузы і аўтобусы. Сёння яна працуе ў аўтапарку № 14, перавозіць пасажыраў па маршруце Валожын-Маладзечна.

У які час тэхніка ўвайшла ў яе жыццё, дзяўчына прыгадаць не можа. Колькі помніць сябе, заўсёды цікавілася сродкамі руху. У той час, калі яе сяброўкі гулялі з лялькамі ў дочкі-маці, Іна забаўлялася выключна з машынкамі і не толькі з цацачнымі. Аб гэтым клапаціліся бацька і старэйшы брат, а маці, якая ў маладосці сама мела слабасць да матацыклаў, была не супраць.

З чаго складаецца аўтамабіль, як працуюць усе яго ўнутраныя механізмы, што рабіць, калі скончылася паліва, як замяніць кола… Усё гэта і многае іншае ёй вядома з маленства. Пасля заканчэння школы з праблемай “кім быць?” выпускніца не сутыкнулася. Стаць вадзіцелем-прафесіяналам – вось да чаго імкнулася гэта дзяўчына. Толькі не магла выбраць, дзе будзе набываць прафесію. Пытанне вырашылася само сабой. Старэйшы брат у той час працаваў вадзіцелем у Валожынскім ліцэі. Сястру ў час школьных канікулаў паклікаў на дапамогу, калі рамантаваў службовую машыну, на якой вазіў дырэктара навучальнай установы. Аднойчы ў гараж зазірнуў сам кіраўнік. Вельмі здівіўся, калі ўбачыў, хто шчыруе над яго аўтамабілем. Паназіраўшы за тым, як старанна працуе гэта даволі кволае з выгляду дзяўчо, прапанаваў стаць навучэнкай ліцэя. Так збылася першая мара. Іна з удзячнасцю ўспамінае сваіх майстроў вытворчага навучання Віталія Іванавіча Васілеўскага і Аляксандра Аляксандравіча Пячурчыка, якія амаль адразу паверылі ў яе і шчодра падзяліліся ведамі і вопытам.

Пасля ліцэя дзяўчына прайшла практыку ў роднай гаспадарцы. Праца падабалася, але… Бацька, у мінулым міліцыянер, марыў бачыць дачку ў афіцэрскай форме. Іна, паддаўшыся на яго ўгаворы, зрабіла спробу пайсці на службу ў органы ўнутраных спраў. Праўда, планавала і тут застацца вадзіцелем, хоць і ў пагонах. Калі па прычынах, звязаных са здароўем, у міліцыю не трапіла, сумаваць не стала, уладкавалася на працу ў ТАА “Аграснабкамплект плюс”, села за руль грузавіка. Прайшла падрыхтоўку і атрымала дазвол на кіраванне аўтамабілямі розных катэгорый.

Споўнілася і яшчэ адна мара – дзяўчына стала вазіць пасажыраў. Рэакцыя людзей, калі бачаць за рулём не мужчыну, а прыгожую і жаноцкую маладую асобу, бывае рознай: ад здзіўлення да лёгкага хвалявання. Але, у асноўным, жыхары раёна, якія ездзяць з Валожына ў Маладзечна, ставяцца да незвычайнага вадзіцеля з цікаўнасцю і даверам. На сваю першую ўласную машыну дзяўчына зарабіла яшчэ ў школе, падрабляючы афіцыянткай у санаторыі. Зараз у яе ўжо пятая “жалезная сяброўка”.

Гледзячы на гэту спрытную, апантаную сваёй прафесіяй дзяўчыну, верыш, што ўсё ў яе атрымаецца. Зразумела, цікава было даведацца, а ці ўласцівы ёй звычайныя жаночыя слабасці, звычкі, уменні. Даведалася, што моду яна паважае, але без фанатызму, гатаваць умее, але не вельмі складаныя стравы, тэлевізар глядзець любіць, але выключна перадачы пра тэхніку…

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий