Аграэкатурыстычным шляхам

Выраб рэгіянальных сувеніраў, птушка-сімвал Валожынскага раёна, веламарафон і іншыя аспекты стаялі на парадку дня падчас сустрэчы прадстаўнікоў аграэкатурыстычнай суполкі і іншых зацікаўленых асоб, якая прайшла ў памяшканні Ракаўскага сельвыканкама.

На сустрэчы абмяркоўваліся напрамкі развіцця сельскага і “зялёнага” турызму, рэалізацыя праектаў устойлівага развіцця, падтрыманых міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі. Асобны акцэнт быў скіраваны на рэалізацыю праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных суполак” у рамках праграмы падтрымкі Беларусі, рэалізуемай Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам і іншымі замежнымі арганізацыямі.

Прысутныя мелі магчымасць азнаёміцца з ужо распрацаванымі ўзорамі сувеніраў, напрацаванымі ў ходзе праекта, якія прадстаўлялі славутасці краю і нефармальныя сімвалы Валожыншчыны. Гэта былі жартоўная керамічная манета “Ракаўскі паўгрош”, некалькі відаў керамічных плакетак з выявамі Налібоцкай пушчы, Валожынскай іешывы і іншымі турыстычнымі аб’ектамі, прататып сувенірнай карты раёна. Абмеркаваны канкрэтны вопыт супрацоўніцтва аграсядзібы “Ганка” з аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па вырабе сувенірнай прадукцыі і яе рэалізацыі, распаўсюджванне яго на іншыя аграсядзібы.

Аднак кола пытанняў выйшла далёка за межы чыста сувенірнай тэматыкі. Магчымасць годна прадставіць наш раён пры дапамозе рэгіянальнай сувенірнай прадукцыі з’явіцца падчас рэалізацыі праектаў 2016 года. Адначасова абмяркоўвалася правядзенне веламаршруту “Налібокі-2016”, траса якога сёлета цалкам пройдзе па тэрыторыі Валожыншчыны, запланаваны ён на май. Мяркуецца шырока адзначыць 125-годдзе першага верша вялікага яўрэйскага паэта Х. Н. Бяліка “К птице”. Верш быў напісаны ў 1891 годзе ў Валожыне. Працягвае рэалізоўвацца праект па выбары птушкі-сімвала раёна з дапамогай праграмы ПРААН-ЕС у садружнасці з грамадскім аб’яднаннем “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Удзельнікі сустрэчы таксама азнаёміліся з праектамі, у якіх наш раён разам з рознымі партнёрскімі арганізацыямі атрымаў перамогу ў конкурсе на набыццё грантаў і якія будуць рэалізоўвацца ў 2016 годзе. Акрамя вышэй узгаданага праекта па вызначэнні птушкі-сімвала раёна, гэта праекты па далейшым развіцці зялёнага маршруту “Валожынскія гасцінцы”, “Крэатыўная эканоміка”, па пашырэнні магчымасцей занятасці сельскага насельніцтва раёна. У сувязі з апошнім праектам эксперт па ацэнцы чалавечага патэнцыялу Яўген Зуеў правёў анкетаванне сярод прысутных.

Яшчэ адзін госць – вядомы беларускі журналіст Сяргей Плыткевіч, які спецыялізуецца на турызме, прадставіў свой будучы партал па прасоўванні Беларусі і яе рэгіёнаў “Планета Беларусь” і запрасіў гаспадароў аграсядзіб да актыўнага супрацоўніцтва.

Гаспадар аграсядзібы “Налібоцкія Васількі” Васіль Шакун давёў да ведама прысутных прапанову ўсёй агратурыстычнай супольнасці, якая паступіла з Расіі, прыняць летам бягучага года летнюю практыку студэнтаў Універсітэта МЗС Расіі (МГІМО).

Для даведкі: агратурыстычная супольнасць раёна, аб’яднаная вакол зялёнага маршруту “Валожынскія гасцінцы”, існуе з 2009 года. Аднак увесь час яна дзейнічае як грамадскі савет па аграэкатурызму, не мае статусу юрыдычнай асобы. Гэта акалічнасць стварае пэўныя цяжкасці для эфектыўнай работы, удзелу прадстаўнікоў суполкі ў разнастайных праграмах Міжнароднай тэхнічнай дапамогі ўстойлівага развіцця. Хаця сама дынаміка развіцця кааперацыі аграсядзіб, рамеснікаў, музейных работнікаў, іншых аб’ектаў, адказных за актыўны турызм у раёне, відавочная, і ў гэтым напрамку наш раён, можна сцвярджаць, з’яўляецца флагманам сярод іншых рэгіёнаў краіны.

Напрыканцы адбыўся ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання “Налібоцкая ініцыятыва”, створанага для рэалізацыі на тэрыторыі раёна праектаў устойлівага развіцця.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars