Абноўленыя жыроўкі за студзень жыхары Мінска і іншых рэгіёнаў атрымаюць у лютым

Официально

Кіраўнік дзяржавы 31 снежня 2015 года падпісаў указ нумар 535 “Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг”. Дакумент уносіць яснасць у такія азначэнні, як “тэхнічнае абслугоўванне жылога дома” і “карыстанне ліфтам”. Згодна з указам, грамадзяне будуць аплачваць некаторыя з жыллёва-камунальных паслуг у поўным аб’ёме. Пры гэтым, як сцвярджаюць спецыялісты, навацыі не прывядуць да значнага павелічэння аплаты за жыроўкі, а ўдзел спажыўцоў у аплаце ЖКП узрасце да 80 працэнтаў без павелічэння тарыфаў.

Так, згодна з новымі правіламі жыхары будуць асобна і ў поўным аб’ёме аплачваць асвятленне месц агульнага карыстання і дапаможных памяшканняў. Жыллёва-эксплуатацыйныя службы па просьбе гараджан будуць устанаўліваць у пад’ездзе энергазберагальнае абсталяванне – акустычныя датчыкі, святлодыёдныя лямпы. Акрамя таго, жыльцы дома стануць больш уважліва сачыць за тым, каб святло не гарэла ў пад’ездах дарэмна.

Як дадатковая паслуга выносіцца прыбіранне месц агульнага карыстання. Яно таксама будзе праводзіцца толькі за кошт сродкаў грамадзян, а аплату спаганяць у 100-працэнтным памеры. Прыбіраць пад’езд, па жаданні спажыўцоў, можа як ЖЭС, так і іншая арганізацыя. Каб змяніць пастаўшчыка паслугі, жыльцам дастаткова звярнуцца ў ЖРЭА раёна. Ёсць і альтэрнатыўны варыянт – прыбіраць свой пад’езд самастойна. Для гэтага патрэбна згода ўсіх жыльцоў пад’езда і зацвярджэнне графіка дзяжурстваў. У любым выпадку, мінімальная перыядычнасць прыбірання вызначаецца патрабаваннямі Санітарных норм і правіл, а яго якасць – пажаданнямі і фінансавымі магчымасцямі спажыўцоў.

Радок “Карыстанне ліфтам” у жыроўцы падзеляць на дзве падграфы: “Тэхнічнае абслугоўванне” і “Затраты на электраэнергію, што выкарыстоўваецца на рух ліфта”. Плату за тэхабслугоўванне налічаць зыходзячы з жылой плошчы кватэры, электраэнергію – у разліку на аднаго чалавека. Жыльцы першага паверха плаціць за карыстанне ліфтам не будуць.

Работы па прыбіранні прыдамавой тэрыторыі, рамонце ўдасканаленых пакрыццяў праездаў і праходаў, дзіцячага абсталявання, доглядзе зялёных насаджэнняў, згодна з указам, выконваюцца выключна за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Указ таксама прадастаўляе магчымасць перайсці з цэнтралізаванага цеплазабеспячэння жыллёвага фонду грамадзян на індывідуальнае ацяпленне ў выпадках, калі першы варыянт эканамічна нявыгадны.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий